КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),
лідэр бел.нац.вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта руху — арганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў пад псеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.
Тв.:
У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд.Мн., 1988;
К.Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.