ПАЛІ́Й (сапр. Гурка) Сямён Піліпавіч
(1640-я г., г. Борзна Чарнігаўскай вобл., Украіна — студз. 1710),
правадыр нац.-вызв. руху на Правабярэжнай Украіне ў канцы 17 — пач. 18 ст. Вучыўся ў Кіева-Магілянскім калегіуме, быў казаком Запарожскай Сечы. У пач. 1680-х г. адзін з кіраўнікоў нар. каланізацыі спустошаных войнамі раёнаў Прыдняпроўя, дзе ўтварылася казацкая «рэспубліка» з цэнтрам у г. Фастаў (на ПдЗ ад Кіева). У час нар. паўстання канца 1680-х г. на Правабярэжнай Украіне вызваліў з-пад польскага панавання некалькі гарадоў. Быў за ўз’яднанне пад уладай Расіі Правабярэжнай і Левабярэжнай Украіны, карыстаўся тайнай падтрымкай рас. ўрада. У 1702—04 узначаліў новае казацка-сял. паўстанне, што ахапіла Кіеўшчыну, Валынь і Падолію. У 1704 арыштаваны ўкр. гетманам І.Мазепам і па лжывым абвінавачанні сасланы ў Сібір. Вызвалены Пятром I пасля здрады Мазепы (1708) і прызначаны белацаркоўскім палкоўнікам. Удзельнік Палтаўскай бітвы 1709. П. — герой укр. нар. песень і паданняў, яго апеў Т.Р.Шаўчэнка ў творах «Чарнец» і «Швачка».
т. 11, с. 557
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)