АЎТАГЕМАТЭРАПІ́Я
(ад аўта... + гема... + тэрапія),
метад лячэння хворага ўласнай крывёю, якая ўзята з яго вены і ўведзена ўнутрымышачна або падскурна. Выкарыстоўваецца пры фурункулёзе, хранічных гнойна-запаленчых працэсах, анеміі, трафічных язвах, насавых і некаторых унутраных крывацёках (напр., пры кроватачывых язвах страўніка і дванаццаціперснай кішкі), пры інш. захворваннях, якія патрабуюць агульнастымулявальнага ўздзеяння. Стымулюе кроваўтварэнне, павышае неспецыфічны імунітэт.
т. 2, с. 108
АЎТАГЕНЕ́З
(ад аўта... + ...генез),
у эвалюцыйным вучэнні адна з канцэпцый, у аснове якой ляжыць перадумова аб незалежнай ад знешніх умоў эвалюцыі жывой прыроды, што накіроўваецца і рэгулюецца ўнутр. нематэрыяльнымі фактарамі. Аўтагенез блізкі да віталізму. Аўтагенетычны характар маюць вучэнні аб градацыі Ж.Б.Ламарка, арыстагенез Г.Осбарна, батмагенез Э.Копа, номагенез Л.С.Берга і інш. Прыхільнікі аўтагенезу бачаць доказы аўтагенетычных тэндэнцый эвалюцыі ў з’явах эвалюцыйнага паралелізму і канвергенцыі ў біялогіі.
т. 2, с. 109
АЎТАГЕ́ННАЯ ТРЭНІРО́ЎКА,
метад лячэння, які прадугледжвае навучанне пацыентаў мышачнай рэлаксацыі (расслабленасці), самаўнушэнню, уменню кантраляваць міжвольную разумовую актыўнасць з мэтай памяншэння эмацыянальнай напружанасці, павышэння эфектыўнасці значнай для суб’екта дзейнасці. Вылучаюць 2 ступені аўтагеннай трэніроўкі: навучанне рэлаксацыі, стварэнне адчуванняў цяжкасці, цяпла, холаду, якія сведчаць аб кіраванні вегетатыўнымі функцыямі і стварэнне гіпнатычных станаў рознага ўзроўню. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, спорце, педагогіцы, на вытворчасці, у самавыхаванні.
т. 2, с. 109
АЎТАГІПНО́З
(ад аўта... + гіпноз),
гіпнатычны стан (гл. Гіпноз), выкліканы самаўнушэннем, у процілегласць гетэрагіпнозу, выкліканаму ўздзеяннем інш. чалавека; адзін з прыёмаў у аўтагеннай трэніроўцы. Мэтанакіраванае ўвядзенне самога сябе ў гіпнатычны стан дасягаецца пэўнымі прыёмамі. Схільнасць да аўтагіпнозу залежыць ад фіз. і эмацыянальнага стану, асобасных асаблівасцяў, здольнасці да самакіравання фізіял. і псіхічнымі функцыямі.
т. 2, с. 109
АЎТАДАФЭ́
(партуг. auto-de-fé літар. акт веры),
абвяшчэнне і выкананне прыгавору інквізіцыі — публічнае спаленне на вогнішчы асуджаных за ерась або грахі. Першыя аўтадафэ праведзены ў 13 ст. ў Іспаніі, Партугаліі і іх калоніях. У канцы 15 ст. набылі характар масавага тэатралізаванага рытуальнага відовішча. У Іспаніі на працягу 1481—1808 спалена каля 35 тыс. чал. Апошняе аўтадафэ адбылося ў 1826 у Валенсіі.
т. 2, с. 109
АЎТАДРО́М
(ад аўта... + грэч. dromos месца для бегу),
тэрыторыя з комплексам дарог і збудаванняў для выпрабавання аўтамабіляў і правядзення аўтаспаборніцтваў. Тэр. для спарт. спаборніцтваў і выпрабаванняў аўтамабіляў і матацыклаў наз. аўтамотадромам. Адзін з першых аўтадромаў (трэкаў) пабудаваны ў Англіі — Бруклінскі (1906).
Аўтадром складаецца з замкнёнай (асноўнай) дарогі і дапаможных дарог. Замкнёная дарога (трэк) мае бетоннае пакрыццё і нахіл на віражах, што дае магчымасць развіваць макс. скорасць. Дапаможныя дарогі маюць розныя тыпы пакрыццяў: асфальтабетонныя, гравійныя, грунтавыя, на асобных участках з калдобінамі, крутымі пад’ёмамі і з’ездамі, рабрыстымі бетоннымі пакрыццямі і інш. перашкодамі для выпрабавання аўтамабіляў на трываласць, надзейнасць, устойлівасць. У склад аўтадрома ўваходзяць таксама трыбуны для гледачоў, пляцоўкі для спаборніцтваў, гаражы, памяшканні для тэхн. абслугоўвання машын, метэаралагічная станцыя і інш.
т. 2, с. 109
АЎТАДРЫЗІ́НА
(ад аўта... + дрызіна),
самаходны сродак рэйкавага транспарту для перавозкі службовага персаналу, механізмаў і матэрыялаў на невял. адлегласць. Мае рухавік унутранага згарання магутнасцю 180 кВт, скорасць 50—90 км/гадз. Падзяляюцца на пасажырскія, грузавыя (з пад’ёмным кранам грузападымальнасцю да 3,5 т), мантажныя (з вышкай для мантажных работ); бываюць няздымныя і здымныя, адкрытыя і закрытыя. Да аўтадрызіны пры неабходнасці прычапляюць 1—2 платформы або вагоны. Аўтадрызіна выцесніла дрызіну.
т. 2, с. 109
АЎТАДЫСПЕ́ТЧАР
(ад аўта... + англ. dispatcher адпраўшчык),
комплексная сістэма (клас сістэм «Чалавек—машына»), якая аўтаматычна (поўнасцю або часткова) выконвае функцыі дыспетчара. У склад аўтадыспетчара ўваходзяць кіравальная выліч. машына і сродкі сувязі дыспетчара з машынай і кіроўным аб’ектам. Задача аўтадыспетчара: збор і апрацоўка інфармацыі пра ход тэхнал. працэсу; выбар аптымальнага рэжыму працэсу з магчымых варыянтаў; выдача камандаў, каб рэалізаваць аптымальны рэжым. Найпрасцейшы аўтадыспетчар збірае і рэгіструе інфармацыю, неабходную ў аператыўнай рабоце дыспетчара. Выкарыстоўваюць у энергетыцы, сістэмах сувязі, на транспарце, металургічных і хім. прадпрыемствах і інш.
т. 2, с. 109