ВАНВІ́ЗДЗІНСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура 4—8 ст. на тэр. Вычэгодскага краю і ў вярхоўях р. Мезень і Пячора (Расія). Назва ад паселішча на беразе воз. Ванвіздзіна каля г. Сыктыўкар. Насельніцтва займалася паляваннем і рыбалоўствам, жыло на неўмацаваных паселішчах у наземных ці паглыбленых у зямлю дамах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне і трупаспаленне ў грунтавых магілах. Кераміка — кругладонны посуд з зацёртымі травой сценкамі, упрыгожанымі вяровачным, кропкавым і інш. арнаментам. Выяўлены сляды апрацоўкі жалеза, бронзаліцейнай вытворчасці. На думку некаторых даследчыкаў, помнікі ванвіздзінскай культуры належалі стараж. комі.
А.В.Іоў.
т. 3, с. 501
ВАНВІТЭ́ЛІ
(Vanvitelli) Луіджы (12.5.1700, г. Неапаль, Італія — 1.3.1773),
італьянскі архітэктар неапалітанскай школы. Працаваў у Рыме, Анконе, Ф’юмічына, Брэшыі, Неапалі, Мілане. Творчасць Ванвітэлі — пераход ад барока да класіцызму. У яго гал. збудаванні Палацца Рэале ў Казерце, каля Неапаля (пач. ў 1752; прамавугольнае ў плане, з 4 унутр. дварамі, утворанымі крыжападобным перасячэннем карпусоў), барочная пластычнасць дэкору і дынамізм прасторавай арганізацыі інтэр’ераў спалучаюцца з класіцыстычнай строгасцю і плоскаснасцю фасадаў.
т. 3, с. 501
ВАНДАЛІ́ЗМ,
бяздумнае знішчэнне культурных і матэрыяльных каштоўнасцей. Слова пайшло ад назвы стараж.-герм. плямён вандалаў, якія ў 455 разрабавалі Рым і знішчылі шматлікія помнікі ант. Культуры.
т. 3, с. 501
ВАНДА́ЛЫ
(лац. Vandali),
група старажытнагерманскіх плямён. Спачатку жылі на Скандынаўскім п-ве, у 1—3 ст. займалі раён сярэдняга і верхняга Одэра. На пач. 5 ст. пад націскам вестготаў перасяліліся ў Іспанію. У 429—439 адваявалі ў Рым. імперыі значную частку Паўн. Афрыкі, заснавалі тут сваё каралеўства — адну з самых моцных дзяржаў Міжземнамор’я. У 455 захапілі і разрабавалі Рым (адсюль вандалізм). У 534 дзяржава вандалаў заваявана Візантыяй.
т. 3, с. 501
ВАНДА́ЛЬ
(Vandal) Альбер (7.7.1853, Парыж — 30.8.1910),
французскі гісторык. Граф. Чл. Франц. акадэміі з 1897. Даследаваў гісторыю міжнар. адносін і дыпламатыі. Асн. працы: «Напалеон і Аляксандр І» (т. 1—3, 1891—93), дзе абгрунтоўваецца неабходнасць франкарускага саюзу; «Узвышэнне Банапарта» (1902), у якой выступае апалагетам знешняй і ўнутранай палітыкі Напалеона І; нарысы па гісторыі знешняй палітыкі Францыі і міжнар. адносін у 17—20 ст.
т. 3, с. 501
ВАНДО́МСКАЯ КАЛО́НА , манумент на Вандомскай плошчы Парыжа. Пастаўлена ў 1806—10 (арх. Ж.Гандуэн і Ж.Б.Лепер) у гонар перамог Напалеона I. Вышыня 43,5 м. Выканана з бронзы непрыяцельскіх гармат і ўвенчана статуяй імператара па праекце А.Д.Шадэ. У 1814 статуя заменена выявай лілеі, у 1833 адноўлена. У 1863 заменена новай статуяй Напалеона ў адзенні рым. цэзара. Паводле дэкрэта Парыжскай Камуны ў 1871 разбурана як сімвал мілітарызму і захопніцкіх войнаў. Адноўлена ў 1875.
т. 3, с. 501
ВАНДРО́ЎКІ ЖЫВЁЛ,
адносна недалёкія і кароткатэрміновыя перамяшчэнні жывёл у пошуках корму, месцаў адпачынку, зімовак, сховішчаў і інш. Пры вандроўках, у адрозненне ад міграцыі жывёл, вобласць, у якую перамяшчаюцца жывёлы, мяжуе або часткова супадае з вобласцю, дзе яны знаходзіліся да пачатку перамяшчэння (звычайна месцы размнажэння). Вандроўкі жывёл пераважна прымеркаваны да сезона года, часу сутак. Пашыраны сярод горных млекакормячых і птушак; у многіх птушак (гракі, шпакі) адбываюцца перад сезонным пералётам, у інш. (снягір, сініцы) — усю восень і зіму. Некаторыя беспазваночныя штодзень перамяшчаюцца з аднаго яруса расліннасці ў іншы, водныя беспазваночныя — з адной глыбіні на другую (у залежнасці ад т-ры, вільготнасці, асветленасці і інш.).
т. 3, с. 501
ВАНДРО́ЎНЫ ГО́ЛУБ
(Ectopistes migratorius),
вымерлая птушка сям. галубіных. Да 1880-х г. быў шматлікі ў лісцевых лясах на У Паўн. Амерыкі (ад Паўд. Канады да Паўн. Караліны). Рабіў пералёты вял. чародамі (да некалькіх мільярдаў асобін). Вынішчаны чалавекам у 1890-я г., бо шкодзіў с.-г. культурам і лесу. Апошні вандроўны голуб загінуў у 1914 у заапарку ЗША.
Даўж каля 30 см, размах крылаў да 65 см. Зграбная птушка з доўгім клінападобным хвастом, зверху шаравата-бурая, знізу карычнявата-чырвоная. Самка больш цёмная. Карміўся пераважна жалудамі, каштанамі, рознымі арэхамі. Зімаваў на Пд ЗША.
т. 3, с. 501