ПАЛІГО́Н (ад грэч. polygōnos шматвугольны),

1) участак сушы або мора з паветр. прасторай над імі, прызначаны для выпрабавання зброі, баявых сродкаў, тэхнікі, а таксама для баявой падрыхтоўкі войск. П. бываюць пастаянныя і часовыя; паводле прызначэння падзяляюцца на навук.-даследчыя, выпрабавальныя (ядз., ракетныя, тарпедныя, артыл., авіяц., танк., сувязі і інш.); заводскія (для праверкі якасці вырабленага ўзбраення, яго прыстрэлкі, наладкі) і вучэбныя, на якіх праводзяцца вучэнні войск, баявыя і вучэбныя стрэльбы, бомбакіданне, тарпедакіданне. У залежнасці ад прызначэння П. абсталёўваюць назіральнымі пунктамі, мішэннымі ўстаноўкамі, бліндажамі, укрыццямі, сродкамі сувязі, забяспечваюць кантрольна-вымяральнымі прыладамі, трансп. сродкамі і інш. 2) Спец. абсталяваная пляцоўка (пастаянная ці часовая) для выпрабавання рознай тэхнікі, а таксама для вырабу элементаў зборных буд. канструкцый і дэталяў. Да абсталявання П. ў буд-ве, напр., адносяцца бетонна-растворныя ўстаноўкі, бетонаўкладчыкі, вібрапляцоўкі, пад’ёмныя краны, формы для бетанавання і інш.

т. 11, с. 556

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)