Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

АФСЕ́ТНЫ ДРУК,

афсет (англ. offset), спосаб друкавання, пры якім фарба з друкарскай формы перадаецца пад ціскам на паверхню гумаватканіннага палатна, а з яго на паперу ці інш. матэрыялы. Бывае плоскі (друкарская форма плоская), высокі (друкавальныя элементы формы ўзвышаюцца) і глыбокі (друкавальныя элементы формы паглыбленыя).

Прынцып афсетнага друку прапанаваны ў ЗША (1905) пры стварэнні афсетнай друкарскай машыны. Засн. на выбіральнасці змочвання друкарскай формы фарбамі і вадой, што дасягаецца спец. фізіка-хім. апрацоўкай паверхні формы. У працэсе афсетнага друку форму па чарзе змочваюць вадой і накатваюць фарбы, пасля чаго пад ціскам уводзяць у кантакт з паверхняй гумаватканіннай пласціны, а апошнюю — з паперай ці інш. матэрыялам. Адбываецца двухразовая перадача адлюстравання, папера не ўваходзіць у непасрэдны кантакт з формай, што памяншае знос формы, павялічвае скорасць і паляпшае якасць друкавання. Для афсетнага друку выкарыстоўваюць ратацыйныя (гл. Ратапрынт) і афсетныя друкарскія машыны. З дапамогай афсетнага друку вырабляюць чорна-белую і шматколерную друкарскую прадукцыю. Атрымліваюць пашырэнне заснаваныя на электронных і камп’ютэрных сістэмах спосабы афсетнага друку, якія дазваляюць выключаць шэраг прамежкавых тэхнал. працэсаў у ім з паляпшэннем якасці гатовай прадукцыі і скарачэннем затрат часу на яе выраб.

т. 2, с. 142