Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЛЬБЕ́РХАВА

(Валберхава) Марыя Іванаўна (7.1.1789, С.-Пецярбург — 27.9.1867),

руская актрыса. Дачка І.І.Вальберха. Дэбютавала на пецярбургскай сцэне ў 1807 (з 1832 — Александрынскі тэатр) як трагічная актрыса (Антыгона — «Эдып у Афінах» У.Озерава). З 1815 выступала як камедыйная актрыса (Графіня Лелева — «Ліпецкія воды» А.Шахаўскога, Агата — «Свавольствы закаханых» М.Хмяльніцкага). Адна з лепшых роляў — Наташа ў вадэвілі «Свая сям’я, ці Замужняя нявеста» (напісалі для яе А.Грыбаедаў, Шахаўской і Хмяльніцкі). Працавала ў т-ры да 1855.

т. 3, с. 490

ВАЛЬВАЦЕ́НКА Іван Кірылавіч

(н. 15.4.1915, в. Мазалава Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў курсы афіцэрскага саставу (1939), танкавую школу (1941). У Чырв. Арміі з 1937. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах., Волхаўскім, Варонежскім, 1-м Укр. франтах. 5—6.11.1943 танк. рота на чале са ст. лейт. Вальваценкам вызначылася ў баях каля Кіева. Паранены Вальваценка з экіпажам у падбітым танку некалькі гадзін вёў бой да падыходу падмацавання. Да 1946 у Сав. Арміі.

т. 3, с. 490

ВАЛЬВА́ЦЫЯ

(ад франц. évaluation ацэнка),

вызначэнне каштоўнасці, вартасці замежнай валюты ў нацыянальнай грашовай адзінцы.

т. 3, с. 490

ВАЛЬВАЧО́Ў Мікалай Іванавіч

(15.5.1922, в. Загор’е Ушацкага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1990),

бел. эпідэміёлаг. Д-р мед. н. (1965), праф. (1966). Скончыў Ваенна-марскую мед. акадэмію (Ленінград, 1945). З 1969 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў. Навук. працы па даследаванні эпідэміял. працэсу і распрацоўцы мерапрыемстваў для папярэджвання інфекцыйных і гнойна-запаленчых хвароб. На Беларусі арганізаваў вывучэнне эпідэміялогіі ўнутрыбальнічных інфекцый у родадапаможных і хірургічных стацыянарах.

Тв.:

Статистический метод в медицинской практике с применением микроЭВМ и персональных компьютеров. Мн., 1989 (разам з Л.І.Рымжа).

т. 3, с. 490

ВАЛЬВО́КСАВЫЯ

(Volvocophyceae),

клас зялёных водарасцяў. Уключае 3 парадкі: поліблефарыдавыя (Polyblepharidales), хламідаманадавыя (Chlamydomonadales) і вальвоксавыя (Volvocales). Агульная колькасць сямействаў, родаў і відаў не вызначана. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца ўсюды. Растуць у стаячых прэсных вадаёмах (планктонныя формы), таксама ў глебе. Найб. вядомыя роды: вальвокс (Volvox), гематакокус (Hematococus), гоніум (Gonium), дуналіела (Dunaliella), пандарына (Pandorina), хламідаманада (Chlamydomonas), эўдарына (Eudorina).

Найб. прымітыўная група зялёных водарасцяў. Аднаклетачныя, цэнабіяльныя ці каланіяльныя арганізмы, маюць манадную структуру цела і жгуцікі (1—2, радзей 4—8). У вегетатыўным стане рухомыя на працягу ўсяго жыцця. Бясполае размнажэнне адбываецца падоўжным дзяленнем клетак або зааспорамі, палавы працэс — галагамія, ізагамія, гетэрагамія і аагамія. Пры масавым развіцці выклікаюць зялёнае і чырв. «цвіценне» вады, што вядзе да зніжэння ў ёй кіслароду і замору рыб. Біял. ачышчальнікі і індыкатары забруджаных і сцёкавых водаў, удзельнічаюць ва ўтварэнні сапрапелю. Вальвоксавыя — важнае звяно ў ланцугу спажывання гідрабіёнтаў. З некат. відаў атрымліваюць карацін.

т. 3, с. 490

ВА́ЛЬДГАЙМ

(Waldheim) Курт (н. 21.12.1918, Андрэ-Вердэн, зямля Ніжняя Аўстрыя, Аўстрыя),

дзяржаўны дзеяч Аўстрыі, дыпламат. Д-р юрыд. н. (1944). Вучыўся ў Венскай консульскай акадэміі (1937—39), скончыў Венскі ун-т (1944). З 1945 на дыпламат. службе. Пастаянны прадстаўнік Аўстрыі пры ААН (1964—68 і 1970—71). Міністр замежных спраў Аўстрыі (1968—70). Ген. сакратар ААН у 1972—81. Федэральны прэзідэнт Аўстрыі ў 1986—92.

Тв.:

Рус. пер. — Австрийский путь М., 1976;

Единственная в мире должность. М., 1980.

т. 3, с. 490

ВА́ЛЬДМЮЛЕР

(Waldmüller) Фердынанд Георг (15.1.1793, Вена — 23.8.1865),

аўстрыйскі жывапісец. Вучыўся (1807—13) і выкладаў (1829—57) у Венскай АМ. Працаваў у Вене, Заграбе, Празе, Брно. Прадстаўнік аўстр. бідэрмеера. Маляваў паэтычныя горныя ландшафты, сцэны сял. побыту («Вялікі пейзаж Пратэра», 1849; «Збіральнікі галля ў Венскім лесе», 1855; «Пасля апісання маёмасці», 1856) і партрэты, адметныя інтымнай непасрэднасцю і тонкасцю назіранняў («Сям’я натарыуса І.А.Эльца», 1835; «Сям’я ў парку», 1840).

т. 3, с. 490

ВАЛЬДШНЭ́П,

гл. Слонка.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЫ́ВІЯ

(Valdivia),

археалагічная культура рыбаловаў і збіральнікаў 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на цэнтр. узбярэжжы Эквадора. Адна з самых стараж. культур Новага Свету. Магчыма, яе носьбітам было вядома прымітыўнае земляробства. Выяўлены багата арнаментаваны гліняны посуд і статуэткі жанчын, каменныя нажы, разцы, скрабкі, зерняцёркі, клінападобныя сякеркі, рыбалоўныя кручкі з ракавін, касцяныя шылы і інш.

т. 3, с. 491

ВАЛЬДЫ́ВІЯ

(Valdivia),

горад на Пд Чылі. Засн. ў 1552. 150 тыс. ж. (1990). Порт на р. Вальдывія, за 20 км ад яе ўпадзення ў Ціхі ак., марскі аванпорт — Караль (вываз лесу, збожжа). Чыг. станцыя. Цэнтр с.-г. і лесапрамысл. раёна. Суднарамонт. Цэлюлозна-папяровая і харч. прам-сць. Ун-т. У 1960 горад моцна разбураны землетрасеннем.

т. 3, с. 491