Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БЯЛЕ́ННЕ,

гл. Адбельванне.

т. 3, с. 396

БЯЛЕ́ЦКІ Аляксей Віктаравіч

(1841, г. Кірылаў Валагодскай вобл., Расія — 1907),

дзеяч асветы, гісторык. Скончыў С.-Пецярбургскую духоўную акадэмію (1865). З 1879 у Віленскай навуч. акрузе: настаўнік рус. мовы, дырэктар Полацкай настаўніцкай семінарыі, нам. папячыцеля акругі. Аўтар кніг і артыкулаў па пытаннях педагогікі і нар. асветы. Вывучаў асновы арганізацыі вучобы ў навук. установах піяраў, езуітаў і інш. манаскіх ордэнаў на Беларусі, аналізаваў дзейнасць школ Віцебскай і Магілёўскай губ. у канцы 18 — пач. 19 ст. Стаяў на вялікадзярж. пазіцыях, не прызнаваў самастойнасці бел. нацыі і яе культуры.

т. 3, с. 396

Бялецкі Аляксандр Валянцінавіч

т. 18, кн. 1, с. 357

БЯЛЁВА,

урочышча ў Беларусі, каля в. Бялёў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл., помнік прыроды. Купалападобнае ўзвышша выш. да 184 м, пл. 30 км², стромка абрываецца да забалочаных паніжэнняў шыр. 100—600 м. Вылучаецца надзвычай вял. для нізіннага Гомельскага Палесся перападам вышыняў — да 45 м. На паверхні Бялёва субканцэнтрычныя пясчаныя грады выш. 5—10 м. Паходжанне канчаткова не высветлена: мяркуюць, што гэта кальцавы кам ці тэктанічная структура.

т. 3, с. 397

БЯ́ЛІК Хаім Нахман

(9.1.1873, в. Рады на Валыні, Украіна — 4.7.1934),

яўрэйскі паэт. Скончыў Валожынскую (на Беларусі) яўр. духоўную акадэмію. У 1921 пакінуў Расію, жыў у Берліне, з 1924 у Палесціне. Пісаў пераважна на іўрыце, таксама на ідыш. Рэфарматар паэзіі на іўрыце, у якой арганічна спалучаў духоўную і моўную сілу ТаНаХа (Старога запавету), лепшыя дасягненні яўр. сярэдневяковай л-ры, містычную ўзнёсласць кабалістыкі і навацыі еўрап. паэзіі неарамантызму і сімвалізму. Дэбютаваў вершам «Да ластаўкі» (1892). Аўтар цыкла «Песні гневу», у якім заклікаў свой народ да духоўнага абнаўлення, ганьбіў яго за звычку да рабства, прыніжанасць і пакорлівасць. Аўтар паэм «Ззянне» (1901), «Нябожчыкі пустыні» (1902), «Паданне пра пагром» (1904), «Вогненны скрутак» (1905). У 1908—09 разам з І.Х.Раўніцкім склаў анталогію «Агада: Казанні, прытчы, выказванні Талмуда і Мідрашоў у 4-х ч.».

Тв.:

Рус. пер. — Песни и поэмы / Пер. В.Жаботинского. СПб., 1911;

Стихи разных лет / Пер. с иврита;

Город Резни: Поэма / Пер. с идиш // Иностр. Лит. 1990. № 4.

Літ.:

Горький М. О Х.-Н.Бялике;

Ходасевич В. Бялик // Иностр. лит. 1990. № 4.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 397

БЯЛІ́ЛЫ,

неарганічныя пігменты белага колеру. Найб. пашыраны бялілы цынкавыя (цынку аксід, ZnO) і тытанавыя (тытану дыаксід, TiO2).

Цынкавыя бяллілы не ядавітыя, устойлівыя да ўздзеяння святла, надаюць пакрыццю бляск, які доўга захоўваецца. Тытанавыя бялілы не ядавітыя, маюць высокую покрыўную здольнасць і інтэнсіўнасць, але пад дзеяннем святла страчваюць бляск, найб. святлоўстойлівая рутылавая форма (гл. Тытану аксіды). Атрымліваюць бялілы сінтэтычна. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ўсіх відаў фарбаў і эмаляў, разведзеныя на пакосце для фарбавання паверхняў з розных матэрыялаў (дрэва, металаў, гумы, пластмасаў, паперы).

т. 3, с. 397

БЯЛІ́ЛЬНАЯ ВА́ПНА,

гл. Хлорная вапна.

т. 3, с. 397

БЯЛІ́ННІК Пётр Сяргеевіч

(н. 14.10.1906, г. Ахтырка Сумскай вобл., Украіна),

украінскі спявак (лірычны тэнар). Нар. арт. СССР (1954). У 1933—36 вучыўся ў Харкаўскай кансерваторыі. У 1936—40 саліст Вял. т-ра ў Маскве, у 1942—64 — Кіеўскага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Ляўко, Пятро («Тапельніца», «Наталка Палтаўка» М.Лысенкі), Ёнтэк («Галька» С.Манюшкі), Андрэй («Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага), Герцаг («Рыгалета» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Лаэнгрын («Лаэнгрын» Р.Вагнера). Выступае як канцэртны спявак, выконвае ўкр. і рус. нар. песні і рамансы.

т. 3, с. 397

БЯЛІ́НСКАЯ Марыя Сяргееўна

(22.7.1906, Магілёў — 3.5.1990),

бел. актрыса. Нар. арт. Беларусі (1953). Скончыла Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). Працавала ў Бел. дзярж. т-рах імя Я.Коласа (1926—64) і Я.Купалы (1965—79). Выконвала ролі маладых гераінь, потым — характарныя. Мяккі лірызм арганічна спалучала з узнёсласцю і драматызмам. Сярод роляў: Марына («Вайна вайне» Я.Коласа), Таццяна Марыч («Над Бярозай-ракой» П.Глебкі), Старшыня калгаса («Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага), Глушачыха («Людзі на балоце» паводле І.Мележа), Кандраціха («Рудабельская рэспубліка» паводле С.Грахоўскага), Аксюша («Лес» А.Астроўскага), Марыя Антонаўна («Рэвізор» М.Гогаля), Насця, Рашэль («На дне», «Васа Жалязнова» М.Горкага), Афелія («Гамлет» У.Шэкспіра), Жаніна («Забаўны выпадак» К.Гальдоні), маці Віктара («Гульня з кошкай» І.Эркеня). Здымалася ў тэлевіз. фільмах «Трывожнае шчасце» паводле І.Шамякіна, «Людзі на балоце» і інш.

т. 3, с. 397

БЯЛІ́НСКІ Вісарыён Рыгоравіч

(11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),

рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.У.Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.І.Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.А.Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.А.Някрасава і І.І.Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.С.Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.Лермантава», «Ряздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1953—59;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1976—82.

Літ.:

Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.

Л.І.Зарэмба.

т. 3, с. 397