МІТРО́ПУЛАС ((Mitropoulos) Дымітрыяс) (1.3.1896, Афіны — 2.11.1960),

грэчаскі і амерыканскі дырыжор, піяніст, кампазітар. Чл.-кар. Афінскай АН (1933). З 1908 вучыўся ў кансерваторыі ў Афінах, у 1920 удасканальваўся ў Бруселі ў П.​Жыльсона, у 1921—24 — у Берліне ў Ф.Бузоні. З 1924 выступаў як дырыжор (выканаў з аркестрам Берлінскай філармоніі сольную партыю ў 3-м канцэрце С.​Пракоф’ева, адначасова дырыжыраваў аркестрам, 1930). З 1937 дырыжор сімф. аркестра ў Мінеапалісе. У 1950—58 гал. дырыжор Нью-Йоркскага філарманічнага аркестра, выступаў як оперны дырыжор у буйнейшых т-рах свету, у т. л. «Метраполітэн-опера», «Ла Скала» і інш., кіраваў пастаноўкамі твораў В.​А.​Моцарта, Дж.​Вердзі, Дж.​Пучыні, М.​Равеля, Д.​Міё, П.​Чайкоўскага, М.​Мусаргскага і інш. Аўтар оперы «Сястра Беатрыса» (паст. 1920), сімф. паэмы «Пахаванне» (1916), Concerto grosso (1929), камерна-інстр. ансамбляў, музыкі да драм. спектакляў і інш. З 1963 у Нью-Йорку праводзяцца конкурсы маладых дырыжораў імя М.

т. 10, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)