Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНГАДА́,

рака ў Чыцінскай вобл. Расіі, левая складаючая р. Шылка. Даўж. 708 км, пл. бас. 37,2 тыс. км². Пачынаецца на хр. Хэнтэй. У вярхоўях цячэ па вузкай цясніне, у сярэднім цячэнні — па міжгорнай катлавіне. Жыўленне пераважна дажджавое. Ледастаў з пачатку ліст. да канца красавіка. Сярэдні расход вады ў вусці 72,6 м³/с. Ніжэй г. Чыта малое суднаходства. Сплаўная. Па даліне І. праходзіць Транссібірская магістраль.

т. 7, с. 223

І́НГАЛД, Інгальд (Ingold) Крыстафер (28.10.1893, Лондан — 8.12.1970), англійскі хімік-арганік, заснавальнік фізічнай арган. хіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1924). Скончыў Імперскі каледж Лонданскага ун-та (1913), там і працаваў (з 1930 праф.). Навук. працы па даследаванні электроннай структуры араматычных злучэнняў. Распрацаваў тэорыю мезамерыі (1926—34), агульнапрынятую сістэму R- і S-абазначэнняў для прасторавых канфігурацый (разам з У.Прэлагам). Увёў уяўленне аб электра- і нуклеафільных рэакцыях.

Тв.:

Рус. пер. — Теоретические основы органической химии. 2 изд. М., 1973.

т. 7, с. 223

ІНГАЛЯТО́РЫЙ,

памяшканне, абсталяванае прыборамі для інгаляцый. І. ў паліклініках, на мед. пунктах шахтаў, тэкст. і хім. фабрык, цэм. і азб. з-даў дзейнічаюць для прафілактыкі прафес. захворванняў. Маюць абсталяваныя кабіны для хворых, інгаляцыйныя ўстаноўкі, блокі паветр. кампрэсара, фільтры для ачысткі паветра і інш. апаратуру.

т. 7, с. 223

ІНГАЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inhalare удыхаць),

увядзенне лякарстваў у арганізм удыханнем. Для І. ўжываюць лек. рэчывы ў выглядзе аэразоляў, у якія ўваходзяць мікракрышталі, вадкія, газападобныя часцінкі і паветр. маса. І. бываюць буйнадысперсныя (памер часцінак 10—15 мк) і дробнадысперсныя (памер часцінак 3—10 мк). І. ў выглядзе сухіх, вадкіх, масляных аэразоляў лечаць хваробы дыхальных шляхоў, лёгкіх і скуры; газападобныя рэчывы ў выглядзе аэразоляў выкарыстоўваюць пры вострым ці падвострым стане здароўя чалавека. І. можна генерыраваць аэразолі, зараджаныя дадатным ці адмоўным зарадам (электрааэразолі для лячэння вегетатыўнай дысфункцыі, гіпертаніі і інш.). Для забеспячэння І. масавых кантынгентаў ствараюцца інгаляторыі. Удыханне лек. рэчываў наз. штучнай І., дыханне марскім, лясным ці горным паветрам — прыроднай.

М.​А.​Скеп’ян.

т. 7, с. 223

ІНГІБІ́ТАРЫ (ад лац. inhibeo спыняю, затрымліваю) у біялогіі, рэчывы рознай хім. прыроды, якія прыгнятаюць актыўнасць ферментаў у жывым арганізме і ў бясклетачных сістэмах. Адрозніваюцца характарам дзеяння, спецыфічнасцю і інш. Інгібіраванне адбываецца на генетычным (прыгнечваецца біясінтэз аднаго з ферментаў) і кінетычным (паніжаецца актыўнасць ферменту) узроўнях. Узаемадзейнічаюць з актыўным цэнтрам ці з інш. часткамі малекулы і перашкаджаюць утварэнню прамежкавага ферментна-субстратнага комплексу (напр., фторысты натрый запавольвае працэсы вугляводнага абмену). Бываюць натуральныя і сінтэтычныя. Натуральныя І. ў чалавека і жывёл — прадукты абмену рэчываў. У раслін І. росту (фенольнай і тэрпеноіднай прыроды) назапашваюцца восенню ў тканках насення і пупышак пры пераходзе ад працэсаў росту да спакою, вясной іх колькасць зніжаецца. Дзеянне І. процілеглае натуральным (аўксіны, гіберэліны) і сінт. стымулятарам росту. Сінт. І. (морфактыны, рэтарданты, дэфаліянты, гербіцыды і інш.) спыняюць рост сцёблаў, выклікаюць ападанне лісця, падсушваюць расліны на карані, прадухіляюць паляганне злакаў. Выкарыстанне І. у якасці ядахімікатаў для барацьбы са шкоднымі насякомымі і пустазеллем звязана з іх уласцівасцю прыгнятаць жыццёва важныя для гэтых арганізмаў працэсы. Выкарыстоўваюцца для вывучэння механізму каталітычнага дзеяння ферментаў, устанаўлення прыроды функцыян. груп бялкоў, для лячэння парушэнняў абмену рэчываў (некат. лекі і фармакалагічныя сродкі прыгнятаюць ферментатыўныя рэакцыі паталаг. працэсаў).

т. 7, с. 223

ІНГІБІ́ТАРЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

рэчывы, якія зніжаюць скорасць працякання хім. рэакцый. Выкарыстоўваюць для прадухілення ці запавольвання непажаданых працэсаў: старэння палімераў (гл. Стабілізатары), акіслення паліва і змазачнага масла, харч. тлушчаў, лек. прэпаратаў (гл. Антыаксіданты), карозіі металаў.

Інгібітары карозіі, хім. злучэнні ці іх кампазіцыі, прысутнасць якіх у каразійна-агрэсіўным асяроддзі запавольвае карозію металаў. Ахоўнае дзеянне абумоўлена іх здольнасцю мяняць кінетыку электрахім. рэакцый, што адбываюцца пры карозіі. У адпаведнасці з гэтым падзяляюць на анодныя, катодныя і змешаныя. Выкарыстоўваюць для аховы ад карозіі абсталявання і трубаправодаў газа-, нафтаздабыўной, перапрацоўчай прам-сці, сістэм ахаладжэння і прамысл. водазабеспячэння і інш.

т. 7, с. 223

І́НГРЫД КРЫ́СТЭНСЕН БЕ́РАГ (Ingrid Christensen Coast),

частка ўзбярэжжа Зямлі Прынцэсы Елізаветы (Усх. Антарктыда) паміж 72 і 81° усх. д. Паверхня ўкрыта лёдам; у сярэдняй частцы антарктычны аазіс Вестфаль з аўстрал. навук. станцыяй Дэйвіс (дзейнічала ў 1957—64). Адкрыты брыт.-аўстрала-новазеландскай экспедыцыяй у 1930—31. Названы капітанам судна «Торсхаўн» нарвежскай антарктычнай экспедыцыі К.​Мікельсанам у гонар жонкі ўладальніка судна (1935).

т. 7, с. 223

ІНГРЭДЫЕ́НТ [ад лац. ingrediens (ingredientis) які ўваходзіць],

састаўная частка, кампанент якога-н. складанага злучэння або сумесі.

т. 7, с. 223

ІНГРЭДЫЕ́НТЫ ў біялогіі,

віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.

т. 7, с. 223

ІНГРЭСІ́ЙНЫЯ БЕРАГІ́,

марскія і азёрныя берагі са зрэзанай берагавой лініяй, якія ўтварыліся ў выніку інгрэсіі. Паводле паходжання паніжэнняў рэльефу прыбярэжнай сушы бываюць ледавіковага (фіёрдавага, шхернага), эразійнага (рыясавага, ліманнага), эолавага (аральскага), структурна-дэнудацыйнага (далмацінскага) тыпаў расчлянення. Гл. таксама Бераг, Фіёрд, Шхеры, Ліман, Ваты.

т. 7, с. 223