ІНЬ,
ці Шан, першая кітайская дзяржава, якая існавала ў 16—11 ст. да н.э. Апошняя сталіца знаходзілася паблізу сучаснага г. Аньян. Значную ролю ў гаспадарцы І. адыгрывалі земляробства, жывёлагадоўля, паляванне і рыбалоўства. Зямлю апрацоўвалі пераважна каменнымі і драўлянымі прыладамі. У час І. з’явілася іерагліфічная пісьменнасць. Развіваліся рамёствы, у т. л. выраб бронзавага посуду, зброі, керамікі і інш. Археалагічныя знаходкі і эпіграфічныя помнікі сведчаць аб значным маёмасным расслаенні іньскага грамадства, якое складалася са знаці (члены царскай сям’і, жрацы, чыноўнікі), сялян-абшчыннікаў і рабоў (у асноўным ваеннапалонныя). У 14 ст. на чале дзяржавы стаяў цар (ван), які меў неабмежаваную ўладу. Дзяржава І. вяла працяглую барацьбу з суседнімі плямёнамі. У 11 ст. да н.э. заваявана роднасным племем чжу і перастала існаваць.
т. 7, с. 296
ІНЬША́НЬ,
горы ў Кітаі, на Пн вял. лукавіны р. Хуанхэ. Даўж. 650 км. Выш. за 2187 м. Шэраг кулісападобных глыбавых хрыбтоў са спадзістымі паўн. і стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гранітаў і гнейсаў. Радовішчы каменнага вугалю, жалеза. На верхніх частках паўд. схілаў горныя стэпы, па цяснінах хвойнікі і бярозавыя гаі, па далінах рэк зараснікі лаўралістай таполі. На паўн. схілах участкі мяшаных лясоў, паўпустыні.
т. 7, с. 296
ІНЬ І ЯН,
у старажытнакітайскай міфалогіі і натурфіласофіі цёмны, жаночы пачатак (інь) і супрацьлеглы яму светлы, мужчынскі пачатак (ян). З эпохі Чжоў (1027—256 да н.э.) кітайцы разглядалі неба як увасабленне ян, а зямлю — інь. Увесь працэс светабудовы яны ўяўлялі як вынік узаемадзеяння І. і Я., не проціборства іх, а імкнення адно да аднаго. Сістэму І. і Я. шырока выкарыстоўваў даасізм.
т. 7, с. 296