ТО́НУС (лац. tonus ад грэч. tonos нацяжэнне, напружанне) у фізіялогіі, нармальны (нестамляльны) стан пастаяннага ўзбуджэння нерв. цэнтраў і працяглае напружанне мышцаў; забяспечвае аптымальны функцыян. стан органаў і тканак, падтрыманне пэўнага становішча цела ў прасторы. Т. нерв. цэнтраў падтрымліваецца аферэнтнымі нерв. імпульсамі, што бесперапынна паступаюць у ц. н. с. ад перыферычных рэцэптараў, і ўздзеяннем хім. раздражняльнікаў (напр., гармонаў, медыятараў), якія знаходзяцца ў крыві. Пасіўны мышачны Т. залежыць ад вязкаэластычных уласцівасцей мышцы, актыўны — ад колькасці мышачных валокнаў, што скарачаюцца пад уздзеяннем нерв. імпульсаў, якія ўзнікаюць у рухальных нейронах спіннога мозга. Іх актыўнасць падтрымліваецца і рэгулюецца імпульсамі, што паступаюць ад вышэйшых цэнтраў (напр., рэтыкулярнай фармацыі ствала мозга) і ад прапрыярэцэптараў, якія знаходзяцца ў мышцах.
С.С.Ермакова.
т. 15, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)