І́НАВА,
возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Вята, за 13 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 1,27 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 900 м, найб. глыб. 9 м, даўж. берагавой лініі каля 7 км. Схілы катлавіны выш. 3—5 м, разараныя, на Пн да 30 м, пад хмызняком. Берагі месцамі зліваюцца са схіламі, на З нізкія, забалочаныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбакаводная зона глеістая. На У выцякае ручай у воз. Укля.
т. 7, с. 218
ІНАВАЦЫ́ЙНЫ БАНК,
спецыялізаваны банк, які займаецца аперацыямі па крэдытаванні найноўшых распрацовак, тэхн. і тэхнал. працэсаў (інавацый). З’яўляецца разліковай установай, якая на дагаворных пачатках крэдытуе прадпрыемствы (фірмы, арг-цыі), часовыя творчыя калектывы і асобных аўтараў (вынаходнікаў, рацыяналізатараў). Вызначаецца адносна высокай рызыкай зваротнасці крэдытаў, істотнымі адрозненнямі ў тэрмінах і аб’ёмах пазык, неабходнасцю дадатковых гарантый забеспячэння захаванасці сродкаў укладчыкаў.
т. 7, с. 218
ІНАВА́ЦЫЯ (ад англ. innovation новаўвядзенне),
новаўвядзенні ў галіне тэхнікі, тэхналогіі, арганізацыі працы і кіравання, заснаваныя на выкарыстанні дасягненняў навукі і перадавога вопыту, а таксама выкарыстанне гэтых новаўвядзенняў у розных галінах і сферах дзейнасці. Характарызуецца новымі формамі інтэграцыі навукі, тэхнікі і вытв-сці. Для фінансавання І. ствараюцца інавацыйныя банкі, фонды і інш.
т. 7, с. 218
ІНАВРО́ЦЛАЎ (Inowrocław),
горад у цэнтр. ч. Польшчы, у Быдгашчцкім ваяв., каля р. Нотаць. Гар. правы з 1240. 79 тыс. ж. (1992). Вузел чыгунак. Цэнтр раёна здабычы каменнай солі і гіпсу. Прам-сць: содавая, шкляная, лёгкая, электратэхн., маш.-буд. (с.-г. машыны, аўтамаб. дэталі), харчовая. Тэатр. Музей. Бальнеагразевы і кліматычны курорт.
т. 7, с. 218
ІНАДАПТА́ЦЫЯ (ад лац. in не + адаптацыя),
інадаптыўная спецыялізацыя, кірунак эвалюцыі, пры якім прыстасаванне да пэўных умоў жыцця вядзе да ўзнікнення ўнутр. супярэчнасцей у арганізме, якія перашкаджаюць далейшаму ўдасканаленню гэтага прыстасавання, а іншы раз і агульнай эвалюцыі таксона, што прыводзіць да яго вымірання. Прасочваецца ў гіст. развіцці розных груп жывёл і раслін. Апісаў рус. палеантолаг У.А.Кавалеўскі (1873) на прыкладзе філагенетычных пераўтварэнняў канечнасцей парнакапытных млекакормячых. У эвалюцыі некат. капытных у сувязі з недасканалымі зменамі ў шкілеце і суставах канечнасцей пры змене спосабу іх руху ад пальцахаджэння да фалангахаджэння ўтваралася механічна нетрывалая канечнасць, што, магчыма, стала адной з прычын вымірання гэтых форм капытных жывёл. Інадаптыўныя формы з’явіліся раней за адаптыўныя, але потым імі выцясняліся. Напр., плацэнтарныя млекакормячыя выцеснілі сумчатых, якія захаваліся толькі ў Аўстраліі і Амерыцы.
т. 7, с. 218
ІНАЗІНФО́СФАРНЫЯ КІСЛО́ТЫ, іназінавыя кіслоты, іназінфасфаты,
кіслоты, у якіх ёсць рэшткі гіпаксанціну, рыбозы і 1,2 ці 3 рэшткі фосфарнай к-ты — іназіл-5-мона-, іназін-5′-ды- і іназін-5′-трыфосфарныя к-ты (ІМФ, ІДФ і ІТФ); нуклеатыды. Утвараюцца дэзамінаваннем адэназінфосфарных к-т. ІМФ — прамежкавы прадукт біясінтэзу пурынаў, папярэднік гуанілавай і адэнілавай к-т. ІДФ і ІТФ — макраэргічныя злучэнні, якія ў рэакцыях абмену рэчываў маюць значэнне высокаэнергетычнага субстрату. Утварэнне І.к. — неабходны этап біясінтэзу пурынавых нуклеатыдаў ў жывёльным арганізме; састаўная ч. мышачных і інш. тканак.
т. 7, с. 218
ІНАЗІ́Т, цыкліт,
цыклічны шасціатамны спірт. Цвёрдае, салодкае на смак рэчыва. Малекулярная маса 180,2, т-ра плаўлення 225—227 °C, раствараецца ў вадзе, не раствараецца ў арган. растваральніках. У жывёльных і раслінных арганізмах пашыраны ў выглядзе фіцінавай к-ты і яе кальцыева-магніевай солі — фіціну. Для некат. мікраарганізмаў І. — неабходны фактар росту. Пры недахопе бялку ў арганізме папярэджвае атлусценне печані. Мае ўласцівасці вітаміну. Ужываецца з ежай; сутачная патрэбнасць чалавека 1—1,5 г.
т. 7, с. 218
ІНАКЕ́НЦІЙ III (Innocentius III; свецкае Латарыо ды Сеньі; Lotario di Segni; 1160 ці 1161, Ананьі, Італія — 16.7.1216),
рымскі папа ў 1198—1216. Прадаўжальнік палітыкі Грыгорыя VIII. Ініцыятар 4-га і 5-га крыжовых паходаў, паходу супраць альбігойцаў. У 1202 санкцыяніраваў заснаванне ордэна мечаносцаў, які потым пагражаў Полацкаму княству, зацвердзіў ордэн францысканцаў (1210). У 1215 склікаў 4-ы Латэранскі сабор (найбуйнейшы царк. сход у сярэдневякоўі). Пры І. III каталіцкая царква дасягнула вяршэнства над свецкай уладай.
т. 7, с. 218
ІНАКУЛЯ́ЦЫЯ (ад лац. inoculatio прышчэпка),
увядзенне жывых мікраарганізмаў, інфіцыраванага матэрыялу, сывараткі і інш. рэчываў у тканкі раслін, жывёл або чалавека (а таксама ў пажыўнае асяроддзе). У лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць сінонім — пасеў, у сельскай гаспадарцы, біялогіі і медыцыне — заражэнне (напр., клубеньчыкавымі бактэрыямі насення бабовых раслін).
т. 7, с. 218
ІНА́НА, Інін,
Нінана («уладарка нябёс»),
у шумерскай міфалогіі гал. жаночае бажаство, багіня ўрадлівасці, цялеснага кахання і разладу. Пад імем Нінсіяны шанавалася таксама як астральнае бажаство — «зорка ранішняга ўсходу» (планета Венера). У акадскай міфалогіі вядома як Іштар.
т. 7, с. 218