БРО́ЕР
(Breuer) Марсель Лаяш (22.5.1902, г. Печ, Венгрыя — 1.7.1981),
амерыканскі архітэктар. Адзін з лідэраў функцыяналізму. У 1920—28 вучыўся і працаваў у Германіі ў асн. як праекціроўшчык мэблі. З 1937 у ЗША. У сваёй творчасці імкнуўся да дакладнасці і выразнай структурнасці арх. кампазіцыі, кампактнасці планаў і аб’ёмаў. Сярод работ: будынкі ЮНЕСКА у Парыжы (1953—57, з Б.Зерфюсам і П.Л.Нерві), Музея амер. мастацтва Уітні ў Нью-Йорку (1966), універмага «Дэ Беенкорф» у Ротэрдаме (1956—57). Распрацоўваў тыпы аднасямейнага дома (загарадны дом у штаце Масачусетс, 1947, і інш.), працаваў як дызайнер.
т. 3, с. 258
БРО́ЖА,
Продзвінка, Брожка, рака ў Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 28 км. Пл. вадазбору 390 км². Пачынаецца паміж вёскамі Мачулкі і Мартынаўка, вусце за 1,5 км на У ад в. Продзвіна. У верхнім цячэнні 10 км рэчышча каналізавана.
т. 3, с. 258
БРО́ЖА,
пасёлак у Беларусі, у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл., каля р. Брожа. Цэнтр сельсавета. Чыг. ст. на лініі Бабруйск—г.п. Акцябрскі. За 25 км на Пд ад Бабруйска, 135 км ад Магілёва. 737 ж., 355 двароў (1995). Аддзяленне Бабруйскай птушкафабрыкі «Брожа», лесаўчастак Бабруйскага леспрамгаса, лясніцтва, швейны цэх. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. Сувязі.
т. 3, с. 258
БРО́ЖСКІ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫ ЗАВО́Д.
Дзейнічаў у 1916—20 на чыг. станцыі Брожа Лібава-Роменскай чыгункі (цяпер у Бабруйскім р-не Магілёўскай вобл.). Працавалі 75 рабочых (1918).
т. 3, с. 258
БРО́ЙЛЕР
(англ. broiler ад broil смажыць на агні),
адкормленае на мяса кураня ва ўзросце да 70 сутак, з жывой масай да 2 кг. Для вытв-сці бройлераў выкарыстоўваюць мяса-яечныя, мясныя пароды курэй і мясныя лініі гэтых курэй (бацькаўскай формай у скрыжаваннях служыць парода корніш, мацярынскай — белы плімутрок). Бройлеры вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, нізкімі затратамі корму. Мяса бройлера — дыетычны прадукт, які мае да 22,5% бялку, далікатнае і сакаўное. Бройлерам наз. таксама гібрыдны маладняк інш. відаў птушкі, які гадуюць на мяса (качанят не старэй за 8 тыдняў, гусянят і цацаранят ва ўзросце да 12 тыдняў, індычанят — да 19 тыдняў).
т. 3, с. 258
БРОЙЛЬ
(Broglie),
дэ Бральі, французскія фізікі, браты.
Марыс (27.4.1875, Парыж — 14.7.1960), замежны чл.-кар. АН СССР (1927). Скончыў Марсельскі ун-т (1900). Навук. даследаванні па рэнтгенаўскай спектраскапіі, атамнай і ядз. фізіцы праводзіў у сваёй прыватнай лабараторыі. У 1908 эксперыментальна вызначыў зарад электрона, сканструяваў рэнтгенаўскі спектрограф.
Луі Віктор (15.8.1892, г. Дзьеп, Францыя — 19.3.1987), адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Парыжскай АН (1933), замежны чл. АН СССР (1958) і інш. акадэмій, праф. Парыжскага ун-та ў 1928—62. Вучань Марыса Бройля. Скончыў Парыжскі ун-т (1913). Навук. працы па класічнай і квантавай механіцы, тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў (1924) гіпотэзу пра хвалевыя ўласцівасці матэрыі (гл. Хвалі дэ Бройля). Аўтар манаграфій (рус. пер.): «Уводзіны ў хвалевую механіку» (1934), «Па сцежках навукі» (1962), «Рэвалюцыя ў фізіцы» (1965). Нобелеўская прэмія 1929.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
т. 3, с. 258
БРОК
(Broch) Олаф (4.8.1867, г. Хортэн, Нарвегія — 28.1.1961),
нарвежскі мовазнавец-славіст. Праф. ун-та ў Осла (1900). Стваральнік слав. апісальнай фанетыкі. Даследуючы слав. мовы, значную ўвагу аддаваў бел. мове і яе дыялектам («Пра адзін беларускі дыялект на поўдзень ад Вільні», 1957). Аўтар прац: «Нарыс фізіялогіі славянскай мовы» (1910), «Гаворкі на захад ад Масальска» (1916). Пераклаў на нарв. мову «Ганну Карэніну» Л.Талстога і «Братоў Карамазавых» Ф.Дастаеўскага.
Тв.:
Studien von der slovakisch-kleinrussischen Sprachgrenze im östlichen Ungarn. [T. 1—2]. Kristiania, 1897—99;
Die Dialekte des südlichsten Serbiens. Wien, 1903.
т. 3, с. 258
БРО́КАЛІ,
падвід цвятной капусты; гл. ў арт. Капуста.
т. 3, с. 258
БРО́КЕН
(Brocken),
самая высокая вяршыня ў гарах Гарц, у Германіі. Выш. 1142 м. Складзена з гранітаў, мае форму ўсечанага конуса. Уваходзіць у рэзерват Обергарц. З Брокенам звязаны шэраг ням. нар. легендаў (зборышча ведзьмаў на Брокене ў Вальпургіеву ноч і інш.). Турызм.
т. 3, с. 258