МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай ў г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
т. 10, с. 332
МІДЭНДО́РФ (Аляксандр Фёдаравіч) (18.8.1815, С.-Пецярбург — 28.1.1894),
расійскі прыродазнавец і падарожнік. Акад. Пецярбургскай АН (1850). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1837). У 1842—45 здзейсніў падарожжа па Паўн. і Усх. Сібіры, Д.Усходзе, наведаў п-аў Таймыр, Удска-Тугурскае Прыахоцце і Прыамур’е, Шантарскія а-вы і інш. Справаздача М. была найб. поўным прыродна-гіст. апісаннем Сібіры. У 1870 даследаваў Барабінскі стэп, у 1878 — Ферганскую даліну. У 1883—85 узначальваў экспедыцыю па даследаванні жывёлагадоўлі ў цэнтр. і ўсх. губернях еўрап. ч. Расіі. Займаўся селекцыяй. Імем М. наз. мыс на паўн. в-ве Новая Зямля і заліў каля п-ва Таймыр.
т. 10, с. 332