Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАЎКАВЫ́СКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1827—84 у г. Ваўкавыск. Вырабляла розныя сукны, таксама трыко. У 1870 пушчана паравая машына. Мела 40 ткацкіх станкоў, 4 часальныя апараты, 6 прадзільных машын па 600 верацён (1879). Працавалі ад 32 (1828) да 97 (1880) рабочых.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКАЯ ТЫТУНЁВАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1883—1914 у г. Ваўкавыск. У 1908 мела газава-бензінавы рухавік. Выпускала тытунёвых вырабаў (курыльны тытунь, махорка, папяросы і цыгарэты) да 5,7 тыс. пудоў за год (1910). Працавала ад 25 (1884) да 385 (1900) рабочых.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКА-КАМЯНЕ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім р-нах. Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязкова), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля з глыбокім разрэзам пазухі і высокім стаяча-адкладным каўняром; уздоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся рознакаляровымі пальметамі (зоркамі, кветкамі) уздоўж ніжняй дамінуючай паласы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полкі белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю. Гарсэт з чорнай шарсцянкі аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай — зрэзы верхняга крыса, проймаў і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы рознакаляровы пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суровага палатна або пярэстай паўшарсцянкі. Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, кажухі і інш.

М.Ф.Раманюк.

т. 4, с. 41

ВАЎКАВЫ́СКІЯ СУКО́ННЫЯ МАНУФАКТУ́РЫ.

Дзейнічалі ў Беларусі ў 1795—1862 у г. Ваўкавыск (вядомы 4 мануфактуры). Выраблялі сукно (больш за 26 тыс. м у 1828 на адной з іх), байку, коўдры. Мелі кожная па 2—6 ткацкіх станкоў, на адной з іх было 45 прадзільных, 8 часальных станкоў, 3 стрыгальныя машыны, 6 фарбавальных катлоў, 2 прэсы. Працавала ад 50 (1830) да 259 (1828, 1832—40) рабочых на адной мануфактуры.

т. 4, с. 43

ВАЎКАВЫ́СКІ ВАЕ́ННА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МУЗЕ́Й імя П.І.Баграціёна. Засн. ў 1935 у г. Ваўкавыск як краязнаўчы, з 1940 дзярж., з 1953 ваенна-гіст. музей. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 198 м²), 31,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). У калекцыі музея археал. знаходкі з раскопак паселішчаў у Ваўкавыску і стараж. ўзбраенне воіна (наканечнікі стрэл лука, арбалета, кап’я, кальчуга, даспехі ням. рыцара, крыжацкі меч), халодная (алебарды, палашы, шаблі) і агнястрэльная (пісталеты, стрэльбы, гармата) зброя 16 — пач. 19 ст., мундзіры рус. салдат і афіцэраў гусарскіх і ўланскіх палкоў вайны 1812. Матэрыялы перыяду Вял. Айч. вайны прысвечаны абароне горада ў 1941, дзейнасці патрыят. падполля, вызваленню ў 1944. Захоўваюцца экспанаты пра жыццё і дзейнасць Баграціёна, дзеячаў КПЗБ С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, С.С.Панковай і інш.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ДА́ХАВЫХ І БУДАЎНІ́ЧА-АДДЗЕ́ЛАЧНЫХ МАШЫ́Н.

Створаны ў 1977—82 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. Выпускае машыны і абсталяванне для тынкавальных, дахавых і малярных работ (усяго каля 20 найменняў). Асн. прадукцыя (1995): машыны для падагрэву, нанясення, транспарціроўкі на дах бітумных масцік, агрэгаты помпавыя, шпаклёвачныя, малярныя і фарбавальныя, станцыі і ўстаноўкі малярныя, бетоназмяшальнікі, фарбапульты, кампрэсары, катлы і інш.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКІ ЗАВО́Д ЛІЦЕ́ЙНАГА АБСТАЛЯВА́ННЯ.

Створаны ў 1902 у г. Ваўкавыск (цяпер у Гродзенскай вобл.) на базе майстэрні як чыгуналіцейны з-д. У 1902 працавала 13 рабочых, якія выплаўлялі 50—60 пудоў чыгуну за год і выраблялі ручныя сячкарні і конныя прыводы да малатарань. У час Вял. Айч. вайны разбураны, адноўлены ў 1944. У 1947 дабудаваны. З 1962 сучасная назва. У 1964—66 рэканструяваны. Дзейнічаюць цэхі: ліцейны, загатовачна-зварачны, 2 механазборачныя. Асн. прадукцыя (1995): тэхнал. абсталяванне для ліцейнай вытв-сці, буд. тэхніка, с.-г. абсталяванне, у т. л. Сячкарні.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКІ МАЛОЧНАКАНСЕ́РВАВЫ КАМБІНА́Т ДЗІЦЯ́ЧЫХ ПРАДУ́КТАЎ,

«Беллакт». Створаны ў 1970 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. У 1986—90 рэканструяваны. З 1991 арэнднае, потым нар. прадпрыемства «Беллакт». Гал. цэхі з высокай ступенню механізацыі і аўтаматызацыі вытв-сці: кансервавы, заменніку неразведзенага малака, натуральнамалочны. Асн. прадукцыя (1995): сухія малочныя прадукты дзіцячага, дыетычнага і спецыялізаванага харчавання, масла сметанковае, сухое неразведзенае і абястлушчанае малако, натуральнамалочная і нятлустая прадукцыя, сыры, марожанае, маянэз, безалкагольныя напіткі.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКІ ПАВЕ́Т.

Існаваў на Беларусі ў 16—20 ст. Утвораны ў 1507 у складзе Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Межы павета ўдакладняліся ў час адм.-тэр. рэформы 1565—66 і пазней. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Гродзенскім ваяводстве ВКЛ, пасля 3-га падзелу (1795) у Рас. імперыі: з 1795 у Слонімскай, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губ. Павятовы цэнтр — г. Ваўкавыск. Пл. павета 3413,2 кв. вярсты, нас. 149 678 чал. (1897). У Ваўкавыскі павет ўваходзіла 25 валасцей: Баярская, Біскупцоўская, Вільчукоўская, Вярэйкаўская, Гарнастаеўская, Дабравольская, Зельзінская, Зэльвенская, Ізабелінская, Крамяніцкая, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Пескаўская, Поразаўская, Пянюгаўская, Роская, Самаравіцкая, Свіслацкая, Талачманоўская, Тарнопальская, Шылавіцкая, Шымкоўская, Юшкаўская. У павеце было 13 мястэчак: Зэльва, Ізабелін, Крамяніца, Лапеніца, Лыскава (Лыскі), Малая Лапеніца, Мсцібава, Новы Двор, Поразава, Пескі, Рось, Свіслач і Ялоўка; 6 сёл, 437 вёсак і 348 дробных нас. пунктаў (1889). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 павет у складзе Польшчы, у Беластоцкім ваяводстве. Былыя воласці ўзбуйнены і пераўтвораны ў гміны. У 1927 пл. 3892 км², нас. 115 261 чал., 16 гмін: у т. л. Біскупская (Біскупцоўская), Зэльвенская, Ізабелінская, Лыскаўская, Межырэцкая, Мсцібаўская, Падароская, Поразаўская, Роская, Свіслацкая, Тарнопальская, Церашкоўская, Шылавіцкая, Ялоўская. З 1939 у складзе БССР, з 4.12.1939 у Беластоцкай вобласці, 15.1.1940 скасаваны, на яго тэр. ўтвораны Ваўкавыскі раён.

т. 4, с. 42

ВАЎКАВЫ́СКІ РАЁН,

на ПдЗ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,1 тыс. км². Нас. 39,1 тыс. чал. (1996), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 57 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Ваўкавыск; гар. пасёлкі Краснасельскі і Рось, 194 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 9 сельсаветаў: Ваўкавыскі, Воўпаўскі, Вярэйкаўскі, Гнезнаўскі, Ізабелінскі, Падароскі, Рэплеўскі, Субацкі, Шылавіцкі.

Раён размешчаны на Ваўкавыскім узвышшы. Паверхня хвалістаплатопадобная. Пераважаюць выш. 140—200 м, найвыш. пункт 234 м (на У ад г. Ваўкавыск). Карысныя выкапні: мел (цэментны і на выраб вапны), гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, торф, пяскі. Сярэдняя т-ра студз. -4,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 530 мм за год. Вегетац. перыяд 200 сут. Найб. р. Рось з прытокамі Ваўпянка, Нятупа, Харужаўка, рэкі Верацейка (прыток Свіслачы) і Зальвянка. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць 23% тэр. раёна, пераважна хваёвыя. Помнік прыроды — агаленне адорвеня верхнемелавых парод (каля чыг. ст. Рось). Ваўкавыскі заказнік.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 73,3 тыс. га, з іх асушана 7 тыс. га. У раёне 10 калгасаў, 9 саўгасаў, 2 с.-г. прадпрыемствы («Зара» і «Шылавічы»). Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла і свінагадоўля). Пасевы цукр. буракоў. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (цэмент, шыфер, вапна, азбестацэментныя трубы, цэгла сілікатная), дрэваапр. (драўніна, піламатэрыялы), камбікормавай, харч. прам-сці. Ваўкавыск — вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Пагранічны, Шчучын, Слонім, Ружаны; аўтамаб. шаша Баранавічы—Пагранічны. У раёне 14 сярэдніх, 11 базавых і 7 пач. школ, 24 дашкольныя ўстановы, 44 клубы, 40 б-к, 7 бальніц, 23 фельч.-ак. пункты, санаторый «Рось», 3 прафілакторыі. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна (1773) у в. Воўпа, касцёл Міхаіла Архангела (1524) і сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Гнезна, Міхайлаўская царква канца 18 ст. і Петрапаўлаўскі касцёл (1778) у в. Ізабелін, сядзіба 19 — пач. 20 ст. ў в. Краскі, царква Аляксандра Неўскага сярэдзіны 19 ст. ў в. Кузьмічы, сядзіба сярэдзіны 19 ст. ў в. Падароск. Вылаецца газ. «Наш час».

С.І.Сідор.

т. 4, с. 43