Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНЖЫНЕ́РНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ будынкаў і населеных месцаў,

тэхнічныя ўстройствы, з дапамогай якіх ствараюцца спрыяльныя ўмовы быту і працоўнай дзейнасці чалавека.

Да І.а. будынкаў адносяцца тэхн. сродкі сістэм ацяплення, вентыляцыі, водазабеспячэння, газазабеспячэння, каналізацыі, кандыцыяніравання, штучнага асвятлення, унутранага транспарту (пасажырскія і грузавыя ліфты), смеццевыдалення, пажаратушэння, радыёвяшчання, тэлебачання, тэлеф. сувязі і інш. Да І.а. населеных месцаў адносяцца збудаванні, устаноўкі, агрэгаты і камунікацыі, якія забяспечваюць вытворчасць і размеркаванне эл. энергіі (эл. станцыі, ЦЭЦ, трансфарматарныя падстанцыі, паветраныя і кабельныя ЛЭП), вадзяной пары і гарачай вады (кацельныя, цеплавыя сеткі), пітной вады (станцыі па апрацоўцы і падачы вады, ачышчальныя водаправодныя і каналізацыйныя станцыі), газу (газагенератары, газаразмеркавальныя і газанапаўняльныя станцыі, газарэгулятарныя пункты, газавая сетка), а таксама смеццеперапрацоўчыя, халадзільныя, радыё- і тэлеф. станцыі, інж. збудаванні гар транспарту (скарасныя дарогі, пуцеправоды, падземныя пераходы, трансп. перасячэнні) і інш. Усе шматлікія і разнастайныя гар. камунікацыі пракладваюцца ў асобных тунэлях або сумешчаных калектарах, прыдатных да комплекснай эксплуатацыі. Развіццё і ўдасканаленне І.а. — найважнейшы фактар павышэння ўзроўню добраўпарадкавання населеных месцаў.

Літ.:

Федоров Н.Ф., Гусев В.М. Санитарно-техническое оборудование зданий и сооружений. Л., 1969;

Федоров Н.Ф., Веселов С.Ф. Городские подземные сети и коллекторы. М., 1972.

А.​Я.​Вакар.

Інжынернае абсталяванне (камунікацыі) у падземным калектары: 1 — трубаправоды цеплавой сеткі; 2—4 — кабелі сувязі, унутранага абслугоўвання і сілавыя; 5 — каналізацыя; 6 — водаправод; 7 — жалезабетонныя блокі; 8 — дрэнажная труба.

т. 7, с. 258

ІНЖЫНЕ́РНАЯ ГЕАЛО́ГІЯ,

галіна геалогіі, якая вывучае верхнія гарызонты зямной кары і яе дынаміку ў сувязі з інж. дзейнасцю чалавека. Асн. аб’ектамі вывучэння з’яўляюцца фіз.-мех. ўласцівасці горных парод і змены іх у часе; геал. працэсы, іх прагнозная ацэнка і накіраванасць. Выкарыстоўвае метады геафіз. (электраразведка, мікрасейсміка, розныя віды каратажу), петралагічныя, хім., фіз., аптычныя і інш. Складаецца з раздзелаў: грунтазнаўства, механіка грунтоў, інж. геадынаміка, рэгіянальная і спецыяльная І.г. (буд., дарожная, ваен., марская і інш.). Цесна звязана з гідрагеалогіяй, петраграфіяй, геакрыялогіяй, дынамічнай геалогіяй і інш. Пачала развівацца ў 19 ст. Вялікі ўклад у І.г. зрабілі вучоныя рас. Ф.​П.​Саварэнскі, І.​В.​Папоў, М.​М.​Маслаў, В.​А.​Прыклонскі, Я.​М.​Сяргееў, В.​Д.​Ламтадзе, В.​Ц.​Трафімаў і інш., амер. К.​Тэрцагі, Р.​Пек, Дж.​Тэйлар, англ. А.​Скемптан, чэш. К.​Заруба і М.​Матула, югасл. Б.​Куюнджыч і М.​Яніч і інш. На Беларусі пытаннямі І.г. займаліся К.І.Лукашоў, Ю.А.Сабалеўскі, Г.А.Калпашнікаў, У.​Р.​Лабадзенка, В.​Ф.​Вішнеўскі, І.​А.​Бусел. Даследаванні І.г. праводзяцца ў Бел.дзярж. ін-це інж. вышуканняў «Геасэрвіс», Бел. н.-д. геолага-разведачным ін-це, Бел. дзярж. політэхн. акадэміі.

П.​М.​Касцюковіч.

т. 7, с. 258

ІНЖЫНЕ́РНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,

галіна псіхалогіі, якая даследуе псіхал. асаблівасці працы чалавека пры ўзаемадзеянні яго з тэхн. сродкамі ў працэсе вытв. і кіраўніцкай дзейнасці. Як самаст. кірунак пачала фарміравацца ў 1940-я г. ў межах псіхалогіі працы. Яе актывізацыя ў 1950-я г. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй. Сучасная І.п. даследуе складаныя працэсы ўзаемнай адаптацыі чалавека і сістэмы, якой ён кіруе. Яе дасягненні выкарыстоўваюцца для аптымізацыі дзейнасці людзей у сістэмах «чалавек — машына», у эрганоміцы.

т. 7, с. 258

ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ВО́ЙСКІ,

спецыяльныя войскі, прызначаныя для інж. забеспячэння мотастралк., танк. і інш. войск пры вядзенні імі баявых дзеянняў. Ёсць у арміях большасці дзяржаў. Упершыню створаны ў Францыі ў 17 ст., у Расіі — у пач. 18 ст. У СССР створаны ў ходзе арганізацыі Чырв. Арміі. У Вял. Айч. вайну рабілі загароды на шляхах наступлення праціўніка, наладжвалі абарончыя рубяжы. Пры наступленні вялі інж. разведку, рабілі праходы ў загародах праціўніка, забяспечвалі фарсіраванне водных рубяжоў, замацаванне захопленых рубяжоў і інш. І.в. сучасных армій складаюцца са злучэнняў, часцей і падраздзяленняў рознага прызначэння: інж.-сапёрных, штурмавых, загараджальных і разгараджальных, інж.-дарожных, мостабуд., пантонна-маставых, пераправачна-дэсантных (амфібійных), пазіцыйных, маскіровачных, палявога водазабеспячэння, інж.-буд. і інш. У арміях некат. дзяржаў ёсць інж. часці для выкарыстання ядз. мін (фугасаў). Арганізацыйна І.в. ўваходзяць у склад аб’яднанняў, злучэнняў і часцей відаў узбр. сіл і рэзерву Гал. (Вярх.) камандавання.

т. 7, с. 258

ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ ваенныя,

фартыфікацыйныя збудаванні, ваен. дарогі, масты, аэрадромы, макеты несапраўдных (падманных) аб’ектаў і інш., якія ўзводзяцца пры інж. абсталяванні мясцовасці ў розных відах бою (аперацыі). Бываюць жалезабетонныя (маналітныя і зборныя), дрэва-земляныя, бранявыя і інш. Гл. таксама Загароды ваенныя.

т. 7, с. 258

ІНЖЫНІ́РЫНГ (англ. engineering інжынернае майстэрства),

сфера дзейнасці па аказанні інж.-кансультацыйных паслуг па падрыхтоўцы і забеспячэнні працэсу вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, эксплуатацыі прамысл., інфраструктурных аб’ектаў і інш. Асн віды І.: паслугі перадпраектнага, праектнага, пасляпраектнага характару і рэкамендацыйныя паслугі па эксплуатацыі, кіраванню, рэалізацыі прадукцыі. Ажыццяўляецца на камерцыйнай аснове спец. незалежнымі інжынірынгавымі кампаніямі.

т. 7, с. 258

ІНЖЫ́Р, вінная ягада, смакоўніца,

фігавае дрэва (Ficus carica),

кветкавая расліна сям. тутавых. Больш за 600 сартоў. Пашыраны ў дзікім стане ў Міжземнамор’і, Малой Азіі, Іране, Індыі. Вырошчваецца ў Паўн. Амерыцы, Сярэдняй Азіі, Крыме, на Каўказе.

Субтрапічнае пладовае дрэва выш. да 10 м з моцным карэнішчам. Жыве да 200 гадоў. Маладыя парасткі зялёныя, гладкія ці апушаныя. Лісце ападаючае, пальчата-лопасцевае, знізу апушанае. Двухдомнае, кветкі ўнутры грушападобных мясістых суквеццяў дзвюх форм (капрыфігах на мужчынскіх дрэвах, фігах — на жаночых). Плод — дробная сямянка ўнутры суплоддзя, запоўненага салодкай мякаццю. Спажываецца ў свежым выглядзе і пасля перапрацоўкі (сушка, варэнне, джэм, кампот). У сушаных пладах (вінных ягадах) да 77% цукру, шмат вітамінаў A, B1 B2, C, кальцыю, фосфару, жалеза.

Інжыр.

т. 7, с. 258

ІНЖЭ́КТАР (франц. injecteur ад лац. injicio укідваю),

1) струменная помпа для напампоўвання вадкасці або газу ў рэзервуары і пасудзіны, дзе створаны павышаны ціск.

Найб. пашыраны І. для падачы сілкавальнай вады ў паравыя катлы (невял. кацельных установак і інш.), парагенератары. У такіх І. струмень пары, які набывае ў паравым конусе вял скорасць, засмоктвае ваду і нагнятае яе ў рэзервуар. Помпы, якія адсмоктваюць газ, пару або вадкасць, наз. эжэктарамі.

2) Дапаможны (звычайна лінейны) паскаральнік зараджаных часціц для ўводу іх у больш магутны (асноўны) паскаральнік. Энергія, якая надаецца часціцам y І., павінна перавышаць мінімальную, неабходную для пачатку работы.асн. паскаральніка.

Інжэктар: 1 — вадзяны конус, куды паступае сілкавальная вада; 2 — параправод; 3 — паравы конус; 4 — нагнятальны конус; 5 — зваротны клапан.

т. 7, с. 259