БЯЛІ́ЛЫ,

неарганічныя пігменты белага колеру. Найб. пашыраны бялілы цынкавыя (цынку аксід, ZnO) і тытанавыя (тытану дыаксід, TiO2).

Цынкавыя бяллілы не ядавітыя, устойлівыя да ўздзеяння святла, надаюць пакрыццю бляск, які доўга захоўваецца. Тытанавыя бялілы не ядавітыя, маюць высокую покрыўную здольнасць і інтэнсіўнасць, але пад дзеяннем святла страчваюць бляск, найб. святлоўстойлівая рутылавая форма (гл. Тытану аксіды). Атрымліваюць бялілы сінтэтычна. Выкарыстоўваюць у вытв-сці ўсіх відаў фарбаў і эмаляў, разведзеныя на пакосце для фарбавання паверхняў з розных матэрыялаў (дрэва, металаў, гумы, пластмасаў, паперы).

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)