АФА́Р,

Данакіль, тэктанічная ўпадзіна ў Афрыцы, у Эфіопіі, Эрытрэі і Джыбуці. На Пн апушчана да 116 м ніжэй узр. м., на У, у катлавіне воз. Асаль, да 153 м ніжэй узр. м. (самае нізкае месца ў Афрыцы). Паверхня раўнінная, укрытая пясчанымі дзюнамі. У паўд. частцы пераважаюць лававыя і пясчанікавыя плато выш. да 500 м. Па краях узвышаюцца вулканы (Алу, Габулі, Умуна і інш.). Адно з самых гарачых месцаў на Зямлі: сярэдняя мінім. т-ра 25 °C, сярэдняя макс. 35 °C, ападкаў менш за 200 м за год. Рэкі Афара (Аваш і інш.) перасыхаюць, некаторыя заканчваюцца салёнымі азёрамі (воз. Абе). Пераважаюць глініста-саланчаковыя і пясчаныя пустыні.

т. 2, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)