АВЕРАІ́ЗМ,
кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст. Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізма: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст. еўрап. цэнтрамі авераізма былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізма вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.
Г.У.Грушавы.
т. 1, с. 61
АВЕРБА́Х Міхаіл Іосіфавіч
(29.5.1872, г. Марыупаль, Украіна — 29.7.1944),
рус. афтальмолаг. Акад. АН СССР (1939). Засл. дз. нав. Расіі (1933). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895). Адзін з заснавальнікаў Дзярж. афтальмалагічнага ін-та імя Гельмгольца (1935) і Т-ва вочных урачоў у Маскве. Працы па фізіял. оптыцы, афтальмахірургіі, прафес. пашкоджаннях вачэй, праблемах слепаты, глаўкомы, трахомы і інш. Распрацаваў і ўкараніў на практыцы шэраг аперацый на вачах. Дзярж. прэмія СССР 1943.
Тв.:
Офтальмологические очерки. М.; Л., 1940;
Главнейшие формы изменения зрительного нерва. М., 1944.
т. 1, с. 61
«АВЕРБО́Т»,
1) ступень закупленасці таварнага рынку. Пры залішняй закупленасці цэны дасягаюць вышэйшага ўзроўню і маюць тэндэнцыю да росту, пачынаецца продаж кантрактаў спекулянтамі.
2) Сітуацыя рэзкага росту цэн на які-небудзь тавар у выніку вял. аб’ёму куплі. Тэрмін «Авербот» часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
т. 1, с. 61
А́ВЕРКАМП
(Avercamp) Хендрык (25.1.1585, Амстэрдам — 15.5.1634),
галандскі жывапісец. Стварыў жанрава-пейзажныя карціны, характэрныя для галандскага рэалізму пач. 17 ст., невялікія зімовыя пейзажы ў светла-серабрыстай гаме («Катанне на каньках»).
т. 1, с. 61
АВЕРЛО́К
(англ. overlock),
краеабкідальная швейная машына пяцельнага шыўка, дзе адна з петляў агінае край зрэзу дэталі. Выкарыстоўваецца пры пашыве вырабаў з трыкат. палатна.
т. 1, с. 61
АВЕ́РНЬ
(Auvergne),
гістарычная правінцыя, эканам. раён у цэнтр. ч. Францыі. Уключае дэпартаменты Канталь, Пюі-дэ-Дом, Алье, Верхняя Луара. Гал. горад Клермон-Феран. Пл. 26 тыс. км². 1,3 млн. ж. (1982). Рэльеф горны, парэзаны далінамі рэк. У сельскай гаспадарцы пераважае мясная жывёлагадоўля. У далінах вырошчваюць збожжавыя, цукр. буракі, бульбу, вінаград. З-ды па вытв-сці аўташын, станкоў, веласіпедаў, пластмас, перапрацоўцы с.-г. сыравіны (Клермон-Феран), чорная металургія (г. Манлюсон), тэкст., гарбарныя, папяровыя, сыраварныя, абутковыя прадпрыемствы. ГЭС. Курорты на базе мінер. крыніц (у т. л. Вішы).
т. 1, с. 61
АВЕ́РС
(франц. avers ад лац. adversus павернуты тварам),
правы (галоўны) бок манеты, медаля, банкноты. Аверсам манет, як правіла, лічыцца бок з партрэтам манарха, яго манаграмай або імем ці выявай інш. асобы (пры іх адсутнасці — з гербам або абазначэннем наміналу); на аверсе мемарыяльных манет змешчана сюжэтная выява; медалёў — паведамленне аб нагодзе выпуску; банкнот — герб і подпіс адказных асоб. Параўн. Рэверс.
т. 1, с. 62
АВЕ́РСІЯ (ад франц. aversion агіда) сексуальная, адна з цяжкіх формаў сексуальнай дысфункцыі; стан, процілеглы лібіда. З’яўляецца вынікам узаемаадносін з партнёрам, які выклікае расчараванне сваімі паводзінамі, учынкамі і г.д., ці пэўнай псіхал. несумяшчальнасці партнёрскай пары.
т. 1, с. 62
АВЕРСО́ЛД,
сітуацыя рэзкага зніжэння цэн на які-небудзь тавар у выніку паступлення яго ў вял. колькасці на рынак. Тэрмін часцей ужываецца ў адносінах да каштоўных папер.
т. 1, с. 62