ПАДАРЭ́ЎСКІ ((Paderewski) Ігнацы Ян) (18.11.1860, в. Курылаўка Хмяльніцкага р-на Вінніцкай вобл., Украіна — 29.6.1941),

польскі піяніст, кампазітар, грамадска-паліт. дзеяч, педагог Скончыў Варшаўскі муз. ін-т (1878), з 1879 выкладаў у ім (у 1882—83 праф., з 1909 дырэктар). Вучань Т.Лешаціцкага. У 1913—18 жыў у ЗША. У 1-ю сусв. вайну прадстаўнік Польскага нацыянальнага камітэта пры ўрадзе ЗША (1917—18). У студз.ліст. 1919 прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў Польшчы, прадстаўляў яе на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 (разам з Р.Дмоўскім) і ў Лізе Нацый (1919—21). У 1940—41 старшыня польск. Нац. савета ў эміграцыі. Адзін з буйнейшых піяністаў свайго часу, прадстаўнік рамант. стылю. З яго гастроляў пачалася гісторыя канцэртнай залы «Карнегі-хол» (1891, Нью-Йорк). Яго выкананне вызначалася віртуознай тэхнікай, вытанчанасцю, моцным тэмпераментам. Меў вялікі канцэртны рэпертуар, у якім вылучаліся інтэрпрэтацыі твораў Ф.Шапэна, П.Чайкоўскага, Ф.Ліста. Аўтар оперы «Манру» (паст. 1901), сімфоніі (1907), канцэрта (1888), «Польскай фантазіі на арыгінальныя тэмы» (1893) для фп. з арк., санат, «Польскіх танцаў» (1884), цыкла «Песні падарожніка», мініяцюр, у т.л. «Менуэта G-dur», эцюдаў для фп., песень, а таксама артыкулаў, успамінаў. Пад яго кіраўніцтвам у 1935—40 падрыхтавана выданне поўнага збору твораў Шапэна (1949—58).

Літ.:

Piber A. Droga do slawy. Warszawa, 1982.

І.Я.Падарэўскі.

т. 11, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)