БРА́ГА
(Braga) Тэафілу (24.2.1843, г. Понта-Дэлгада, Азорскія а-вы — 28.1.1924),
партугальскі паліт. дзеяч, літаратуразнавец, гісторык. Праф. ун-та ў Лісабоне (з 1872). Адзін з арганізатараў рэсп. руху. Прэм’ер-міністр Часовага рэсп. ўрада Партугаліі (1910—11), першы прэзідэнт Партуг. рэспублікі (1915—19). Прадстаўнік і прапагандыст пазітывізму ў партуг. л-ры. Працы па літаратуры, гісторыі, этналогіі, філасофіі і інш. (больш як 100 тамоў).
т. 3, с. 227
БРАГА́НСА
(Braganҫa, Braganza),
дынастыя каралёў Партугаліі (1640—1910) і імператараў Бразіліі (1822—89). Заснавальнік — Жуан IV [1640—56]. Пасля смерці каралевы Марыі да Глорыі [1834—53] яе муж Фердынанд Саксен-Кобург-Гоцкі заснаваў дынастыю Браганса-Кобург, прадстаўнікі якой правілі ў Партугаліі да Партугальскай рэвалюцыі 1910. У Бразіліі пасля яе аддзялення ад Партугаліі і да абвяшчэння рэспублікай правілі імператары Педру І [1822—31] і Педру II [1831—89].
т. 3, с. 227
БРА́ГЕ
(Brahe) Ціха (14.12.1546, Кнудструп, Швецыя — 24.10.1601),
дацкі астраном, рэфарматар практычнай астраноміі. Вучыўся ў Капенгагенскім і Лейпцыгскім ун-тах. У 1576 пабудаваў абсерваторыю Ураніборг, дзе больш за 20 гадоў сістэматычна з найвышэйшай дакладнасцю вызначаў месцазнаходжанне зорак на нябеснай сферы. Адкрыў дзве няроўнасці ў руху Месяца, даказаў, што каметы — нябесныя целы, больш далёкія за Месяц. Склаў каталог зорак, табліцы астр. рэфракцыі і інш. Яго назіранні Марса далі магчымасць І.Кеплеру ўстанавіць законы руху планет.
Літ.:
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ. М., 1966. С. 219.
т. 3, с. 227
БРА́ГІН,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Брагінскага р-на Гомельскай вобл., на р. Брагінка. За 130 км ад Гомеля, 28 км ад чыг. ст. Хойнікі, аўтадарогамі злучаны з Хойнікамі, Камарынам, Рэчыцай, Лоевам. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, адбываецца дэпапуляцыя (насельніцтва зменшылася з 5,6 тыс. ж. у 1985 да 2,0 тыс. ж. у 1995).
Узнік як дрыгавіцкі горад у зоне збліжэння дрыгавічоў, палян і севяран. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1147. У 1241 ці ў 1242, верагодна, спалены мангола-татарамі. З 1360-х г. у ВКЛ, уласнасць вял. князёў. У 15—17 ст. існаваў Брагінскі замак. У канцы 16—17 ст. належаў Вішнявецкім. У час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны ўрадавымі войскамі і заняпаў. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. У 1897 у Брагіне 4,3 тыс. ж. З 1926 цэнтр Брагінскага р-на. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939 — 4,7 тыс. ж З 28.8.1941 да 23.11.1943 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў Брагіне і раёне 8970 чал. Дзейнічала Брагінскае патрыятычнае падполле. У 1969 — 6,7 тыс. жыхароў.
Прадпрыемствы харч. прам-сці, сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, Дом культуры, б-ка, бальніца, паліклініка. Брацкія магілы сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму.
т. 3, с. 227
«БРА́ГІН»,
жалезакаменны метэарыт, які выпаў у Брагінскім р-не Гомельскай вобл. З 1807 знойдзена 10 экз. агульнай масай 800 кг, зберагліся толькі тры: 2 у Бел. калекцыі метэарытаў (73 і 12 кг) і 1 у калекцыі Расійскай АН (66,5 кг).
т. 3, с. 227
БРА́ГІН Аляксей Фёдаравіч
(27.3.1905, в. Бурцава Багародскага р-на Ніжагародскай вобл., Расія — 9.10.1941),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў патрыятычнага падполля і партыз. руху на тэр. Мінскай і Палескай абл. у Вял. Айч. вайну. Скончыў Вышэйшую школу партарганізатараў пры ЦК ВКП(б) (1940). З ліп. 1940 нам. заг. аддзела, сакратар Мінскага абкома КП(б)Б. З ліп. 1941 сакратар Мінскага падп. абкома КП(б)Б, ствараў падп. райкомы партыі, арганізоўваў партыз. атрады. Пры выкананні задання схоплены гітлераўцамі каля пас. Чырвоная Паляна Любанскага р-на, забіты пры спробе ўцячы.
т. 3, с. 227
БРА́ГІН Анатоль Міхайлавіч
(н. 22.4.1909, с. Новая Чыгла Талаўскага р-на Варонежскай вобл., Расія),
бел. аграхімік. Д-р с.-г. н. (1969), праф. (1970). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1979). Скончыў Варонежскі с.-г. ін-т (1936). З 1949 у БСГА. Навук. працы па тэарэт. асновах выкарыстання сістэм угнаення і павышэння ўрадлівасці ворных глебаў, распрацаваў рэкамендацыі па выкарыстанні ўгнаенняў на Беларусі.
т. 3, с. 227
БРА́ГІНКА,
рака ў Беларусі (у Гомельскай вобл.) і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці. Даўж. 179 км, у межах Беларусі — 167,5 км. Пл. вадазбору 2778 км², у межах Беларусі — 1886,5 км². Пасля рэгулявальных работ — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самаст. аб’екты: Брагінка Верхняя — ад вытоку (за 500 м на З ад в. Пракісель Рэчыцкага р-на) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі р-ны, даўж. 76 км, пл. вадазбору 1390 км²); Брагінка Сярэдняя — ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на Пд ад в. Гарадзішча Брагінскага р-на) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі р-н, даўж. 55 км, пл. вадазбору 460 км²); Брагінка Ніжняя — ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасх. ў межах Украіны (Брагінскі р-н, у межах Беларусі даўж. 36,5 км, пл. вадазбору 928 км²).
Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Пойма нізкая, забалочаная, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. ў межань Верхняй Брагінка 8—14 м, Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ — г. Брагін.
т. 3, с. 227
БРА́ГІНСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ўВялікую Айчынную вайну. Дзейнічала з канца 1941 да вер. 1943 у г.п. Брагін і в. Савічы Брагінскага р-на. Групы ў Брагіне (15 чал., кіраўнікі П.Р.Зяновіч, М.Л.Дубіна, С.І.Рэпчанка) і Савічах (19 чал., кіраўнікі С.І. і Ф.І.Філіпенкі, Ф.А.Загаранскі) наладзілі сувязь з партызанамі, прымалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, лістоўкі, здабывалі зброю і боепрыпасы, перашкаджалі фашыстам вывозіць моладзь у Германію, разграмілі варожы гарнізон і маслазавод у Савічах. Пасля арышту і расстрэлу асн. складу падпольшчыкаў патрыёты з новым папаўненнем узмацнілі дапамогу партызанам, агітацыю ў славацкіх падраздзяленнях праціўніка. У час разгрому партызанамі варожага гарнізона ў Брагіне спалілі друкарню, вывелі са строю электрастанцыю і перайшлі ў партыз. атрад імя Катоўскага.
т. 3, с. 227
БРА́ГІНСКА-ЛО́ЕЎСКАЯ СЕДЛАВІ́НА,
тэктанічная структура Прыпяцка-Данецкага аўлакагена. Падзяляе Прыпяцкі і Дняпроўска-Данецкі прагіны, прыўзнята адносна іх на 1,5 і 0,5 км адпаведна, абмежавана разломамі на З, Пн і У. Уключае Брагінскі пахаваны выступ (заходзіць з Пд ад Украінскага шчыта і цягнецца на Пн—ПнЗ, шыр. каля 40 км, даўж. 50 км, паверхня крышт. фундамента на адзнаках ад -0,3 км да -1,5 км) і Лоеўскую седлавіну (на Пн ад выступу, шыр. 30—40 км, даўж. 60 км, фундамент на адзнаках ад -2 км да -4,5 км). Большая частка платформавага чахла седлавіны складзена з парод дэвону.
т. 3, с. 227