Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАЛІГАНАМЕ́ТРЫЯ (ад палі... + грэч. gonia вугал + ...метрыя),

адзін з метадаў вызначэння становішча апорных геад. пунктаў зямной паверхні. Выкарыстоўваецца пры тапаграфічнай здымцы, планіроўцы нас. пунктаў, інжынерна-буд. і інш. работах. Пры П. на мясцовасці складаюць сеткі хадоў, вымяраюць даўжыні ліній (мернымі прыладамі) і гарыз. вуглы паміж імі (тэадалітам). На вял. тэрыторыях, дзе ствараюць апорную геадэзічную сетку, пракладваюць палігонаметрычныя хады, якія ўзаемна перасякаюцца. Пачатковы пункт палігонаметрычнага ходу — геад. апорны пункт з вядомымі геадэзічнымі каардынатамі, зыходным (дырэкцыйным) вуглом. Пункты П. адпавядаюць геадэзічным пунктам (гл. таксама Геадэзічныя знакі). Вылучаюць дзярж. і гар. палігонаметрычныя сеткі. Дзяржаўныя паводле дакладнасці падзяляюцца на 4 класы (памылкі вымярэнняў вуглоў ±0,4", ±1", ±1,5", ±2"; ліній — ±1 м на 300 м, 250 м, 200 м, 150 м ходу); гарадскія на 3 разрады (памылкі вымярэнняў вуглоў ±3", ±5", ±10", ліній — ±1 м на 20 м, 10 м, 5 м ходу).

Р.А.Жмойдзяк.

Да арт. Паліганаметрыя Паліганаметрычная сетка.

т. 11, с. 556

ПАЛІГІ́МНІЯ, Палімнія,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі адна з 9 муз. Лічылася дачкой Зеўса і Мнемасіны. П. — муза сур’ёзнай гімнічнай паэзіі, ёй прыпісвалі вынаходніцтва ліры. Імя П. паказвае на тое, што паэты — стваральнікі гімнаў набывалі бессмяротную славу. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі П. ў задуменнай позе і са скруткам у руках.

т. 11, с. 556

ПАЛІГЛО́Т (грэч. polyglōttos ад poly многа + glōtta мова),

чалавек, які ведае шмат моў.

т. 11, с. 556

ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),

1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.

т. 11, с. 556

ПАЛІГРАФІ́ЧНАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна прамысловасці, якая спецыялізуецца на выпуску друкарскай прадукцыі: кніг, часопісаў, газет, тапаграфічных карт, каштоўных папер, бланкаў дакументаў, календароў, плакатаў, сшыткаў, альбомаў, білетаў і інш. У залежнасці ад асн. відаў прадукцыі, якія выпускаюцца паліграф. прадпрыемствам, адрозніваюць спецыялізаваныя кніжныя, газетныя, часопісныя, а таксама кніжна-часопісныя, газетна-часопісныя і этыкетка-ўпаковачныя прадпрыемствы, картаграфічныя ф-кі, прадпрыемствы спец. прызначэння, прадпрыемствы малой (аператыўнай) паліграфіі, а таксама тыя, што выпускаюць друкарскую прадукцыю культ.-быт. прызначэння. У залежнасці ад перавагі на паліграф. прадпрыемстве аднаго з асн. відаў прадукцыі адрозніваюць друкарні — прадпрыемствы, якія ў асноўным выкарыстоўваюць спосаб высокага друку, прадпрыемствы плоскага афсетнага, глыбокага, трафарэтнага і інш. відаў друку; паліграф. камбінаты выпускаюць друкарскую прадукцыю некалькімі спосабамі друку.

П.п. прайшла доўгі і складаны шлях развіцця. Тэхн. асновай паліграфіі з’яўляецца вынайдзенае каля 1440 І.Гутэнбергам кнігадрукаванне. У 16 ст. паліграфія набыла характар развітой мануфактуры. Вынаходніцтва ў 19 ст. друкарскай машыны азначала прамысл. рэвалюцыю ў паліграфіі, стварэнне паліграф. машынабудавання. 3 сярэдзіны 20 ст. ў ходзе навук.-тэхн. рэвалюцыі паліграфія развіваецца па наступных кірунках: пераход да электронных спосабаў вырабу друкарскіх форм для ўсіх спосабаў друку (выкарыстанне ЭВМ для фотанабору і электроннага колерадзялення для каляровага друку), выкарыстанне ролевага афсетнага друку на высокахуткасных машынах, стварэнне аўтам. паточных ліній у апрацоўчых цэхах, комплексная механізацыя і аўтаматызацыя вытв-сці, выкарыстанне фотатэлеграфнай тэхнікі для перадачы газетных палос.

На Беларусі развіццё П.п. пачалося з дзейнасці Ф.Скарыны, які ў 1522 заснаваў друкарню ў Вільні, выкарыстаўшы выразаныя ўручную шрыфты і застаўкі. Друкарскае майстэрства ўдасканальвалі С.Будны, В.Цяпінскі, П.Мсціславец і інш. Першая друкарня на тэр. сучаснай Беларусі — Брэсцкая (1550—70-я г.). Пазней друкарні працавалі ў Нясвіжы, Заблудаве, Слуцку, Любчы, Магілёве, Куцейне (гл. адпаведныя артыкулы). Кнігі выдаваліся на старабел., польскай, стараслав. мовах. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі адкрыты друкарні ва ўсіх губ. гарадах. У 1913 выдадзена 232 назвы кніг тыражом 212 тыс. экз. У 1920 у БССР было 76 паліграф. прадпрыемстваў; пабудаваны Дом друку (з 1960 друкарня выдавецтва «Звязда», з 1969 друкарня Выдавецтва ЦК КПБ, з 1992 у сістэме Дзяржкамдруку, потым Савета Міністраў, з 1994 — Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; гл. Беларускі дом друку). У 1940 па Беларусі надрукавана 76 млн. аркушаў-адбіткаў. Пасля Вял. Айч. вайны адноўлены разбураныя паліграф. прадпрыемствы, пабудаваны Мінскі паліграфічны камбінат. З сучасных паліграф. прадпрыемстваў найб. буйныя Мінскі паліграфічны камбінат, Мінская фабрыка каляровага друку, Беларускі дом друку, Мінская шпалерная фабрыка, Гомельская фабрыка «Палесдрук», друкарня «Перамога» ў Маладзечне.

Сярод краін свету найб. развітую П.п. маюць Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя, Швецыя, Швейцарыя, Японія і інш. Гл. таксама Друк, Выдавецкая справа, Нотадрукаванне, Картадрукаванне.

Выпуск прадукцыі паліграфічнай прамысловасці Рэспублікі Беларусь
Віды прадукцыі 1985 1990 1995 1998
Кнігі і брашуры
Колькасць кніг і брашур (адзінак) 3431 2823 3205 6073
Тыраж, млн. экз. 53,3 54,9 62,9 60,0
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 793,7 945,5 865,9 1052,7
Часопісы і інш. перыядычныя выданні
Колькасць часопісаў і інш. перыядычных выданняў 107 129 225 318
Гадавы тыраж, млн. экз. 35,1 54,1 11,5 14,7
Друкаваных аркушаў-адбіткаў, млн. 152,3 256,5 59,6 70,9
Газеты
Колькасць газет (выданняў) 212 224 494 580
Разавы тыраж, млн. экз. 4,6 5,7 8,5 10,5
Гадавы тыраж, млн. экз. 839 985 601 659

т. 11, с. 556

ПАЛІГРАФІ́Я (ад палі... + ...графія),

сукупнасць тэхн. сродкаў, спосабаў і метадаў друкарскага размнажэння тэкставай і відарыснай інфармацыі; галіна тэхнікі. Друкарскае размнажэнне (друкаванне) вызначаецца фарміраваннем на задрукаванай паверхні (напр., на паперы) графічнай інфармацыі фарбавым слоем, які найчасцей перадаецца з друкарскай формы ў адпаведнасці з выдавецкім арыгіналам. Пад П. разумеюць таксама паліграфічную прамысловасць, якая вырабляе друкаваную прадукцыю (кнігі, газеты, часопісы і інш.). Яна з’яўляецца матэрыяльна-тэхн. базай друку, выдавецкай справы. Паліграф. прадпрыемствы — друкарні, маюць наборныя машыны і друкарскія машыны. Асн. вытв. працэсы ў П.: наборныя працэсы, друкарскія (атрыманне адбіткаў), брашуровачна-пераплётныя і аддзелачныя. Тэхн. асновай П. стала кнігадрукаванне, якое ў Еўропе ўзнікла ў 1440-я г.

т. 11, с. 557

ПАЛІ́Й (сапр. Гурка) Сямён Піліпавіч

(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),

правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр. нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».

т. 11, с. 557

ПАЛІЙЧУ́К (Васіль Уладзіміравіч) (н. 12.2.1922, г. Жьггомір, Украіна),

бел. скульптар. Скончыў Адэскае маст. вучылішча (1949). Творам уласцівы псіхалагізм вобразаў, дэталёвая прапрацоўка форм, імкненне да дакладнай перадачы натуры. Сярод станковых кампазіцый «Вызваленне» (1951), «Улетку» (1954), «Абаронцы Брэсцкай крэпасці» (1958), «Маці партызана» (1961), «Подзвіг» (1963), «Мір, Праца, Свабода, Роўнасць, Братэрства, Шчасце ўсіх народаў» (1968), «Генерал Даватар» (1972), «Перамога», «На апаленай зямлі», «Клятва партызан» (усе 1975), «Дзеці вайны» (1984); партрэты М.Калініна (1975, 1977), А.Сахарава (2000), удзельнікаў партыз. руху на Беларусі ў гады Вял. Айч. вайны. Аўтар помнікаў У.І.Леніну ў гарадах Старыя Дарогі (1959), Столін (1980, з С.Селіханавым), Ф.Э.Дзяржынскаму ў г. Дзяржынск (1959, з А.Заспіцкім) і партызанцы А.Ф.Колесавай у г. Крупкі (1967), Калініну ў Мінску (1979, з І.Глебавым), манументаў воінам Сав. Арміі і бел. партызанам, якія загінулі ў гады вайны.

Б.А.Крэпак.

т. 11, с. 557

ПАЛІ́К, Пялік,

возера ў Барысаўскім р-не Мінскай вобл., у бас. р. Бярэзіна (цячэ праз возера), за 30 км на Пн ад г. Барысаў. Пл. 7,68 км2, даўж. 6,2 км, найб. шыр. 3 км, найб. глыб. 2,1 м. Пл. вадазбору 2760 км2. У межах Бярэзінскага біясфернага запаведніка. Схілы катлавіны выш. 7—8 м, спадзістыя, пясчаныя, параслі лесам. Берагі нізкія, забалочаныя, тарфяністыя, месцамі пясчаныя, пад хмызняком. На Пд вузкі доўгі заліў. Дно плоскае, сапрапелістае, месцамі ўздоўж берагоў вузкая пясчаная паласа. Мінералізацыя вады 115—120 мг/л, празрыстасць каля 2 м. Эўтрофнае. Моцна зарастае, паласа расліннасці 500 м. Упадаюць рэкі Лютка, Смольніца, Бурчак. У Вял. Айч. вайну ў ваколіцах П. базіраваліся партыз. брыгады «Дзядзькі Колі», «Стары», імя Кірава, імя Панамарэнкі, дзейнічаў Барысаўскі падп. міжраённы к-т КП(б)Б.

Возера Палік.

т. 11, с. 557

ПАЛІКА́РПАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (8.7.1892, слабада Георгіеўская, цяпер Лівенскі р-н Арлоўскай вобл., Расія — 30.7.1944),

расійскі авіяканструктар. Герой Сац. Працы (1940). Скончыў Петраградскі політэхн. ін-т (1916). Ў 1923 стварыў першы сав. знішчальнік І-1 (ІЛ-400). У 1924—38 сканструяваў самалёт-разведчык Р-5, вучэбны самалёт У-2 (По-2), знішчальнікі І-3, І-15, І-16, І-153 («Чайка») і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1943.

М.М.Палікарпаў.

т. 11, с. 557