Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Браўн Карл Фердынанд

т. 18, кн. 1, с. 354

Браўн Кертыс

т. 18, кн. 1, с. 354

БРА́ЎХІЧ ((Brauchitsch) Вальтэр фон) (4.10.1881, Берлін — 18.10.1948),

ваенны дзеяч Германіі. Ген.-фельдмаршал (1940). У арміі з 1900. Быў афіцэрам Ген. штаба ў 1-ю сусв. вайну. З 1932 ген.-інспектар артылерыі. Камандаваў 1-й ваен. акругай (з 1933) і 1-м армейскім корпусам (з 1935) ва Усх. Прусіі, 4-й армейскай групай (з 1937). У 1938—41 галоўнакаманд. сухап. войскамі вермахта. Кіраваў акупацыяй Аўстрыі (сак 1938) і Чэхаславакіі (сак. 1939), кампаніямі супраць Польшчы, Нарвегіі, Даніі, Францыі, Югаславіі і Грэцыі, СССР у пач. 2-й сусв. вайны. 19.12.1941 пасля правалу ням.-фаш. наступлення на Маскву і з-за рознагалоссяў з Гітлерам звольнены ў адстаўку. У 1945 арыштаваны англічанамі. Памёр у лагеры для ваеннапалонных у Гамбургу.

т. 3, с. 251

БРА́ЎЭР, Броўвер (Brouwer) Адрыян (1605 ці 1606, г. Аўдэнардэ, Бельгія — 1.2.1638), фламандскі жывапісец. Майстар быт. жанру і пейзажа. Прадстаўнік дэмакр. кірунку ў мастацтве фламандскага барока. Вучыўся ў Бруселі. У 1621 пераехаў у Галандыю, з 1631 у Харлеме, у 1631 жыў у Антверпене. Пісаў пераважна сцэны з нар. побыту («Бойка сялян у час гульні ў карты», «Сцэна ў шынку», «Курцы», «Горкі напітак», усе каля 1630—38). Карціны вызначаюцца гратэскавасцю вобразаў, сарказмам, тэмпераментам, манумент. і ўраўнаважанай кампазіцыяй. Сярод пейзажаў: «Дзюны», «Пейзаж з усходам месяца» і інш. Браўэр — адзін з лепшых каларыстаў 17 ст.

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Браўэр. Бойка сялян у час гульні ў карты. 1630-я гады.

т. 3, с. 251

БРАХІ... (ад грэч. брахі... кароткі),

першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае «кароткі», напр., брахікалан, брахікефалія.

т. 3, с. 252

БРАХІАНТЫКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + антыкліналь),

кароткая антыклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку мясц. тэктанічнага ўздымання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахіантыкліналь, нахілены ва ўсе бакі ад цэнтр. часткі яе скляпення, дзе знаходзяцца найб. стараж. пароды.

Брахіантыкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.

т. 3, с. 252

БРАХІ́КАЛАН (ад брахі... + грэч. kōlon радок),

верш або частка верша, напісаная кароткімі радкамі з 1-складовага слова або слоў, у якіх колькасць складоў не выходзіць за межы адной стапы. У бел. паэзіі вельмі рэдкі від верша. Упершыню да яго звярнуўся Я.​Купала («Устань», 1907):

Устань!

Усе, глянь,

Пайшлі...

І вот —

Свабод!

Зямлі!

А ты —

Святы —

Закіс, —

Звёў хлеб,

Аслеп,

Азыс.

т. 3, с. 252

БРАХІСІНКЛІНА́ЛЬ (ад брахі... + сінкліналь),

кароткая сінклінальная складка пластоў горных парод авальнай формы ў плане. Утвараецца ў выніку лакальнага тэктанічнага прагінання. Пласты горных парод, што ўтвараюць брахісінкліналь, з усіх бакоў нахілены да яе цэнтра, дзе знаходзяцца найб. маладыя горныя пароды.

Брахісінкліналь: 1 — план; 2 — разрэзы па лініях АВ і БГ.

т. 3, с. 252

БРАХІСТАХРО́НА (ад грэч. brachistos самы кароткі + chronos час),

крывая самага хуткага спуску. Напр., калі пункты A і B ляжаць не на адной вертыкалі ў полі сілы цяжару, то шарык пры руху ўздоўж брахістахроны за самы кароткі час прыйдзе з пункта A у пункт B. Калі няма сіл супраціўлення, брахістахрона — цыклоіда з гарыз. асновай і пунктам звароту, які супадае з пунктам A. Рашэнне задачы аб брахістахроне (І.​Бернулі, 1696) — зыходны пункт для развіцця варыяцыйнага злічэння.

Да арт. Брахістахрона.

т. 3, с. 252

БРАХІЯПО́ДЫ,

гл. Плечаногія.

т. 3, с. 252