ІНКУБА́ТАР (ад лац. incubo, тут — выседжваю птушанят),

апарат (устаноўка) для штучнага вывядзення маладняку с.г. птушак з яец. Размяшчаюць І. ў інкубаторыях (спец. будынках) птушкафабрык і інкубатарна-птушкагадоўчых станцый.

Абсталяваны прыладамі аўтам. падтрымлівання рэжыму інкубацыі: т-ры і адноснай вільготнасці паветра, паветраабмену, паварочвання яец у інкубацыйных латках. Бываюць шафавыя з вонкавым абслугоўваннем (найб. пашыраны) і кабінетныя з унутр. абслугоўваннем, а таксама секцыйныя. Шафавыя І. складаюцца з інкубацыйнага і вываднога агрэгатаў. Свежыя яйцы закладваюцца ў латкі інкубацыйнага агрэгата, дзе праходзяць стадыю інкубацыі (курыныя 21 сут, качыныя і індычыя 28, гусіныя 30, перапёлчыны 17). Пасля яйцы перакладваюцца ў вывадны агрэгат, дзе птушаняты вылупліваюцца. У Еўропе і ЗША І. з’явіліся ў 19 ст., у СССР прамысл. вытв-сць іх пачата ў 1928.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)