АЦЭТЫЛЕ́НАВЫ ГЕНЕРА́ТАР,
апарат для атрымання ацэтылену пры раскладанні карбіду кальцыю вадой. Нізкага (да 10 кПа) і сярэдняга (да 150 кПа) лішкавага ціску, звычайна перасоўны; выкарыстоўваецца ў асноўным пры газавай зварцы. Ацэтыленавы генератар высокага ціску (больш за 150 кПа) стацыянарны, выкарыстоўваецца для атрымання вял. аб’ёму ацэтылену ў хім., фармацэўтычнай, харч. Прам-сці.
т. 2, с. 164
АЦЭТЫЛСАЛІЦЫ́ЛАВАЯ КІСЛАТА́,
аспірын, вытворнае саліцылавай кіслаты, мал. м. 180,2. Бясколерныя крышталі, tпл 141—144 °C, мала раствараецца ў вадзе (1:300), лепш у этылавым спірце (1:7). Атрымліваюць ацыліраваннем саліцылавай кіслаты воцатным ангідрыдам.
Процізапаленчы сродак з анальгетычнымі і гарачкапаніжальнымі ўласцівасцямі, выкарыстоўваецца пры рэўматызме, неўралгіях, ліхаманкавых захворваннях і інш. Хутка ўсмоктваецца са страўніка, звязваецца бялком сывараткі крыві (97%), выводзіцца ў асноўным праз ныркі. Уваходзіць у састаў камбінаваных лекаў (асфен, аскафен, цытрамон).
т. 2, с. 164
АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,
воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.
Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв. сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв. сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.
т. 2, с. 164