Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ІНШАЗЕ́МНЫЯ СЛАБО́ДЫ,

месцы пасялення іншаземцаў у рус. гарадах, пераважна ў Маскве, у 16—17 ст. Першая І.с. ўзнікла ў Маскве ў 1-й трэці 16 ст. ў Замаскварэччы. У 2-й пал. 16 ст. на р. Яўза ўзнікла І.с. з палонных, захопленых у час Лівонскай вайны 1558—83, якая пазней стала месцам пасялення іншаземцаў розных нацыянальнасцей і прафесій (Нямецкая слабада). У 17 ст. ў Маскве існавала яшчэ 6 І.с., у т. л. Мяшчанская слабада, населеная выхадцамі з Беларусі (пераважна палоннымі рамеснікамі). Яе жыхары зрабілі значны ўклад у развіццё рус. культуры. І.с. была таксама ў Архангельску. Жыхары І.с. падпарадкоўваліся агульнарас. законам, але карысталіся некат. самакіраваннем і свабодай веравызнання. Пры Пятру I І.с. падпарадкаваны Бурмістарскай палаце і страцілі сваю адасобленасць.

т. 7, с. 296

ІНШАМО́ЎНЫХ СЛОЎ СЛО́ЎНІК,

лінгвістычны даведнік, што тлумачыць або характарызуе словы, запазычаныя з інш. моў. У слоўніку пасля загаловачнага, рэестравага слова падаецца інфармацыя аб паходжанні гэтага слова: указваецца крыніца — мова, з якой яно запазычана, зыходная іншамоўная форма (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам і гістарычным слоўнікам), тлумачацца сучасныя значэнні запазычанага слова, прыводзяцца прыклады яго выкарыстання ў спец. падабраных словазлучэннях ці сказах з пісьмовых крыніц, даюцца аднакарэнныя з рэестравымі словы (гэта робіць яго разнавіднасцю тлумачальнага слоўніка). У І.с.с. пераважаюць запазычаныя тэрміны і інш. спец. назвы іншамоўнага паходжання, што набліжае яго да тэрміналагічнага слоўніка. Бытавыя назвы іншамоўнага паходжання (акрамя экзатызмаў, якія трывала замацаваліся ў мове і не ўспрымаюцца як чужыя) у такі слоўнік не ўключаюць. Азначэнні малавядомых вузкаспец. тэрмінаў даюцца ў выглядзе разгорнутай навук. дэфініцыі ў энцыклапедычным слоўніку.

Вылучаюць І.с.с. агульнага тыпу, які сумяшчае асобныя рысы пералічаных слоўнікаў (напр., «Слоўнік іншамоўных слоў» А.​М.​Булыкі, 1993), і аспектнага: гістарычны (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» Булыкі, 1972), адваротны І.с.с., слоўнік «памылковых сяброў перакладчыка», школьны, калек, міжнар. тэрмінаэлементаў і інш.

Літ.:

Караулов Ю.Н. Обратный словарь заимствований как способ изучения лингвоэкологии // Изв. АН СССР. Сер. лит. и языка. 1979. Т. 38, № 6;

Булыка А.М. З моў блізкіх і далёкіх. Мн., 1986.

В.​К.​Шчэрбін.

т. 7, с. 296

ІНШАМО́ЎНЫЯ СЛО́ВЫ,

гл. ў арт. Запазычанні ў мове.

т. 7, с. 296

ІНШУШЫНА́К,

у эламскай міфалогіі апякун сталіцы Элама г. Сузы, уладар царства нябожчыкаў, бог клятвы і муж багіні клятвы Ішнікараб. У Сузах лічыўся абаронцам правасуддзя. У 2—1-м тыс. да н.э. І. разам з Хумпанам шанаваўся як адзін з двух гал. багоў. Правіцелі Элама называлі сябе яго «любімымі слугамі».

т. 7, с. 296