Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АФАНА́СЬЕЎ Пётра, жывапісец 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. У крас. 1680 накіраваны ў Аляксандраву Слабаду для выканання спраў па асабістых загадах цара.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Сава, ювелір-пераплётчык 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Кнігадрукарскім прыказе ў Маскве. У 1680 зрабіў багатыя абклады для кніг П.Скаргі на польскай мове і кнігі Ж.Кальвіна на лац. мове.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎ Якаў Мікітавіч

(21.10.1877, г. Балашоў Саратаўскай вобл., Расія — 20.12.1937),

бел. глебазнавец. Акад. АН БССР (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1901). З 1921 праф., заг. кафедры глебазнаўства Горацкай с.-г. акадэміі, з 1931 дырэктар Ін-та аграглебазнаўства АН БССР. Навук. працы па генезісе глебаў і глебаўтваральных парод Беларусі, устанаўленні заканамернасці іх фарміравання; па класіфікацыі і раянаванні глебаў, іх агранамічнай характарыстыцы і павышэнні прадукцыйнасці. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі і адной з першых глебазнаўчых картаў свету. Прапанаваў новую класіфікацыю глебаў; дапоўніў вучэнне В.В.Дакучаева пра гарызантальную і вертыкальную занальнасці глебаў палажэннем аб мікразанальнасці. Арыштаваны ў жніўні 1937 і прыгавораны 19.12.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.

Тв.:

Глебавыя раёны БССР. Мн., 1931;

Як павысіць ураджайнасць на глебах БССР. Мн., 1933.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Дубровенскім раёне Віцебскай вобл., у бас. р. Лучоса, за 1 км на ПдУ ад в. Азёры. Пл. 0,28 км², даўж. 1,55 км, найб. шыр. 400 м. Пл. вадазбору 80,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, пад хмызняком. Берагі высокія. Праз возера цячэ р. Вярхіта.

т. 2, с. 126

АФАНА́СЬЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі энеаліту (3-е — пач. 2-га тыс. да нашай эры) у вярхоўях Енісея і на Алтаі. Назва ад могільніка каля гары Афанасьеўская недалёка ад в. Бацяні (Хакасія). Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, жыло на паселішчах у драўляных паўзямлянках і наземных зрубных жытлах. Была развіта апрацоўка медзі. Нябожчыкаў хавалі ў скурчаным стане, у спушчаных у яму зрубах пад землянымі насыпамі ці каменнымі вымасткамі. Для афанасьеўскай культуры характэрны вастрадонны ці кругладонны яйцападобны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні разным ці штампаваным арнаментам. Носьбіты афанасьеўскай культуры ў антрапал. і культ. дачыненні былі крайняй усх. галіной еўрапеоідных плямёнаў Еўразіі.

т. 2, с. 126

Афанасьеў Віктар Міхайлавіч

т. 18, кн. 1, с. 339

АФА́Р,

Данакіль, тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім. т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.

т. 2, с. 126

АФАРМЛЕ́НЧАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчай дзейнасці па функцыянальным комплексным аб’яднанні навакольнай прасторы ў адзінае мастацкае цэлае. Раней пад афармленчым мастацтвам разумелі святочнае (часовае) афармленне вуліц, плошчаў, дэманстрацый, гулянняў, экспазіцый, стэндаў нагляднай агітацыі і гэтак далей. З 1970-х г. дыяпазон афармленчага мастацтва значна пашырыўся. Яно ўключае дызайн (часткова), прамысл. графіку, афармленне інтэр’ераў грамадскіх будынкаў, вырашэнне экспазіцыйных выставак, музеяў і інш. На Беларусі развіваецца з 1920-х г., калі група «Сцвярджальнікаў новага мастацтва» ў Віцебску на чале з К.Малевічам выпрацавала праграму мастака-афарміцеля. Сярод сучасных мастакоў у афармленчым мастацтве працуюць Э.Агуновіч, Я.Ждан, А.Зайцаў, М.Кірылаў, А.Кроль, І.Харламаў і інш.

Літ.:

Искусство и быт: [Сб. статей]. Вып. 2. М., 1964;

Бродский Б. Художник и город. М., 1965.

Э.К.Агуновіч.

т. 2, с. 127

АФАРЫ́ЗМ

(грэч. aphorismos),

трапнае выслоўе, якое ва ўстойлівай і лаканічнай форме перадае змястоўную і арыгінальную думку — жыццёвае назіранне, маральную сентэнцыю, разважанне і інш.: «Воля сонейку раўня» (Я.Купала), «Лес не сякуць языкамі» (К.Крапіва), «Чакаць тады спакойна можна, калі няма чаго чакаць» (А.Звонак). Афарызмы маюць канкрэтнага стваральніка (пісьменніка, вучонага і інш.), ужываюцца ў вуснай і пісьмовай мове для вобразнай характарыстыкі з’яў і падзей.

І.Л.Бурак.

т. 2, с. 127