Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,

спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.

т. 2, с. 122

АЎТАХТО́НЫ,

абарыгены, арганізмы, якія ў працэсе эвалюцыі ўзніклі ў пэўнай мясцовасці і жывуць у ёй і цяпер. Звычайна складаюць стараж. ядро якой-н. флоры ці фауны, напрыклад качканос і эўкаліпт — аўтахтоны Аўстраліі, мурашкаеды, ляніўцы, дзікая бульба — аўтахтоны Паўд. Амерыкі. Выкапнёвыя аўтахтоны ўваходзяць у склад арыктацэнозаў. На Беларусі да аўтахтонаў належаць б.ч. выкапнёвых раслін і беспазваночных з адкладаў фанеразою; у сучаснай фауне і флоры не адзначаны.

т. 2, с. 122

АЎТАШТУ́РМАН,

аўтаномная аэранавігацыйная прылада, якая аўтаматычна рэгіструе каардынаты і шлях лятальнага апарата (ЛА) на карце ці на экране. Падзяляюцца на вымяральнікі каардынат і праграмныя аўтаматы, што накіроўваюць палёт ЛА па зададзенай трасе ці да зададзенага пункта. Складаюцца з датчыкаў курсу і паветр. скорасці, каардынатных механізмаў і размнажальных прыстасаванняў. Адрозніваюць аўташтурманы простай інстр. навігацыі (каардынаты ЛА вызначаюцца без уліку дзеяння ветру), аўташтурманы з частковай аўтаматызацыяй (вымераныя паказчыкі скорасці і напрамку ветру ўводзяць уручную) і аўтаматызаваныя (на базе ЭВМ). Пры падключэнні аўтапілота ЛА можна накіроўваць без удзелу лётчыка. Выкарыстоўваецца ў комплексе з інш. аэранавігацыйнымі прыладамі (астранамічнымі, радыётэхнічнымі і інш.).

т. 2, с. 122

АЎТАЭЛЕКТРО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,

выхад электронаў з металу (або паўправадніка) пад уздзеяннем моцнага эл. поля. Адбываецца з паверхні цела, якая адыгрывае ролю катода. Тлумачыцца на аснове тунэльнага эфекту і зоннай тэорыі цвёрдага цела. Пры павелічэнні вонкавага эл. поля змяншаецца патэнцыяльны бар’ер, большае імавернасць тунэльнага выхаду электронаў з цела, г. зн. павялічваецца колькасць выпрамененых электронаў. Шчыльнасць току аўтаэлектроннай эмісіі j=с1E​2exp(-c2/E), дзе E — напружанасць эл. поля, c1 і c2 — канстанты,якія залежаць ад матэрыялу катода. На аўтаэлектроннай эмісіі заснавана дзеянне розных прылад і прыстасаванняў (халодных катодаў, тунэльных дыёдаў і інш.).

т. 2, с. 122

АЎТБРЫ́ДЗІНГ

(англ. outbreeding),

скрыжаванне асобін аднаго віду, якія не знаходзяцца ў непасрэднай роднасці (няма агульных продкаў у 4—6 пакаленнях); метад селекцыі, з дапамогай якога камбінуюць розныя каштоўныя якасці, каб стварыць новую пароду або сорт. Выкарыстоўваюць у жывёлагадоўлі і раслінаводстве для прадухілення шкодных вынікаў блізкароднаснага скрыжавання (інбрыдзінгу). Аўтбрыдзінг вядзе да павышэння жыццяздольнасці і прадукцыйнасці патомкаў.

т. 2, с. 122

АЎТО́БУС

(ням. Autobus),

аўтамабіль агульнага карыстання, разлічаны на 9 і больш пасажыраў. Паводле прызначэння бываюць гарадскія, прыгарадныя, міжгароднія, міжнародных зносін і інш.; паводле змяшчальнасці і габарытаў — асабліва малыя (даўж. да 5 м), малыя (да 7,5 м), сярэднія (да 9,5 м), вялікія (да 12 м) і асабліва вялікія, спалучаныя (16,5 м і больш). Канструкцыя бывае рамная і апорная, кузаў — капотнага або вагоннага тыпу. Рухавік устанаўліваюць спераду, ззаду або пад падлогай пасажырскага салона (пры гарызантальным размеркаванні цыліндраў). На Беларусі вытв-сць аўтобусаў распачата ў 1994—95 на Мінскім аўтазаводзе (МАЗ-101), Лідскім з-дзе «Нёман» (ЛіАЗ-5256) і Мінскім канцэрне «Амкадор» («Амкадор-Ікарус»).

В.А.Сяргеенка.

т. 2, с. 123

АЎТО́ГРАФ

(ад аўта... + ...граф),

1) уласнаручны надпіс, подпіс.

2) Аўтарскі рукапісны тэкст маст. твора, навук. працы, дзённікаў, лістоў і інш. Важная крыніца ўстанаўлення кананічнага тэксту твора, вывучэння творчага працэсу аўтара (гл. Тэксталогія). Аўтарызаваны (пісьмова ўхвалены аўтарам) машынапісны тэкст прыраўноўваецца да аўтографа. Збіраюць і захоўваюць аўтографы архівы, музеі, бібліятэкі.

т. 2, с. 123

АЎТО́ЛІЗ

(ад аўта... + ...ліз),

распад бялкоў у тканках арганізма пад уздзеяннем уласных ферментаў. Пры жыцці арганізма ў адсутнасць паталогіі распад бялкоў цалкам кампенсуецца сінтэзам. Пасля смерці арганізма аўтоліз рэзка ўзмацняецца. Аўтоліз адбываецца і пры выспяванні мяса, цеста, ферментацыі чаю, тытуню, сіласаванні кармоў і інш.

т. 2, с. 123

АЎТО́ЛЫ,

гл. Маторнае масла.

т. 2, с. 123

АЎТРА́ЙТ,

простая тэрміновая валютная здзелка, якая прадугледжвае плацяжы па форвардным курсе ў строга вызначаны тэрмін.

т. 2, с. 123