Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МІТРАІ́ЗМ,

рэлігія стараж. Ірана, Індыі і інш., заснаваная на кульце Мітры. Узнікла ў апошнія стагоддзі да н.э. ў Іране і атрымала пашырэнне на тэр. Рымскай імперыі і ў Пярэдняй Азіі. Міфы, якія ляжаць у аснове М. і яго культу, супадаюць з міфамі і культамі хрысціянства, падобныя таксама формы і арганізацыі іх абшчын, што тлумачыцца аднолькавымі сац.-гіст. ўмовамі ўзнікнення і распаўсюджання гэтых рэлігій. У першыя стагоддзі існавання хрысціянства М. быў адным з гал. яго сапернікаў.

т. 10, с. 476

МІТРАЛЬЕ́ЗА (франц. mitrailleuse ад mitraille карцеч),

французская назва мнагаствольнай скарастрэльнай агнястрэльнай зброі (карцечніцы), пазней — станковага кулямёта.

т. 10, с. 477

МІТРАПАЛІ́Т (ад грэч. mētropolitēs чалавек з гал. горада, метраполіі),

вышэйшы духоўны сан у правасл. і некат. інш. хрысц. цэрквах. У цэрквах, дзе ўстаноўлена патрыяршаства, — другі пасля патрыярха сан у царк. іерархіі. Духоўная ўлада распаўсюджваецца на царк. акругу (мітраполію), якая аб’ядноўвае хрысц. абшчыны мітраполіі і прылеглай да яе вобласці.

т. 10, с. 477

МІТРАФА́НАЎ (Аляксей Рыгоравіч) (18.10.1912, в. Асташкава Таржоцкага р-на Цвярской вобл., Расія — 18.4.1988),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1956). Скончыў Ленінградскі ін-т гісторыі, філасофіі, літаратуры і лінгвістыкі (1936). Працаваў настаўнікам, у Ленінградскім ун-це. У 1950—82 у Ін-це гісторыі АН Беларусі, выкладаў у БДУ. Вывучаў жал. век на тэр. цэнтр. Беларусі. Сістэматызаваў і класіфікаваў старажытнасці штрыхаванай керамікі культуры; зрабіў значны ўклад у распрацоўку гэтай культуры, сцвярджаў яе балцкую прыналежнасць. Увёў у навук. ўжытак паняцце днепра-дзвінскай культуры як адзінага этнакультурнага масіву паўн. Беларусі і Смаленшчыны. У 1960-я г. выявіў у паўн.-зах. рэгіёне дняпроўскага басейна і ў Панямонні Беларусі некалькі дзесяткаў помнікаў банцараўскай культуры і даследаваў некаторыя з іх. Адзін з аўтараў «Нарысаў па археалогіі Беларусі» (ч. 1, 1970), «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 1, 1972).

Тв.:

Железный век средней Белоруссии (VII—VI вв. до н.э. — VIII в. н.э.). Мн., 1978;

Археологические памятники восточных балтов на территории Белоруссии в эпоху железа (VIII в. до н.э. — IX в. н.э.) // Из древнейшей истории балтских народов: (по данным археологии и антропологии). Рига, 1980.

В.​І.​Шадыра.

А.Р.Мітрафанаў.

т. 10, с. 477

МІТРО́ПУЛАС ((Mitropoulos) Дымітрыяс) (1.3.1896, Афіны — 2.11.1960),

грэчаскі і амерыканскі дырыжор, піяніст, кампазітар. Чл.-кар. Афінскай АН (1933). З 1908 вучыўся ў кансерваторыі ў Афінах, у 1920 удасканальваўся ў Бруселі ў П.​Жыльсона, у 1921—24 — у Берліне ў Ф.Бузоні. З 1924 выступаў як дырыжор (выканаў з аркестрам Берлінскай філармоніі сольную партыю ў 3-м канцэрце С.​Пракоф’ева, адначасова дырыжыраваў аркестрам, 1930). З 1937 дырыжор сімф. аркестра ў Мінеапалісе. У 1950—58 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра, выступаў як оперны дырыжор у буйнейшых т-рах свету, у т. л. «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш., кіраваў пастаноўкамі твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні, М.​Равеля, Д.​Міё, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. Аўтар оперы «Сястра Беатрыса» (паст. 1920), сімф. паэмы «Пахаванне» (1916), Concerto grosso (1929), камерна-інстр. ансамбляў, музыкі да драм. спектакляў і інш. З 1963 у Нью-Йорку праводзяцца конкурсы маладых дырыжораў імя М.

т. 10, с. 477

МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),

цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым. армія Пампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.

Літ.:

Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;

Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;

Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.

А.​Г.​Зельскі.

т. 10, с. 477

МІ́ТЧЭЛ (Mitchell),

горная вяршыня ў Блакітным хр. (масіў Чорныя горы); самая высокая вяршыня Апалачаў у Паўн. Амерыцы. Выш. 2037. Складзена з кварцытаў. На схілах — хваёвы лес, на вяршыні — лугі.

т. 10, с. 477

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchel) Джон) (3.11.1815, г. Дангівен, Вялікабрытанія — 20.3.1875),

дзеяч ірл. нац.-вызв. руху. Журналіст. У 1840-я г. ўваходзіў у Асацыяцыю рыпілераў, адзін з кіраўнікоў радыкальнага крыла «Маладой Ірландыі» і Ірландскай канфедэрацыі. Заклікаў да ўзбраення ірл. народа, падрыхтоўкі паўстання для звяржэння ўлады лендлордаў. У маі 1848 арыштаваны і сасланы англ. ўладамі на в-аў Тасманія. У 1853 уцёк у ЗША, падтрымліваў ірл. нац.-вызв. рух. Аўтар прац «Гісторыя Ірландыі ад Лімерыкскага дагавора да цяперашняга часу» (т. 1—2, 1868), «Апошняе заваяванне Ірландыі» (1876).

т. 10, с. 477

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Маргарэт.) (8.11.1900, г. Атланта, штат Джорджыя, ЗША — 16.8.1949),

амерыканская пісьменніца; прадстаўнік т.зв. паўднёвай школы сучаснага амер. рамана. Па адукацыі журналіст. Аўтар гіст. рамана «Знесеныя ветрам» (1936, экранізацыя 1939) пра жыццё амер. Поўдня ў час грамадз. вайны 1861—65 і ў перыяд рэканструкцыі. У рамане крытычна асэнсоўваецца «паўднёвы міф» пра веліч плантатарскага Поўдня, пра высакароднасць і вытанчанасць паўд. джэнтльменаў, пра еднасць белых і чорных. Пасмяротна апублікавана кн. «Лісты Маргарэт Мітчэл пра «Знесеныя ветрам», 1936—1949» (1976).

Тв.:

Рус. пер. — Унесенные ветром Мн., 1991.

Літ.:

Писатели США. М., 1990.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 10, с. 477

МІ́ТЧЭЛ ((Mitchell) Уэслі Клэр) (5.8.1874, г. Рашвіл, штат Ілінойс, ЗША — 29.10.1948),

амерыканскі эканаміст і статыстык, прадстаўнік гарвардскай школы. Скончыў Чыкагскі ун-т. Праф. Каліфарнійскага (1909—12) і Калумбійскага (1914—19, 1922—44) ун-таў. У 1920—45 узначальваў Нац. бюро эканам. даследаванняў. Навук. працы і даследаванні ў галіне аналізу эканам. цыклаў і кан’юнктуры, па стат. даследаваннях, гісторыі грашовага абарачэння і інш. Спрабаваў выкарыстоўваць статыстыку для доказу палажэнняў інстытуцыяналізму. Пасля эканам. крызісу 1929—33 адзін з тэарэтыкаў «рэгулюемага капіталізму». Асн. праца «Эканамічныя цыклы» (1913).

т. 10, с. 477