ІНКРУСТА́ЦЫЯ (лац. incrustatio ад incrusto пакрываю чым-н.),

від дэкарыравання вырабаў узорамі ці сюжэтнымі кампазіцыямі з кавалачкаў дрэва, косці, металу, перламутру, якія ўразаюцца ў паверхню вырабаў і адрозніваюцца ад яе колерам ці матэрыялам; творы, выкананыя ў гэтай тэхніцы. Пашырана І. дрэвам па дрэве (інтарсія), металам па метале (насечка), каменем па камені; часта выконваецца інш. матэрыялам, чым матэрыял прадмета, што ўпрыгожваецца. І. выкарыстоўвалі ў скульптуры і рэчах дэкар.-прыкладнога мастацтва Стараж. Усходу і антычнасці, у аздабленні зах.-еўрап. мэблі рэнесансу і барока. На Беларусі ў 12—13 ст. была пашырана І. залатымі і сярэбранымі пласцінамі па жалезе і медзі, косцю па дрэве (наканечнік кап’я 12 ст., інкруставаны серабром, знойдзены на Мінскім замчышчы). Часам насечка спалучалася з чарненнем. У 17—18 ст. І. аздаблялі зброю, мэблю, посуд, літургічнае начынне і інш. Бел. майстры-інкрустатары працавалі ў Маск. дзяржаве пры царскім двары і ў Аружэйнай палаце, дзе выраблялі мэблю, інкруставалі перламутрам ці насякалі золатам і серабром шаблі, мячы, пішчалі і інш. зброю. У 18—19 ст. І. заняпала. Сёння ў тэхніцы І. працуюць некат. мастакі дэкар.-прыкладнога мастацтва.

Я.​М.​Сахута.

Куфэрак. Інкрустацыя перламутрам. Карэя. 18—19 ст.

т. 7, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)