Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КАЛІННІ́КАЎ (Васіль Сяргеевіч) (13.1.1866, с. Воін Мцэнскага р-на Арлоўскай вобл., Расія — 11.1.1901),

рускі кампазітар.

Скончыў муз.-драм. вучылішча Філарманічнага т-ва ў Маскве па класах фагота і тэорыі музыкі (1892). Іграў у аркестры, дырыжыраваў, выкладаў спевы. З 1893 жыў пераважна ў Крыме. Працаваў у асн. у галіне сімф. музыкі, працягваў традыцыі рус. нац. сімфанізму. Сусв. вядомасць прынесла 1-я сімфонія (1895). Сярод інш. твораў: опера «У 1812 годзе» (1895, не скончана; паст. пралог, 1901); кантата «Іаан Дамаскін» (1890); 2 сімфоніі (1895, 1897), сімф. карціны «Німфы» (1889), «Кедр і пальма» (1898); 2 інтэрмецца (1896, 1897); п’есы для фп., хары а капэла; рамансы, музыка да трагедыі «Цар Барыс» А.К.Талстога (1898) і інш.

Літ. тв.: Письма, документы, материалы. Т. 1—2. М., 1959.

Літ.:

Пасхалов В. В.С.Калинников. М.; Л., 1951.

т. 7, с. 469

КАЛІ́ННІЦА,

бел. страва з мукі і ягад каліны. Жытнюю муку запарвалі варам, калі яна «ўсалодае», сыпалі ягады каліны. Сушаныя ягады спачатку запарвалі варам і варылі. Елі К. з хлебам.

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКАЯ (Валянціна Фёдараўна) (н. 21.7.1938, Кіеў),

украінская артыстка балета. Нар. арт. СССР (1968). Скончыла Кіеўскае харэаграфічнае вучылішча (1957). У 1957—81 салістка, з 1980 педагог-рэпетытар Кіеўскага т-ра оперы і балета. Яе творчасці характэрна дасканалае валоданне тэхнікай класічнага танца, глыбокі псіхалагізм у стварэнні вобразаў. Сярод партый: Донна Анна («Каменны валадар» В.Губарэнкі), танец агню («Чорнае золата» В.Гамалякі), Адэта—Адылія («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Эгіна («Спартак» А.Хачатурапа), Кітры («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Зарэма («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Мехменэ Бану («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Мірта («Жызэль» А.Адана).

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКАЯ (па мужу Баначыч) Таццяна Антонаўна

(9.1.1905, г. Саратаў, Расія — 24.1.1997),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Вучылася ў Саратаўскай кансерваторыі (1922—28, класы вакалу М.Мядзведзева і А.Баначыча). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, тонкім муз. густам, прывабнай сцэн. знешнасцю. Сярод партый: Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік»; студыйны спектакль «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Мікаэла («Кармэн» Ж.Бізэ), Русалка («Кветка шчасця» А.Туранкова).

Б.С.Смольскі.

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКІ (Валяр’ян Валяр’янавіч) (15.2.1896, г. Астрахань, Расія — 23.10.1941),

бел. спявак (барытон). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. студыю оперы і балета (1933). Дэбютаваў у партыі Дадона ў студыйным спектаклі «Залаты пеўнік» М.Рымскага-Корсакава (1931). У 1933—41 саліст Дзяж. т-ра оперы і балета Беларусі. Прыгожы голас, вак. майстэрства і сцэн. тэмперамент вылучылі яго ў лік вядучых майстроў першага пакалення бел. оперных артыстаў. Сярод партый: Змітрок («Міхась Падгорны» Я.Цікоцкага), Пан Длугошыц («У пушчах Палесся» А.Багатырова), Князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), Анегін, Томскі («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Эскамільё («Кармэн» Ж.Бізэ), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні).

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКІ (Віктар Отан Сямёнавіч) (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),

гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац. вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал. ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.

Літ.:

Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст літ. зб. Мн., 1990. [Вып. 1].

В.Ф.Шалькевіч.

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКІ (Канстанцін Браніслававіч) (13.10.1897, г. Смаленск — 12.7.1931),

ваенны дзеяч, удзельнік грамадз. вайны ў Беларусі. Скончыў Вышэйшую ваен. аўтабранявую школу РСЧА (1919), Ваен. акадэмію РСЧА у Маскве (1925). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У Чырв. Арміі з чэрв. 1918, удзельнік баёў на Паўн. фронце. Са снеж. 1919 на Зах. фронце, камандзір і ваенком браняпоезда. За баі каля ст. Зябкі чыг. Полацк—Маладзечна (ліп. 1920), у раёне г. Пінск і пры абароне пераправы цераз р. Ясельда (вер.) узнаг. 2 ордэнамі Чырв. Сцяга (1920, 1921). З 1925 ваен. саветнік рэв. войск у Кітаі, інспектар бранявых сіл РСЧА. Загінуў пры выкананні службовых абавязкаў.

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),

лідэр бел. нац. вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта рухуарганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў пад псеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.

Літ.:

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.

В.Ф.Шалькевіч.

К.Каліноўскі. 1863.
Да арт. К.Каліноўскі. Трыпціх: «Мужыцкая праўда. Яська-гаспадар з-пад Вільні. Касінеры». Мастак Ф.Янушкевіч. 1978.

т. 7, с. 470

КАЛІНО́ЎСКІ (Юзаф Андрэевіч) (1.9.1835, Вільня — 15.11.1907),

удзельнік паўстання 1863—64 у Польшчы, Літве і Беларусі. Скончыў Мікалаеўскую ваен.-інж. акадэмію ў Пецярбургу (1863). У 1860—63 служыў у Брэсцкай крэпасці, інжынер-капітан. З чэрв. 1863 на чале ваен. секцыі Выканаўчага аддзела Літвы, найбліжэйшы памочнік К.Каліноўскага, хоць не падзяляў яго радыкальных поглядаў. У 1864 арыштаваны, да 1873 на катарзе і пасяленні ў Іркуцкай губ. і Пермі. Удзельнічаў у даследаваннях Сібіры. Пасля вяртання з Сібіры (1873) быў выхавальнікам сына кн. У.Чартарыйскага — Аўгуста. З 1877 у Аўстра-Венгрыі, манах-кармеліт, прыёр кляштара ў в. Чэрна (каля Кракава), генеральны вікарый кармелітаў босых у Галіцыі. Аўтар гіст. і рэлігійна-філас. твораў, кн. «Успаміны, 1835—1877» (надр. 1965). 17.11.1991 кананізаваны.

Г.В.Кісялёў, В.Ф.Шалькевіч.

т. 7, с. 471

КАЛІНО́ЎСКІХ БІБЛІЯТЭ́КА,

збор кніг бел. рэвалюцыянераў-дэмакратаў братоў В.Каліноўскага і К.Каліноўскага.

Асн. тэматыка збору — гісторыя ВКЛ. Да 1864 знаходзілася на прыватнай кватэры Каліноўскіх у Пецярбургу. Налічвала некалькі соцень кніг на бел., рус., польск., лац., ням., франц. мовах па гісторыі, філасофіі, мовазнаўстве, юрыспрудэнцыі Беларусі, Польшчы і інш. краін, творы маст. л-ры. Была палемічная л-ра 16—17 ст., выданні сеймавых выступленняў дзярж. і царк. дзеячаў таго часу, каралеўскія і гетманскія універсалы і інш., у т. л. «Вянец бессмяротнасці. З нагоды смерці Кацярыны Радзівіл» Вітанскага (1643), «Смерць Caneri» С.Тупіка (1667), «Праўдзівая рэляцыя аб навагрудскай дыспутацыі», «Трыбунал Вялікага княства Літоўскага» (1793) і інш. Сярод маст. л-ры твор на старабел. мове «Жартоўныя трагедыі» (1642; захоўваецца ў Цэнтр. навук. б-цы АН Украіны ў Кіеве), творы ўраджэнцаў Беларусі С.Ягадынскага, Ф.Князьніна, польск. паэта Ц.Норвіда. У К.б. былі рукапісы (арыгіналы і копіі), бібліягр. працы па гісторыі ВКЛ і Рэчы Паспалітай, у т. л. «Бібліяграфічныя кнігі» І.Лялевеля (т. 1—2, 1823—26), «Гісторыя польскай літаратуры» Ф.Бянткоўскага (т. 1—2, 1814). Многія з іх былі выдадзены ў Вільні, Полацку, Магілёве, Віцебску, Гродне, Торуні, Варшаве. Лёс б-кі пасля смерці братоў Каліноўскіх (1862 і 1864) не вывучаны. У б-цы імя Асалінскіх (Вроцлаў) захоўваецца каталог (няпоўны), у якім зафіксавана 230 кніг. Частка кніг з аўтографамі В.Каліноўскага выяўлена ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу. Рукапісы ў пач. 1870-х г. прададзены ў Варшаве, далейшы іх лёс невядомы.

В.Ф.Шалькевіч.

т. 7, с. 471