АВЕРАІ́ЗМ,

кірунак у заходнееўрап. філасофіі 13—16 ст., які развіваў погляды арабскага мысліцеля 12 ст. Ібн Рушда (Авероэса); натуралістычная і матэрыяліст. трактоўка вучэння Арыстоцеля. Асн. ідэі авераізма: нястворанасць свету, вечнасць матэрыі і руху, прызнанне смяротнасці чалавечай душы, сцвярджэнне ўсеагульнай прычыннай сувязі прыродных з’яў, дзвюх ісцін тэорыя. Гал. прадстаўнікі: Сігер Брабанцкі, Жан Жандэн, П’етра д’Абана, П.Пампанацы, Дж.Бруна і інш. У 14—16 ст. еўрап. цэнтрамі авераізма былі Падуанскі і Балонскі ун-ты ў Італіі. На Беларусі авераізм — адна з крыніц вальнадумства; Ф.Скарына, С.Будны і інш. ў сваіх творах прытрымліваліся ідэі дваістай ісціны, імкнуліся ў духу авераізма вызваліць чалавечы розум з-пад улады дагматычных аўтарытэтаў, зрабіць яго вышэйшым крытэрыем у зямных справах чалавека.

Г.У.Грушавы.

т. 1, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)