АФАНА́СЬЕЎ Якаў Мікітавіч
(21.10.1877, г. Балашоў Саратаўскай вобл., Расія — 20.12.1937),
бел. глебазнавец. Акад. АН БССР (1928). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1901). З 1921 праф., заг. кафедры глебазнаўства Горацкай с.-г. акадэміі, з 1931 дырэктар Ін-та аграглебазнаўства АН БССР. Навук. працы па генезісе глебаў і глебаўтваральных парод Беларусі, устанаўленні заканамернасці іх фарміравання; па класіфікацыі і раянаванні глебаў, іх агранамічнай характарыстыцы і павышэнні прадукцыйнасці. Кіраваў складаннем першай карты глебаў Беларусі і адной з першых глебазнаўчых картаў свету. Прапанаваў новую класіфікацыю глебаў; дапоўніў вучэнне В.В.Дакучаева пра гарызантальную і вертыкальную занальнасці глебаў палажэннем аб мікразанальнасці. Арыштаваны ў жніўні 1937 і прыгавораны 19.12.1937 да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1957.
Тв.:
Глебавыя раёны БССР. Мн., 1931;
Як павысіць ураджайнасць на глебах БССР. Мн., 1933.
т. 2, с. 126
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)