Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

БРЫ́ДЖТАЎН

(Bridgetown),

горад, сталіца Барбадаса. На З вострава. Засн. ў 1628. 7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы нафтаперапр., лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць і вываз цукру, патакі, рому. Бункерная станцыя. Курорт. Ун-т Вест-Індыі. Турызм. Арх. помнікі 18 ст.

т. 3, с. 274

БРЫ́ДЭР

(англ. breeder літар. вытворца),

разнавіднасць рэактара-размнажальніка.

т. 3, с. 274

БРЫ́ЕВЫЯ ІМХІ́,

брыіды, зялёныя імхі (Bryidae), падклас лістасцябловых імхоў. Каля 85 сям., 700 родаў і 14 тыс. відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі каля 40 сям., 115 родаў (найб. пашыраныя брый, дыкран, плеўрозій, зязюлін лён, цэратадон і інш.), 290 відаў. Брыевыя імхі найб. эвалюцыйна дасканалая група. Торфаўтваральнікі; разам з водарасцямі ўтвараюць падводныя згуртаванні, нярэдка дамінанты і субдамінанты жывога наглебавага покрыва, прыстанішча для дробных беспазваночных жывёл. Садзейнічаюць знікненню адных, узнаўленню і пашырэнню другіх відаў раслін, забалочванню глеб, зарастанню вадаёмаў, пагаршаюць якасць лугоў.

Шмат- або аднагадовыя імхі розных памераў (ад 1 мм да 50 см), звычайна зялёныя. Сцябло простае, вілавата- або монападыяльна-разгалінаванае, двух-, шматрадковааблісцелае, з рызоідамі, нярэдка мае дыферэнцыяцыю на тканкі. Каробачка спарагона ў большасці відаў з перыстомам.

Літ.: Жизнь растений. Т. 4. М., 1978; Игнатов М.С., Афонина О.М. Список мхов территории бывшего СССР // Arctoa: Бриол. журн. М., 1992. Т. 1 (1—2).

Г.Ф.Рыкоўскі.

т. 3, с. 274

БРЫЁНІЯ , гл. Пярэступ.

т. 3, с. 274

БРЫЖЭ́ЙКА,

складка брушыны, што прымацоўвае ўнутрыбрушныя органы ў другаснай поласці цела чалавека і жывёл. Развіваецца ў зародку з унутраных (вісцэральных) лісткоў бакавых пласцінак, якія зрастаюцца паміж сабой над і пад кішэчнікам і ўтвараюць 2 брыжэйкі: спінную і брушную.

У сталых арганізмах звычайна захоўваецца толькі адна брыжэйка. У пазваночных — спінная брыжэйка; на ёй падвешваецца кішэчнік і да яго ў тоўшчы брыжэйкі праходзяць нервы, крывяносныя і лімфатычныя сасуды. Брушная брыжэйка рэдукуецца, яе пярэдні аддзел ператвараецца ў серпападобную звязку печані, задні ўтварае звязку, якая падтрымлівае ў некаторых рыб і земнаводных клааку, а ў млекакормячых мачавы пузыр. У чалавека брыжэйка — складка брушыны, што ўкрывае ножку кожнага ўнутрыбрушнога органа, якой ён прымацаваны да сценкі брушной поласці. Вонкава брыжэйка падобная на даўнейшы каўнер са складкамі — брыжы (адсюль назва).

т. 3, с. 274

БРЫЗ

(ад франц. brise лёгкі вецер),

мясцовы вецер на ўзбярэжжы мораў, вял. азёр, вадасховішчаў і рэк. Двойчы на працягу сутак мяняе напрамак: дзённы брыз дзьме з воднай паверхні на нагрэтую сушу, начны — наадварот. Абумоўлены нераўнамерным награваннем паветра над паверхняй вадаёма і сушы. Скорасць 2—5 м/с. Найб. бывае летам пры ўстойлівых антыцыклонах, ахоплівае слой паветра да 1 км, пашыраецца на 10—50 км ад берагавой лініі. Найчасцей назіраецца ў тропіках. На Беларусі адзначаецца на вял. вадаёмах, скорасць каля 2 м/с.

т. 3, с. 274

БРЫЗА́НТНЫЯ ВЫБУХО́ВЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

другасныя выбуховыя рэчывы, асноўны рэжым выбуховага ператварэння якіх — дэтанацыя. Паводле саставу падзяляюць на індывідуальныя злучэнні і сумесі.

Большасць індывідуальных брызантных выбуховых рэчываў — араматычныя нітразлучэнні (найважнейшыя — трынітраталуол і трынітрабензол), нітраміны (гексаген, акгаген), нітраэфіры (нітрагліцэрын, нітраты цэлюлозы). Сумесевыя брызантныя выбуховыя рэчывы — сплавы нітразлучэнняў, мех. сумесі нітразлучэнняў і іх сплаваў з інш. рэчывамі (напр., алюматол), сумесі нітрату амонію з нітразлучэннямі (аманіты) і з невыбуховым гаручым (дынамоны), сумесі на аснове вадкіх нітратаў (напр., дынаміты).

Выкарыстоўваюць у горнай прам-сці, пры апрацоўцы металаў выбухам, у сейсмаразведцы, у ваен. тэхніцы для вытвсці боепрыпасаў.

Літ.:

Орлова Е.Ю. Химия и технология бризантных взрывчатых веществ. 3 изд. Л., 1981.

т. 3, с. 274

БРЫЗГЛІ́НА

(Euonymus),

род кветкавых раслін сям. брызглінавых. Каля 220. відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі (асабліва ў Кітаі, Японіі, Індакітаі, Гімалаях), Амерыцы і Аўстраліі. На Беларусі ў лясах, хмызняках па берагавых схілах рэк і ў ярах трапляюцца брызгліна бародаўчатая (Е. verrucosa) і еўрапейская (Е. europaea). У Цэнтр. бат. садзе АН вырошчваюць 10 інтрадукаваных відаў, з якіх найб. перспектыўныя для зялёнага буд-ва брызгліна карлікавая (Е. nana), Маака (Е. maakii), шыракалістая (Е. latifolia) і свяшчэнная (Е. sacrosancta).

Шматгадовазялёныя і лістападныя кусты або невял. дрэвы. Галінкі гладкія ці ў густых бародаўках. Лісце авальна-падоўжанае, супраціўнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, пляскатыя, у паўпарасоніках, зрэдку — адзіночныя. Плод — скурыстая каробачка. Дэкар., лек. (сардэчны, гіпатэнзіўны, ірвотны, слабіцельны, вітамінны сродак), інсектыцыдныя, тэхн. (драўнінныя, гутаперчаносныя, фарбавальныя і алейныя) расліны. Усе часткі брызгліны ядавітыя (маюць сардэчны гліказід эванізід), у лісці да 170 мг% аскарбінавай к-ты.

т. 3, с. 274

БРЫЗЕ́НТ

(галанд. presenning),

шчыльная тканіна з тоўстай пражы, прамочанай воданепранікальнымі і процігніласнымі саставамі. Вырабляюць з хім. валокнаў, часам бывае льняны, паўільняны ці баваўняны. Выкарыстоўваюць для ўкрыцця розных матэрыялаў, машын, а таксама для вырабу спецвопраткі, абутку.

т. 3, с. 274

БРЫІ́ДЫ,

гл. Брыевыя імхі.

т. 3, с. 275