АЦЭТЫЛХАЛІ́Н,

воцатнакіслы эфір халіну, CH3COO(CH2)2NOH(CH3)3, арганічнае рэчыва, рэгулятар фізіял. функцый у арганізме чалавека і жывёл. Бясколерныя крышталі, раствараюцца ў вадзе, спірце і інш. растваральніках. Ёсць у тканках чалавека, пазваночных і многіх беспазваночных жывёл, знойдзены ў некат. раслінных ядах.

Фізіял. значэнне ацэтылхаліну высветлена аўстр. вучоным О.Лёві (1921). Ацэтылхалін — хім. перадатчык нерв. імпульсаў у месцах кантактаў нерв. валокнаў з нерв. клеткамі (сінапсах) парасімпатычнай нерв. сістэмы і ў гангліях вегетатыўнай нерв. сістэмы. Бесперапынна сінтэзуецца пры ацэтыліраванні халіну з дапамогай ферменту ацэтылхалінтрансферазы, разбураецца з дапамогай ацэтылхалінэстэразы. Уведзены ў арганізм ацэтылхалін паслабляе сардэчную дзейнасць, запавольвае пульс, узмацняе дзейнасць гладкай мускулатуры бронхаў, страўніка, маткі і інш.

т. 2, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)