МІ́ДЫЯ,
гістарычная вобласць, пазней дзяржава ў паўн.-зах. абласцях Іранскага нагор’я. Летапісныя звесткі пра мідыйцаў адносяцца да 2-й пал. 9 ст. да н.э., калі яны вялі ўпартую барацьбу з Асірыяй, якая захапіла частку іх зямель. З 770 да н.э. царства са сталіцай ў г. Экбатана. У часы праўлення Кіяксара [625 ці 624—584 да н.э.] — найвялікшая дзяржава Стараж. Усходу. Заваявала Мінейскае царства, у саюзе з Вавілоніяй разграміла Асірыйскую дзяржаву, падпарадкавала Урарту і інш. землі. У М. вялася шырокая здабыча меднай руды (слова «Медзь» у слав. мовах паходзіць ад назвы гэтай краіны). У 550 ці 549 да н.э. заваявана персамі, у якасці сатрапіі ўвайшла ў склад Ахеменідаў дзяржавы. У апошняй чвэрці 4 ст. да н.э. самастойнасць М. была адноўлена, але яна займала толькі частку б. тэрыторыі ў паўд. Азербайджане і называлася Малой М. (Мідыйскай Антрапатэнай).
т. 10, с. 332
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)