ПАДАЛІ́РЫЙ (Iphiclides podalirius, або Papilio podalirius),

дзённы матыль сям. паруснікаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Паўн. Афрыцы. Трапляецца на лясных палянах, у зарасніках цёрну. На Беларусі вельмі рэдкі (адзначаны ў Брэсцкай, Гродзенскай і Магілёўскай абл.). Занесены ў Чырв. кнігу.

Размах крылаў да 8 см. Афарбоўка бледна-жоўтая, на пярэдніх чорныя клінападобныя палосы, заднія з чорна-блакітнай аблямоўкай. Каля асновы задніх крылаў пляма, на канцы хвосцікі даўж. да 20 мм. Дарослыя кормяцца нектарам кветак, вусені — лісцем цёрну, вішні і інш. раслін, пераважна з сям. ружавых. 1—2 пакаленні за год.

Падалірый: 1 — імага; 2 — вусень; 3 — кукалка.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)