Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНІЦЫІ́РУЮЧЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

першасныя выбуховыя рэчывы, якія лёгка ўзрываюцца пры нязначных цеплавых і мех. (удар, трэнне) уздзеяннях з вылучэннем энергіі, дастатковай для загарання ці дэтанацыі брызантных выбуховых рэчываў.

Адрозніваюць індывідуальныя І.в.р. (у тэхніцы выкарыстоўваюць пераважна тэтразен, грымучую ртуць, азід свінцу) і сумесевыя, якія акрамя І.в.р. маюць інш. кампаненты. Выкарыстоўваюць у ваен. тэхніцы і ўзрыўной справе ў выглядзе малых (долі грама) зарадаў, якія змяшчаюць у спец. канструкцыі — т.зв. капсулі-дэтанатары (для ўзбуджэння дэтанацыі) і капсулі-запальнікі (для запальвання порахаў і піратэхн. саставаў). Вытв-сць і абыходжанне з І.в.р. патрабуюць асаблівых мер засцярогі з-за магчымасці выбуху.

т. 7, с. 259

ІНІЦЫЯ́Л (ад лац. initialis пачатковы),

1) павялічаная загалоўная (пачатковая) літара якога-н. раздзела ў тэксце рукапіснай ці друкаванай кнігі. У рукапісах І. (т.зв. буквіцы) багата размалёўвалі складаным арнаментам, упрыгожвалі выявамі чалавечых фігур і жывёл, жанравымі сцэнкамі. З узнікненнем кнігадрукавання І. рабілі пераважна ў тэхніках гравюры. На Беларусі першыя І. ўжыты ў рукапісных кнігах 11 ст. У бел. друкаванай кнізе ўпершыню І. ў тэхніцы ксілаграфіі выкарыстаны ў выданнях Ф.​Скарыны ў пач. 16 ст. 2) Вялікая пачатковая літара імя, імя па бацьку, прозвішча.

т. 7, с. 259

ІНІЦЫЯТЫ́ВА (франц. initiative ад лац. initium пачатак),

пачын, першы крок у якой-н. справе, абумоўлены ўнутраным падахвочваннем да новых форм дзейнасці; вядучая роля ў якіх-н. дзеяннях; здольнасць да самаст. актыўных дзеянняў, прадпрымальнасць.

т. 7, с. 259

ІНІЦЫЯ́ЦЫІ (ад лац. initiatio выкананне таінства, пасвячэнне),

пасвячальныя абрады ў родавым грамадстве, звязаныя з пераводам моладзі ва ўзроставы клас дарослых мужчын і жанчын. Вядомы з глыбокай старажытнасці, мелі на мэце падрыхтоўку юнакоў і дзяўчат да вытв., грамадскага і сямейнага жыцця. Звычайна суправаджаліся трэніроўкамі, рознымі выпрабаваннямі, часам нанясеннем цялесных пашкоджанняў. Некат. з абрадаў І., якія страцілі першапачатковае значэнне, учыняліся над асобамі больш маладога ўзросту, напр., абразанне ў дзяцей у рэліг. рытуале іудаізму і ісламу. Да І. належаць хрышчэнне ў хрысціян, ускладанне свяшчэннага шнура ў індуістаў. і інш.

т. 7, с. 259