Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЬДЫ́ВІЯ

(Valdivia) Педра дэ (каля 1500, г. Вільянуэва-дэ-ла-Серэна, Іспанія — 25.12.1553 або 1.1.1554),

іспанскі канкістадор. Прымаў удзел у заваяванні Перу і Чылі іспанцамі. У 1535—37 дайшоў да сярэдняй часткі Чылі. Вёў жорсткую барацьбу супраць араўканаў. У 1540 паводле загаду Ф.Пісара распачаў пакарэнне ўсяго Чылі. У 1541 заснаваў г. Сант’яга. Пасля 1548 намеснік Чылі. У 1550 на Пд заснаваў г. Кансепсьён, у 1552 — г. Вальдывія. Забіты араўканамі. Свае паходы і адкрыцці апісаў у пісьмах да імператара Карла V і ў «Сведчаннях Педра дэ Вальдывія, якія трактуюць адкрыццё і заваяванне Чылі».

т. 3, с. 491

ВА́ЛЬДЭМАР

(Valdemar),

каралі ў сярэдневяковай Даніі.

Вальдэмар І Вялікі (14.1.1131 — 12.5.1182), кароль у 1157—82. Праўнук па маці кіеўскага кн. Уладзіміра Манамаха. Ажыццявіў шэраг паходаў супраць палабскіх славян і падпарадкаваў каля 1169 в-аў Руяну (Руген). Заклаў асновы цэнтралізаванай феад. манархіі ў Даніі.

Вальдэмар II Пераможца (1170—28.3.1241), кароль у 1202—41. На пач. 13 ст. падпарадкаваў шэраг паўн.-герм. тэр., але страціў іх у 1227 пасля паражэння ў бітве з ням. феадаламі пры Борнхёведзе. У 1219 захапіў Паўн. Эстонію (Эстляндыю).

Вальдэмар IV Атэрдаг (каля 1320—24.10.1375), кароль у 1340—75. Аднавіў каралеўскую ўладу над большай ч. краіны. Пасля паўстання эстаў 1343—45 прадаў Паўн. Эстонію (1346) Лівонскаму ордэну. У вайне з ням. гандл. саюзам Ганзай 1367—70 за панаванне на Балтыйскім м. пацярпеў паражэнне, заключыў ганебны для Даніі Штральзундскі мір 1370.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЭ́С ЛЕА́ЛЬ [Valdés Leal; сапр. Ніса

(Nica)] Хуан дэ (4.5.1622, г. Севілья, Іспанія — 15.10.1690),

іспанскі жывапісец. Вучыўся ў Кордаве. Пісаў карціны для манастыроў (у капэле брацтва Ла Карыдад у Севільі, каля 1679, і інш.). У яго творах «Узнясенне Марыі» (1655), «Зняцце з крыжа», «Хрышчэнне Хрыста» (1660-я г.), «Хрыстос сярод кніжнікаў» (1686) знайшоў адлюстраванне крызіс ісп. мастацтва 2-й пал. 17 ст. Экзальтаваная рэліг. пропаведзь тленнасці быцця ў іх спалучаецца з мудрагелістай фантазіяй, барочныя эфекты асвятлення — з натуралістычнымі дэталямі.

т. 3, с. 491

ВАЛЬЕ́РА

(франц. volière),

агароджаная пляцоўка з клеткамі ці домікамі для ўтрымання дробных жывёл і птушак. Бываюць закрытыя (з навесам) і адкрытыя. Робяць у заапарках, зверагаспадарках, запаведніках.

т. 3, с. 492

ВАЛЬЕ́ХА

(Vallejo) Сэсар (16.3.1892, г. Сант’яга-дэ-Чука, Перу — 15.4.1938),

перуанскі празаік, паэт. У першым зб. вершаў «Чорныя геральды» (1918; бел. пер. Р.Барадуліна, 1993) элементы паэтыкі лаціна-амер. мадэрнізму арганічна спалучаны з протаавангардысцкімі тэндэнцыямі і індзейскім фальклорам. У 1920—21 зняволены за ўдзел у сял. хваляваннях. У турме напісаў зб. «Трыльсе» (1922), вытрыманы ў традыцыях авангардысцкай паэзіі. З 1923 у эміграцыі (Францыя, Іспанія). У 1928 і 1931 наведаў СССР. Напісаў раман пра рабочых-індзейцаў «Вальфрам» і публіцыстычную кн. «Расія ў 1931 г.» (абодва 1931). Пад уражаннем грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 стварыў цыкл «Іспанія, няхай абмінае мяне чаша гэта» (выд. 1939). Сталая творчасць (зб. «Чалавечыя вершы», выд. 1939) характарызуецца прастатой і эмацыянальнасцю, спалучэннем авангардысцкага наватарства з сац. і агульначалавечай праблематыкай. Аўтар публіцыст. кн. «Супраць прафесійнай тайны», «Мастацтва і рэвалюцыя» (абедзве выд. 1973).

Тв.:

Рус. пер. — Черные герольды. М., 1966;

Избранное. М., 1984.

Літ.:

Сесар Вальехо: Биобиблиогр. указ. М., 1986.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 492

ВА́ЛЬЕ ІНКЛА́Н

(Valle-Inclán) Рамон Марыя дэль (28.10.1866, Вільянуэва-дэ-Ароса, прав. Пантэведра, Іспанія — 5.1.1936),

іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт. Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1986.

Літ.:

Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.

К.М.Міхееў.

т. 3, с. 491

ВА́ЛЬЗЕР

(Walser) Марцін Іаганес (н. 24.3.1927, Васербург-на-Бодэн-Зе, Германія),

нямецкі пісьменнік. Скончыў Цюбінгенскі ун-т (1951). Аўтар раманаў «Шлюбы ў Філіпсбургу» (1957), «Палова гульні» (1960), «Адзінарог» (1966), «Па той бок кахання» (1976), «Намаганні душы» (1979), «Прыбой» (1985), «Абарона дзяцінства» (1991), аповесцяў і навел «Хвароба Галістля» (1972), «Лятучы конь» (1978), «Дорле і воўк» (1987), п’ес «Кароткі выезд» (1961), «Дуб і трус» (1962), «Спадар Крот у звышнатуральную велічыню» (1964), «Бойка ў пакоі» (1967) і інш., літ.-знаўчых прац. Пад уплывам творчасці Б.Брэхта і Ф.Кафкі у творах у цэнтр увагі ставіць праблему маральных пошукаў, імкнення асобы да самаідэнтыфікацыі ў сучасным свеце. Важнае месца ў раманах і драмах Вальзера займаюць сацыяльна-крытычныя матывы.

Тв.:

Aus dem Wortchatz unserer Kämpfe, Szenen, Stierstadt. Frankfurt am Main, 1971;

рус. пер. — Дуб икролик;

Господин Кротт в сверхнатуральную величину;

Черный Лебедь: Пьесы. М., 1974;

Браки в Филиппсбурге;

По ту сторону любви;

Романы;

Рассказы. М., 1979.

Літ.:

История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1986. Т. 3. С. 221—222, 253—255, 276—280.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 492

ВА́ЛЬЗЕР

(Walser) Роберт Ота (15.4.1878, г. Біль, Швейцарыя — 25.12.1956),

швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Знаходзіўся пад пастаянным псіхал. уціскам, звязаным з прагрэсіраваннем душэўнай хваробы (у 1933 лячыўся ад шызафрэніі ў псіхіятрычнай клініцы). Пісаў вытанчаныя, прасякнутыя індывідуалізмам і песімізмам эсэ і апавяданні: «Нататкі Фрыца Кохера» (1904), «Прагулка» (1917), «Жыццё паэта» (1918); раманы «Памагаты», «Якаб фон Гунтэн» (абодва 1908); імпрэсіяністычную лірыку (зб. «Вершы», 1909).

Тв.:

Dichtungen in Prose, Bd. 1—4. Genf;

Darmstadt, 1953—59;

рус. пер. — Помощник;

Якоб фон Гунтен: Романы;

Миниатюры. М., 1987.

Літ.:

Über Robert Walser. Bd. 1—2. Frankfurt am Main, 1978;

Седельник В.Д. Вальзер // История всемирной литературы. М., 1994. Т. 8.

Л.П.Баршчэўскі.

т. 3, с. 492

ВАЛЬКІ́РЫІ,

у скандынаўскай міфалогіі ваяўнічыя дзевы, якія падпарадкоўваюцца Одзіну, па яго волі вырашаюць зыход бітвы і ўдзельнічаюць у размеркаванні перамог і смерцяў. Храбрых воінаў, якія загінулі ў баях, яны адносяць у вальхалу і там прыслужваюць ім. Вобраз валькірый выкарыстаў Р.Вагнер (опера «Валькірыя»).

т. 3, с. 492

ВАЛЬКО́ВІЧ Аляксандр Іванавіч

(3.5.1892, Мінск ? — 4.11.1937),

дзеяч бел. нац. руху. У 1914—15 працаваў у Віленскім аддзяленні дзярж. зямельнага банка. З 1915 у арміі. Скончыў Гарыйскую школу прапаршчыкаў (1916). Да снеж. 1917 на Паўд.-Зах. фронце. З 1918 у Мінску, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Грузіі, міністр фінансаў БНР. Чл. Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У час польскай акупацыі Беларусі 1919—20 быў арыштаваны, уцёк за мяжу. У 1925 вярнуўся ў БССР, працаваў інспектарам у Наркамаце фінансаў. У сувязі з чысткай апарата ў сак. 1930 звольнены, 18.7.1930 арыштаваны па справе т.зв. «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у г. Белебей (Башкортастан). 25.5.1937 паўторна арыштаваны, 28.10.1937 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы ў 1988.

У.М.Міхнюк.

т. 3, с. 492