БЯЛІ́НСКІ Вісарыён Рыгоравіч

(11.6.1811, г. Свеаборг, Расія, цяпер Суаменліна, Фінляндыя — 7.6.1848),

рускі літаратурны крытык, публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1833 збіраўся працаваць настаўнікам рус. мовы ў Беларусі, пазней адмовіўся. Зблізіўся з гуртком М.У.Станкевіча, дзе вывучаў філас. сістэмы Канта, Фіхтэ, Шэлінга; пазней зацікавіўся філасофіяй Гегеля. Супрацоўнічаў у выданнях М.І.Надзеждзіна «Телескоп» і «Молва» (1833—36), рэдагаваў час. «Московский наблюдатель» (1838—39). З 1839 у Пецярбургу, працаваў у «Отечественных записках» А.А.Краеўскага. У 1846—48 кіраваў крытычным аддзелам час. «Современник» М.А.Някрасава і І.І.Панаева. Бялінскаму ўласцівыя выключная эстэтычная чуйнасць, рознабаковы падыход да з’яў мастацтва. У крытыка-публіцыстычных артыкулах, аглядах, рэцэнзіях ён звяртаўся да пытанняў філасофіі (эвалюцыя ад ідэалізму да матэрыялізму), адстойваў ідэі рэв.-дэмакр. руху, на аснове дыялектыкі распрацоўваў тэорыю мастацтва і л-ры (гал. крытэрыямі каштоўнасці маст. твора лічыў прастату вымыслу, дасканаласць праўды жыцця, народнасць, арыгінальнасць), гісторыі л-ры (вылучаў ламаносаўскі, карамзінскі, пушкінскі, празаічна-апавяд. перыяды і інш.), тэорыі і гісторыі крытыкі як найб. яркага ўвасаблення развіцця грамадскай думкі. Сярод прац «Літаратурныя мары: (Элегія ў прозе)» (1834), «Аб рускай аповесці і аповесцях сп. Гогаля («Арабескі» і «Міргарад»)» (1835), «Нішто аб нічым, або Справаздача сп. выдаўцу «Тэлескопа»...» (1836), «Герой нашага часу... Твор М.Лермантава», «Гора ад розуму. Твор А.С.Грыбаедава» (абодва 1840), «Вершы М.Лермантава», «Ряздзяленне паэзіі на роды і віды», «Агульнае значэнне слова літаратура» (усе 1841), «Прыгоды Чычыкава, або Мёртвыя душы» і «Слова пра крытыку» (1842), а таксама пагадовыя агляды рус. л-ры 1840—47. Асаблівае месца ў творчасці Бялінскага належыць цыклу з 11 артыкулаў «Творы Аляксандра Пушкіна» (1843—46) — фактычна першай спробе манаграфічнага аналізу творчасці пісьменніка на фоне гіст. і літ. працэсаў. «Ліст да Гогаля» (1847), напісаны за мяжой, стаў своеасаблівым завяшчаннем крытыка.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—13. М., 1953—59;

Собр. соч. Т. 1—9. М., 1976—82.

Літ.:

Березина В.Г. Этюды о Белинском — журналисте и критике. СПб., 1991.

Л.І.Зарэмба.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)