КАЛІНО́ЎСКІ (Віктар Отан Сямёнавіч) (21.4.1833, в. Мастаўляны, Беластоцкага ваяв., Польшча — 6.11.1862),

гісторык, археограф, бібліяфіл, удзельнік нац. вызв. руху 1860-х г. Старэйшы брат К.Каліноўскага. Вучыўся ў Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях, з 1852 — на мед. ф-це Маскоўскага ун-та. У 1858—62 адзін з кіраўнікоў нелегальнай рэв. арг-цыі ў Пецярбургу. Падрыхтаваў да друку манаграфію «Уманская разня» пра паўстанне 1768 укр. сялян у г. Умань (цяпер Чаркаская вобл., праца не выйшла ў свет). Складальнік «Каталога калекцыі Жэготы Анацэвіча» (СПб., 1859), дзе апісаў першакрыніцы, у каментарыях выказаў свае погляды па пытаннях бел. і польскай гісторыі. Сабраў унікальную б-ку гал. ч. па гісторыі ВКЛ (больш за 5000 рукапісаў і кніг). Супрацоўнічаў са штодзённай польскамоўнай газетай «Słowo» («Слова»), якую выдаваў у 1859 у Пецярбургу І.Агрызка. Восенню 1862 захварэў на туберкулёз, выехаў да бацькі ў фальварак Якушоўка Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., дзе і памёр.

Літ.:

Нікалаеў М. Браты Каліноўскія і Публічная бібліятэка // Шляхам гадоў. Гіст літ. зб. Мн., 1990. [Вып. 1].

В.Ф.Шалькевіч.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)