ТО́НІКА (ад франц. note tonique літар. — танічная нота),
цэнтральны ўстойлівы элемент (устой) танальнасці. гал. ўстойлівы гук сістэмы (у мажоры і міноры I ступень ладу); асн. акорд лада (звычайна мажорнае ці мінорнае трохгучча), які будуецца на гал. устойлівым гуку. Усе інш. элементы лада маюць пэўную функцыю ў залежнасці ад гукавышынных суадносін з Т. — асновай гарманічнага працэсу. Т. дае назву ўсёй сістэме (до мажор, ля мінор). У музыцы 20 ст. Т. можа быць і дысанантны акорд.
Т.А.Дубкова.
т. 15, с. 488
ТО́НКАЙ СТРУКТУ́РЫ ПАСТАЯ́ННАЯ,
безразмерная фіз. велічыня, што характарызуе эл.-магн. ўзаемадзеянне элементарных часціц; адна з фундаментальных фізічных пастаянных. Вызначаецца формулай: a = e2/(ħc) ≈ 1/137, дзе e — зарад элементарны, ħ = h/(2π), h — Планка пастаянная, c — скорасць святла ў вакууме. Паводле найб. дакладных вымярэнняў α−1 = 137,0359895(61). Вызначае тонкую структуру ўзроўняў энергіі атама (велічыня расшчаплення прапарцыянальная α2), з чым звязана назва самой канстанты.
т. 15, с. 488
ТО́НКАЯ СТРУКТУ́РА, мультыплетнае расшчапленне,
расшчапленне ўзроўняў энергіі (а таксама спектральных ліній) атамаў і інш. атамных сістэм на 2 ці больш падузроўняў, выкліканае гал. чынам спін-арбітальным узаемадзеяннем. Характарызуецца тонкай структуры пастаяннай і выяўляецца ў атамных спектрах у выглядзе дублетаў, трыплетаў і мультыплетаў спектральных ліній. Гл. таксама Звыштонкая структура.
т. 15, с. 488
ТО́НУС (лац. tonus ад грэч. tonos нацяжэнне, напружанне) у фізіялогіі, нармальны (нестамляльны) стан пастаяннага ўзбуджэння нерв. цэнтраў і працяглае напружанне мышцаў; забяспечвае аптымальны функцыян. стан органаў і тканак, падтрыманне пэўнага становішча цела ў прасторы. Т. нерв. цэнтраў падтрымліваецца аферэнтнымі нерв. імпульсамі, што бесперапынна паступаюць у ц. н. с. ад перыферычных рэцэптараў, і ўздзеяннем хім. раздражняльнікаў (напр., гармонаў, медыятараў), якія знаходзяцца ў крыві. Пасіўны мышачны Т. залежыць ад вязкаэластычных уласцівасцей мышцы, актыўны — ад колькасці мышачных валокнаў, што скарачаюцца пад уздзеяннем нерв. імпульсаў, якія ўзнікаюць у рухальных нейронах спіннога мозга. Іх актыўнасць падтрымліваецца і рэгулюецца імпульсамі, што паступаюць ад вышэйшых цэнтраў (напр., рэтыкулярнай фармацыі ствала мозга) і ад прапрыярэцэптараў, якія знаходзяцца ў мышцах.
С.С.Ермакова.
т. 15, с. 488
ТОН ДЫК ТХАНГ (Tôn Đú’c Tháng; 20.8.1888, прав. Лангсюен, В’етнам — 30.3.1980),
в’етнамскі паліт. і дзярж. дзеяч. З 1912 жыў у Францыі. Служыў у франц. ВМФ, удзельнік паўстання франц. ваен. маракоў у Севастопалі ў 1919. Пасля вяртання ў 1920 у В’етнам удзельнічаў у антыкалан. руху, чл. Т-ва в’етн. рэв. моладзі. У 1929—45 зняволены ў франц. турму, дзе ў 1930 далучыўся да Камуніст. партыі Індакітая (з 1951 Партыя працоўных В’етнама, ППВ). Чл. ЦК ППВ з 1951. З 1949 нам., з 1955 старшыня Пастаяннага к-та Нац. сходу Дэмакр. Рэспублікі В’етнам (ДРВ). З 1960 віцэ-прэзідэнт ДРВ, у 1969—76 прэзідэнт ДРВ. З 1976 прэзідэнт Сацыяліст. Рэспублікі В’етнам. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1955.
т. 15, с. 488