Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Падалка Леанід Пракопавіч

т. 18, кн. 1, с. 437

ПАДА́ННЕ,

жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.Міровіча «Машэка» Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».

Публ.: Легенды і паданні. Мн., 1983; Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.

Літ.:

Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;

Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.

А.І.Гурскі.

т. 11, с. 483

«ПАДА́ННЕ АБ КНЯЗЯ́Х УЛАДЗІ́МІРСКІХ»,

помнік рас. л-ры і публіцыстыкі 16 ст., які выкарыстоўваўся велікакняжацкай, а пасля царскай уладай для ўмацавання свайго аўтарытэту. У аснове «Падання» легенда пра паходжанне ўладзімірскіх і маскоўскіх вял. князёў ад рым. імператара Аўгуста праз легендарнага Пруса, які нібыта з’яўляўся адначасова нашчадкам Аўгуста і сваяком Рурыка — заснавальніка княжацкага роду Рурыкавічаў. Другая легенда апавядала пра набыццё Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам царскіх рэгалій ад дзеда па маці візант. імператара Канстанціна Манамаха. Час з’яўлення гэтых легенд невядомы. У пач. 16 ст. (не пазней 1523) яны былі злучаны ў «Пасланні» цвярскога царк. публіцыста Спірыдона-Савы. На аснове «Паслання» складзена 1-я рэд. гэтага «Падання», ідэі якой выкарыстоўваліся ў дыпламат. спрэчках пры Васілю III і Іване IV. Легенда пра паходжанне маскоўскіх вял. князёў ад Аўгуста ўключана як уступны артыкул да Гасударава радаслоўца 1555 і ў Сцепянную кнігу (паміж 1560 і 1563, апалогія маскоўскай манархіі). 2-я рэд. «Падання» напісана як уступны артыкул да «Чыну вянчання» Івана IV у 1547.

т. 11, с. 484

ПАДА́НСКАЯ РАЎНІ́НА (ад лац. Padanis, назва р. По ў стараж. рымлян),

Падана-Венецыянская раўніна. На Пн Італіі, паміж Альпамі, Апенінамі і Адрыятычным м., пераважна ў бас. р. По. Уключае таксама Ламбардскую (на ПнЗ) і Венецыянскую (на У) нізіны. Даўж. каля 500 км, шыр. да 200 км. Паверхня пераважна плоская, паступова паніжаецца з 3 на У ад 300—400 м да ўзр. мора. П.р. — тэктанічны прагін, запоўнены тоўшчай алювію р. По і яе прытокаў, а таксама марскімі адкладамі. У цэнтры П.р. — гліністыя нізкія раўнінныя ўчасткі, па краях — пясчана-галечныя высокія раўнінныя ўчасткі. У нізоўі р. По асобныя ўчасткі ляжаць ніжэй узр. мора. Клімат пераходны ад субтрапічнага да ўмеранага. Сярэдняя т-ра студз. 0—4 °C, ліп. 22—24 °C. Ападкаў 600—1000 мм за год. Рэкі бас. По, Адыджэ, Брэнта і інш. Частыя паводкі (асабліва вясной і восенню), для абароны ад якіх многія рэкі абвалаваны. Расліннасць трысняговых балот і тарфянікаў, асабліва ў дэльтавых раёнах. Сетка арашальных, асушальных і суднаходных каналаў. Густа заселена. Асн. с.-г. раён Італіі: пасевы пшаніцы, кукурузы, рысу. На П.р. — гарады Мілан, Турын, Венецыя, Балоння, Падуя.

т. 11, с. 484

ПАДАПЕ́ЧНЫЯ ТЭРЫТО́РЫІ,

тэрыторыі, якія пасля заканчэння 2-й сусв. вайны ўключаны ў Міжнар. сістэму апекі ААН, прадугледжаную Статутам ААН. Гэта пераважна былыя падмандатныя тэрыторыі Лігі Нацый або калоніі, найперш Германіі і яе саюзнікаў: у Афрыцы — Камерун, Руанда, Бурундзі, Самалі, Танзанія, Паўд.-Зах. Афрыка; а-вы у Ціхім Акіяне — Зах. Самоа, Науру, Новая Гвінея, Марыянскія, Маршалавы і Каралінскія; з насельніцтвам каля 20 млн. чалавек. Кіраванне імі, са згоды ААН і пад кантролем яе Савета па апецы, атрымалі б. каланіяльныя дзяржавы — Вялікабрытанія, Бельгія, Францыя, а таксама Італія (над Самалі). Апрача таго, Савет Бяспекі ААН у 1947 перадаў Каралінскія, Марыянскія і Маршалавы а-вы ў якасці «стратэгічнага раёна» пад кіраванне ЗША. Да 1997 усе П.т. атрымалі незалежнасць.

т. 11, с. 484

ПАДАРО́ЖЖА ў літаратуры,

1) тып фабулы, які грунтуецца на дакумент.-фактаграфічным аднаўленні або маст. адлюстраванні вандроўніцтва. Звычайна заснавана на паслядоўным паказе з’яў рэчаіснасці, з якой сустракаецца герой-падарожнік і якая выклікае яго ўнутр. рэакцыю. Крытэрыі ацэнкі «чужога» свету задаюцца роднай для вандроўніка культурай або агульначалавечымі каштоўнасцямі. Вядучыя жанравыя формы П. — мемуары, біягр. раман, сустракаюцца і паэт. (Дж.Байран, Г.Гейнэ і інш.) і драматург. (Э.Растан) апісанні П.

2) Маст. прыём пабудовы сюжэта і кампазіцыі з адпаведным прынцыпам арганізацыі і падачы матэрыялу для стварэння эфекту верагоднасці апавядання. Звычайна выкарыстоўваецца пісьменнікамі з мэтай зацікавіць чытача навізной інфармацыі, вастрынёй сюжэтных сітуацый.

3) Від дакументалістыкі, заснаваны на падачы пісьменнікам-апавядальнікам сапраўдных геагр., прыродазнаўчых, этнагр. і сац.-гіст. звестак пра наведанне ім пэўнай зямлі ці краіны (нарысы, дзённікі, дарожныя нататкі, мемуары).

4) Літ. жанр (раман-П., дарожныя нататкі і інш.). Мае 2 асн. тыпы: рэальнае (дакумент.) і ўяўнае (маст.) П. Ўзнікненне П. звязваецца з эпасам першабытных народаў (стараж.-егіп. казка «Апавяданне чалавека, што пацярпеў караблекрушэнне», 20—17 ст. да н.э.; паэма пра Гільгамеша, 19—18 ст. да н.э.; «Рамаяна», 4 ст. да н.э.; «Адысея», 8—7 ст.; біблейская кніга «Зыход» і некат. інш.). У эпоху антычнасці П. апісваліся стараж.-грэч. лагаграфамі, адлюстроўваліся ў творах Герадота, Страбона, Тацыта, Ю.Цэзара, Вергілія, Авідзія і інш., стараж.-грэч. рамане, у часы сярэднявечча — у лац. паломніцкай л-ры, візант. «дарожніках», гераічным эпасе, рыцарскіх і (пазней) авантурных раманах, некат. жыціях святых, творах натуразнаўчага і гіст. зместу («Александрыя» Псеўда-Калісфена, каля 3 ст.; «Тапаграфія» Казьмы Індзікоплава, 6 ст.; «Сінайскі пацярык» Іаана Мосха, 7 ст. і інш.). П. выкарыстоўвалася і як літ. прыём. На гэтай аснове ўзніклі маст. апавяданні, напісаныя ў форме П. (апокрыф «Блуканне Багародзіцы па пакутах», «Боская камедыя» Дантэ). З 13 ст. пачаў фарміравацца дзённікавы тып апавядання. Асабліва пашырыліся разнастайныя апісанні П. ў эпоху Вял. геагр. адкрыццяў, папулярнасць дарожных нататкаў расла (з сярэдзіны 16 ст. П. перыядычна публікуюцца; у Брытаніі пачала выдавацца шматтомная серыя «Пра геаграфічныя адкрыцці, здзейсненыя англічанамі»), што абумовіла ўзмацненне ўзаемадзеяння паміж дакумент. апісаннямі і маст. л-рай (плаванне Васка да Гамы паслужыла асновай сюжэта паэмы «Лузіяды» Л.Камоэнса), пашырэнне звароту ўсёй маст. л-ры і часткова філасофіі да сюжэтна-кампазіцыйных асаблівасцей, зместу і выяўл.-інфармац. магчымасцей л-ры П. (Ф.Рабле, М.Сервантэс, філас.-утапічныя творы Т.Мора, Т.Кампанелы, С.Сірано дэ Бержэрака), выкарыстанне прыёмаў маст. апавядання ў дакумент. апісаннях вандровак (Дж.Кук, Ж.Лаперуз, В.Берынг і інш.). У эпоху Асветніцтва склалася своеасаблівая жанравая разнавіднасць П. — раман-П., у якім спалучаны элементы авантурнага, філас., павучальнага, псіхал. раманаў (Д.Дэфо, Дж.Свіфт, Т.Смолет). З 18—19 ст. П. выкарыстоўваецца пераважна як прыём, асн. задача якога — перадача ўяўных уражанняў герояў і меркаванняў аўтара, што дае магчымасць вырашаць у межах л-ры П. публіцыст., філас. і інш. задачы: «Сентыментальнае падарожжа» Л.Стэрна (1768), «Лісты рускага падарожніка» М.Карамзіна (1791—95), «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.Радзішчава (1780-я г., апубл. 1790), «Італьянскае падарожжа» І.В.Гётэ (т. 1—3, 1816—29), «Падарожжа ў Арзрум...» А.Пушкіна (1836), «Мёртвыя душы» М.Гогаля (1842, апубл. 1855), «Фрэгат «Палада» І.Ганчарова (1858), «Запіскі паляўнічага» І.Тургенева (1847—74), паэма «Каму на Русі жыць добра» А.Някрасава (1863—77) і інш. Разнастайнымі становяцца формы літ. П. ў канцы 19—20 ст. (творчасць Ж.Верна, «Аліса ў краіне цудаў» Л.Кэрала (1865), «Прасцякі за мяжой» М.Твэна (1869), «Востраў скарбаў» Р.Л.Стывенсана (1883), «Востраў Сахалін» А.Чэхава (1893—94), «Па Русі» М.Горкага (1912—17), «Лядовая кніга» Ю.Смуула (1958) і інш. Вял. папулярнасць маюць дакумент. літ. П., дакумент.-нарысавыя П., нап. географамі, біёлагамі, этнографамі і інш. вучонымі (Ж.І.Кусто, Б.Зянковіч і інш.).

У бел. л-ры найб. пашыраная разнавіднасць П. — дарожныя нататкі і нарысы. Першым можна лічыць т.зв. «Прамову Іаана Полацкага», змешчаную ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 987. Ў 13—15 ст. П. апісваюцца ў хаджэннях (шляхі ў Палесціну ігуменам Даніілам, каля 1107, у «Хаджэннях» архімандрыта Графенія, 1376 іераманаха Варсанофія, 1456), у жыціях («Сказанне пра Барыса і Глеба», «Жыціе Ефрасінні Полацкай»), у «Аповесці мінулых гадоў» (апісанні шляху «з варагаў у грэкі», краін), у бел. летапісах і хроніках пра ваен. паходы князёў. Спалучэнне элементаў паломніцкіх хаджэнняў і летапіснай манеры апавядання, характэрныя рысы «Хаджэння Ігнація Смаляніна ў Царград» (1389—91) і «Хаджэння іераманаха Варсанофія ў Егіпет, Сінай і ў Палесціну 1461—62 гг.», дзённікавы тып фіксацыі падзей, багацце асабістых уражанняў вядзе да суб’ектывацыі апавядання, вылучэння на першы план вобраза суб’екта вандроўкі і яго індывідуалізацыі. З 16 ст. ўсталёўваецца дзённікава-нарысавая форма падачы (Эразм Цёлк), а ў канцы 16 ст. канчаткова афармляецца такі тып літ. П., у якім структуратворчым момантам апавядання выступаюць уражанні і ўспаміны героя-вандроўніка («Перагрынацыя..» М.К.Радзівіла Сіроткі). У 16—17 ст. у выглядзе дзённіка П. напісаны ўспаміны С.Старавольскага, Г.Пельгрымоўскага, І.Б.Сапегі, І.Бялкоўскага, М.Л. і Т.Г. Абуховічаў, П.Барстоўскага, А.Каменскага-Длужыка, Ф.Котава, Т.Білевіча, у 18 ст. — Я.Сапегі, Я.Комара, Л.Сяніцкага і інш. Элементы літ. П. сустракаюцца ў «Дыярыушах» Я.П.Сапегі, С.Маскевіча, А.Філіповіча, Я.Цадроўскага і інш. У 18 ст. блізкімі да рамана-П. можна лічыць аўтабіягр. «Авантуры майго жыцця» С.Пільштыновай-Русецкай, дзе шмат займальных расказаў пра пераезды, уцёкі, вандроўкі, замалёвак жыцця ў Турцыі, Аўстрыі і Расіі. П. шырока распаўсюджана ў л-ры Беларусі 19 і 20 ст.: «Падарожжа па Амерыцы 1797—1807» Ю.Нямцэвіча (выд. 1959), «Агляд Малой Азіі ў цяперашнім яе стане» М.Урончанкі (ч. 1—2, 1838—40), «Успаміны пра падарожжы ў Сібір, побыт у Бярозаве і Саратаве» Е.Фялінскай (т. 1—3, 1853), «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» (1853—55) і «Заходнерускія нарысы» (1858) П.Шпілеўскага, «Літаратурныя клопаты» В.Дуніна-Марцінкевіча (1857), «Араўканія і яе жыхары» І.Дамейкі (1860), «Вандроўкі па маіх былых ваколіцах» (1853) і «Нёман ад вытокаў да вусця» (1861) У.Сыракомлі, «Па Мінскай губерні (нататкі з паездкі ў 1886 г.)» М Янчука (апубл. 1889), нарыс «Са святочнай паездкі» Я.Лучыны (1893), «Папулярна-прыродазнаўчае апісанне побыту ў Французскай Гвіяне і часткова ў Перу» К.Ельскага (1898), мемуары А.Абуховіча (канец 19 ст.), «Пра Сібір і Камчатку» Б.Дыбоўскага (апубл. 1930), «Лісты з дарогі» Ядвігіна Ш. (1910), «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю» Цёткі (1914), «З летніх уражанняў» М Багдановіча (1916), «З Румынскага фронту» (1917) і «Паездка на Асінбуд» (1929) Я.Коласа, «1200 вёрст па Беларусі» М.Чарота (1924), «Па чатырох краінах» Ц.Гартнага (1927—28), «Падарожжа на Новую зямлю» М.Зарэцкага (1929), «Ад Мядзведжай гары да Белага мора» П.Галавача (1934), «У Чэхаславакіі» Я Купалы (1935), «Шляхамі вайны» (1945) і «Пад сонцам Індыі» (1957) М.Лынькова, «Вачыма друга: Польскі дзённік» Я.Брыля (1956), «Паездка ў Прагу» І.Мележа (1956), «Казкі янтарнай краіны» У.Караткевіча (1963), «Дзівасіл» В.Палтаран (1968), «На святой зямлі» У.Сядуры (1969), «Астравеччына, край дарагі...» (1977) і «З літаратуразнаўчых вандраванняў» А.Мальдзіса (1987), «За чужымі далямі» А.Кудраўца (1981), «Дарога да акіяна» Г.Пашкова (1998) і інш. З сярэдзіны 19 ст. рысы маст. П. шырока выкарыстоўваюцца ў розных родах і жанрах бел. л-ры; ананімных паэмах «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе», «Шчароўскіх дажынках» Дуніна-Марцінкевіча (1857), лірычных цыклах вершаў Ф.Багушэвіча (1897), нап. з нагоды паездкі ў Коўна, і М.Танка, прысвечаных паездцы ў Італію, творах З.Бядулі («10 дзён падарожжа па Беларусі», 1925), Б.Сачанкі («Зямля маіх продкаў», 1964), Брыля («Душа — не падарожніца», 1968), Пашкова («Палескія вандроўнікі», 1998) і інш. Прыёмы і сродкі літ. П. шырока ўжываюцца ў прыгодніцкай літаратуры і фантастычнай літаратуры.

Літ.:

Грицкевич В.П. Путешествия наших земляков. Мн., 1968;

Яго ж. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986;

Бахтин М.М. Вопросы литературы и эстетики. М., 1975. С. 254—271;

Гуминский В.М. К вопросу о жанре «путешествий» // Филология. 1977. Вып. 5;

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980;

Гаранін С.Л. Шляхамі даўніх вандраванняў: Гіст.-тэарэтыч. нарыс развіцця бел. паломн шкай літаратуры XII—XVI стст. Мн., 1999.

С.Л.Гаранін.

т. 11, с. 484

ПАДАРО́ЖЧЫНА,

від феад. павіннасці ў ВКЛ у 16—18 ст. Бралася феадалам з сялян як грашовы эквівалент падводнай павіннасці, паводле якой сяляне абавязаны былі даваць землеўладальнікам падводы для перавозкі прадукцыі да рачных прыстаней і ў горад. Памер вызначаўся паводле мясц. звычаю і фіксаваўся ў інвентарах. Часам П. — разнавіднасць грашовага чыншу, які плаціў кожны сял. двор (т.зв. падвароўшчына).

т. 11, с. 485

ПАДАРО́СК,

вёска ў Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Зальвянка, на аўтадарозе Ваўкавыск—Ружаны. Цэнтр сельсавета і раённага вытв. аб’яднання «Сельгасхімія». За 26 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Ваўкавыск, 97 км ад Гродна. 707 ж., 294 двары (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква, касцёл. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік архітэктуры — сядзіба (19 ст.).

т. 11, с. 485

ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),

польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз. ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз.ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, Ф.Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т.л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).

Літ.:

Piber A. Droga do slawy. Warszawa, 1982.

І.Я.Падарэўскі.

т. 11, с. 485

ПАДАСІ́НАВІК, краснюк, чырвонагаловік (Leccinum aurantiacum),

грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 форм, афарбоўка шапкі якіх залежыць ад месца росту грыба. Напр., П. баравы, дуброўны, чырв.-буры. Трапляюцца з чэрв. па вер. у лясах з асінай, бярозай, радзей з дубам, елкай, хвояй.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 4—20 см (радзей 30), аранжавая, аранжава-чырв., чырв.-бурая, часам белая, паўшарападобная, сухая, з вузкай палоскай скуркі па краі. Ножка белая, даўж. 6—20 см, патоўшчаная каля асновы, валакністая, з лускавінкамі, якія з часам цямнеюць. Мякаць белая, шчыльная, на зломе сінее, потым шарэе. Споры гладкія, бураватыя, верацёнападобныя. Ядомы.

Падасінавік жоўта-буры.

т. 11, с. 485