Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АЎТАТРАНСФАРМА́ТАР,

электрычны трансфарматар, у якога першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку. Найчасцей карыстаюцца аўтатрансфарматарам з плаўным рэгуляваннем выхаднога напружання, дзе нагрузку падключаюць да кантактаў, што рухаюцца па вітках абмоткі. Такія даюць магчымасць пры зменным першасным напружанні захоўваць пастаянным другаснае. Аўтатрансфарматары выкарыстоўваюць ў ланцугах энергасістэм, рэлейнай ахове, у прыстасаваннях аўтаматыкі і радыёэлектронікі для пуску магутных электрарухавікоў і інш.

т. 2, с. 121

АЎТАТРАПІ́ЗМ

[ад аўта... + трапізмы(ы)],

здольнасць раслін самаадвольна выраўноўваць восевыя органы ад залішняга выгіну, выкліканага якім-н. вонкавым уздзеяннем. Напрыклад, выраўноўванне сцяблоў злакаў, якія палеглі ад дажджу, ветру, або галін раслін ад снегу.

т. 2, с. 121

АЎТАТРО́ФНАСЦЬ ЧАЛАВЕ́ЦТВА,

атрыманне чалавецтвам ежы і энергіі штучным шляхам, без удзелу прадуцэнтаў. Напрыклад, атрыманне раслінападобнай ежы метадамі штучнага фотасінтэзу. Прапанаванае У.І.Вярнадскім паняцце аўтатрофнасці чалавецтва (1937) сучасная навука рэкамендуе пашыраць на безадходныя і малаадходныя тэхналогіі, надаўшы яму стратэгічнае прыродаахоўнае адценне: аўтатрофнасць чалавецтва павышае незалежнасць чалавецтва ад прыродных крыніц забеспячэння яго ежай і энергіяй, спрыяе захаванню прыродных рэсурсаў і гарманізацыі суадносін чалавецтва з прыродай.

т. 2, с. 121

АЎТАТРО́ФЫ

[ад аўта... + ...троф(ы)],

аўтатрофныя арганізмы, арганізмы, якія сінтэзуюць неабходныя для жыццядзейнасці складаныя арган. злучэнні з неарган. рэчываў (пераважна вады, вуглекіслаты, неарган. злучэнняў азоту). Выкарыстоўваюць энергію Сонца (фотасінтэз) або энергію, што вызваляецца пры хім. рэакцыях (хемасінтэз). Да аўтатрофаў належыць большасць вышэйшых раслін, водарасці і некаторыя бактэрыі. Фотасінтэзавальныя аўтатрофы (фотатрофы — усе зялёныя расліны, водарасці) маюць хларафіл і здольныя выкарыстоўваць энергію святла. Хемасінтэзавальныя аўтатрофы (хематрофы, напрыклад, нітрыфікавальныя бактэрыі) сінтэзуюць арган. рэчывы за кошт энергіі акіслення мінер. злучэнняў. Аўтатрофы — асн. прадуцэнты арган. рэчыва ў біясферы, забяспечваюць існаванне ўсіх іншых арганізмаў. Гл. таксама Гетэратрофы.

т. 2, с. 121

АЎТАТРЭ́НІНГ

(ад аўта... + англ. training трэніроўка),

псіхатэрапеўтычны метад уздзеяння чалавека на свой фіз. і псіхічны стан пры дапамозе самаўнушэння (гл. таксама Аўтагенная трэніроўка).

т. 2, с. 121

АЎТАТЫ́ПІЯ

(ад аўта... + грэч. typos адбітак),

спосаб паліграфічнага ўзнаўлення паўтонавых і шматколерных відарысаў (фотаздымкаў, твораў жывапісу) сродкамі высокага друку. Арыгінал, што трэба ўзнавіць, фатаграфуюць праз растр, лініі якога ствараюць на фатаграфічнай пласціне цені і паўцені. За празрыстай адтулінай растра праектуецца адлюстраванне дыяфрагмы ў выглядзе светлай кропкі. Колькасць святла, адбітага ад арыгінала, уплывае на памеры кропак: найб. светлым месцам адпавядае найменшы дыяметр кропак. Пасля капіравання растравага негатыва на цынкавую пласціну з нанесеным святлоадчувальным слоем атрымліваюць аўтатыпнае (растравае) клішэ — рэльефнае пазітыўнае адлюстраванне (гл. Цынкаграфія). Шматколернае адлюстраванне аднаўляецца на аснове фатагр. колерападзелу: прамяні святла, адбітыя ад арыгінала, паслядоўна прапускаюць праз рознакаляровыя святлафільтры. Пасля 3- ці 4-разовага фатаграфавання атрымліваюць колерападзельныя растравыя негатывы, з якіх вырабляюць аўтатыпныя клішэ. З іх паслядоўна асн. фарбамі друкуюць шматкаляровую рэпрадукцыю.

т. 2, с. 121

АЎТАФАЗІРО́ЎКА

(ад аўта... + фаза),

з’ява, якая забяспечвае аўтаматычнае падтрыманне сінхранізму (рэзанансу) паміж рухам зараджанай часціцы і зменай паскаральнага электрычнага поля. Абумоўлена залежнасцю прамежку часу паміж паслядоўнымі момантамі паскарэння часціцы ад яе поўнай энергіі. Адкрыта У.І.Векслерам (СССР, 1944) і незалежна Э.М.Макміланам (ЗША, 1945). Выкарыстоўваецца ў асн. тыпах паскаральнікаў: сінхратронах, сінхрафазатронах, фазатронах. На аснове аўтафазіроўкі спраектаваны цыклічныя паскаральнікі зараджаных часціц на вял. энергіі (100 МэВ і вышэй).

т. 2, с. 121

АЎТАХАРЫ́Я,

аўтахорыя (ад аўта... + ...харыя), распаўсюджванне насення і спораў раслін з дапамогай прыстасаванняў самой расліны, без удзелу паветра, жывёл і інш. знешніх агентаў. Ажыццяўляецца ў 2 асн. формах: самаадвольнае ападанне пладоў і насення пад дзеяннем сілы цяжару (барахорыя) і актыўнае раскіданне насення (у радыусе ад 1 да 15 м) з плода, які лопаецца. Гэта форма аўтахарыі ўласціва пераважна сухім пладам (бабовыя, гераніевыя, віды фіялкі і інш.), а таксама некаторым сакавітым (гарбузовыя, бальзамінавыя).

т. 2, с. 122

АЎТАХТО́Н (ад грэч. autochthōn мясцовы, карэнны) у геалогіі, участак зямной кары, які не зведаў значных гарыз. перамяшчэнняў і залягае пад насунутым на яго тэктанічным покрывам (алахтонам). Подсцільныя пароды звычайна рэзка адрозніваюцца ад покрыўных, зона размежавання іх запоўнена міланітамі. Можа мець складкавыя ці разрыўныя парушэнні незалежна ад покрыва або сумесна з ім. Пашыраны ў складкавых абласцях.

М.А.Нагорны.

т. 2, с. 122

АЎТАХТО́ННЫЯ АДКЛА́ДЫ,

горныя пароды, якія залягаюць на месцы ўтварэння. Пераважна асадкавыя пароды (марскія, азёрныя, гідратэрмальныя і інш.). Найб. пашыраны ў платформавым чахле кантынентаў і ў ложы акіяна. Вывучэнне складу аўтахтонных адкладаў і пахаваных у іх рэшткаў арганізмаў дае магчымасць узнавіць прыроднае асяроддзе былых геал. эпох (напр., на Беларусі — гісторыю міжледавіковых эпох плейстацэну).

т. 2, с. 122