БЯ́ЛІК Хаім Нахман

(9.1.1873, в. Рады на Валыні, Украіна — 4.7.1934),

яўрэйскі паэт. Скончыў Валожынскую (на Беларусі) яўр. духоўную акадэмію. У 1921 пакінуў Расію, жыў у Берліне, з 1924 у Палесціне. Пісаў пераважна на іўрыце, таксама на ідыш. Рэфарматар паэзіі на іўрыце, у якой арганічна спалучаў духоўную і моўную сілу ТаНаХа (Старога запавету), лепшыя дасягненні яўр. сярэдневяковай л-ры, містычную ўзнёсласць кабалістыкі і навацыі еўрап. паэзіі неарамантызму і сімвалізму. Дэбютаваў вершам «Да ластаўкі» (1892). Аўтар цыкла «Песні гневу», у якім заклікаў свой народ да духоўнага абнаўлення, ганьбіў яго за звычку да рабства, прыніжанасць і пакорлівасць. Аўтар паэм «Ззянне» (1901), «Нябожчыкі пустыні» (1902), «Паданне пра пагром» (1904), «Вогненны скрутак» (1905). У 1908—09 разам з І.Х.Раўніцкім склаў анталогію «Агада: Казанні, прытчы, выказванні Талмуда і Мідрашоў у 4-х ч.».

Тв.:

Рус. пер. — Песни и поэмы / Пер. В.Жаботинского. СПб., 1911;

Стихи разных лет / Пер. с иврита;

Город Резни: Поэма / Пер. с идиш // Иностр. Лит. 1990. № 4.

Літ.:

Горький М. О Х.-Н.Бялике;

Ходасевич В. Бялик // Иностр. лит. 1990. № 4.

Г.В.Сініла.

т. 3, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)