Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАСКА́ЛЯ ЗАВІ́ТКА,

плоская алгебраічная крывая, утвораная зменай радыус-вектара кожнага пункта акружнасці радыуса r на пастаянную даўжыню l; канхоіда гэтай акружнасці. Ураўненне П.з. ў палярнай сістэме каардынат: ρ = 2rcos φ + l. Пры l = 2r П.з. ператвараецца ў кардыёіду. Разгледжана франц. вучоным Э.​Паскалем — бацькам Б.Паскаля.

Паскаля завітка пры l < 2r.

т. 12, с. 162

ПАСКА́ЛЯ ЗАКО́Н,

асноўны закон гідрастатыкі, паводле якога ціск, што аказваюць знешнія сілы на паверхню вадкасці, перадаецца вадкасцю аднолькава па ўсіх напрамках. Адкрыты Б.Паскалем у 1653 (апубл. 1663). На П.з. заснавана дзеянне гідраўлічнага прэса і іншых гідрастатычных машын.

т. 12, с. 163

ПАСКА́ЛЯ ТЭАРЭ́МА,

адна з асн. тэарэм праектыўнай геаметрыі, паводле якой ва ўсякім шасцівугольніку, які ўпісаны ў канічнае сячэнне (эліпс, гіпербалу, парабалу), пункты перасячэння 3 пар процілеглых старон (ці іх прадаўжэнняў) ляжаць на адной прамой, якая наз. прамой Паскаля. Сфармулявана Б.Паскалем (1639) і разам з Брыяншона тэарэмай устанаўлівае важныя праектыўныя ўласцівасці канічных сячэнняў.

Да арт. Паскаля тэарэма: A1A2...A6 — зоркападобны шасцівугольнік, упісаны ў эліпс; PP′ — прамая Паскаля.

т. 12, с. 163

ПАСКАРА́ЛЬНІКІ ЗАРА́ДЖАНЫХ ЧАСЦІ́Ц,

устаноўкі для атрымання зараджаных часціц (электронаў, пратонаў, атамных ядраў, іонаў і інш.) высокіх энергій (больш за 1 МэВ) за кошт іх паскарэння ў эл. полі.

У 1919—32 развіццё П.з.ч. грунтавалася на атрыманні высокіх напружанняў і іх выкарыстанні для паскарэння зараджаных часціц. У 1931 створаны электрастатычны генератар (гл. Ван-дэ-Граафа генератар), у 1932 — каскадны генератар, што дазволіла атрымліваць патокі паскораных часціц з энергіяй да 10 МэВ. У 1931—44 распрацаваны рэзанансныя метады паскарэння часціц, пры якіх паскораныя часціцы шматразова праходзілі паскаральны прамежак і набіралі энергію пры адносна невял. паскаральным напружанні (гл. Цыклатрон). У 1940 пабудаваны цыклічны індукцыйны паскаральнік электронаў — бэтатрон. У 1950-я г. прапанаваны прынцыпы аўтафазіроўкі і моцнай факусіроўкі часціц, у выніку павялічыліся межы дасягальных энергій у цыклічных і лінейных П.З.Ч. Існуюць лінейны паскаральнік даўжынёй больш за 3 км, дзе электроны і пазітроны маюць энергію да 45 ГэВ (г. Станфард. ЗША); цыклічны паскаральнік з даўжынёй арбіты каля 27 км з энергіяй да 103 ГэВ (г. Жэнева, Швейцарыя); тэватрон паскарае пратоны і антыпратоны да энергіі 940 ГэВ (г. Батавія, ЗША). Развіццё паскаральнікаў звязана з павелічэннем энергій паскораных часціц, нарошчваннем іх інтэнсіўнасці (сілы току ў пучку) і працягласці імпульсу паскоранага пучка. Распрацоўваюцца новыя і ўдасканальваюцца метады паскарэння, дзе выкарыстоўваюцца звышправодныя матэрыялы ў магнітах і паскаральных сістэмах. аўтам. кіраванне, паскаральнікі 3 накапляльнымі кольцамі (гл. Паскаральнік з сустрэчнымі пучкамі) і інш. Выкарыстоўваюцца для навук. мэт (нараджэння новых часціц, атрымання штучных нуклідаў, вывучэння ядз. рэакцый, для доследаў у радыебіялогіі, хіміі, фізіцы цвёрдага цела і інш.), а таксама ў металургіі (для дэфектаскапіі), дрэваапр. прам-сці (для хуткай высакаякаснай апрацоўкі вырабаў), харч. прам-сці (для стэрылізацыі прадуктаў), медыцыне (для прамянёвай тэрапіі, «бяскроўнай хірургіі» і інш.). Гл. таксама Фазатрон, Сінхрафазатрон.

Літ.:

Комар Е.Г. Основы ускорительной техники. М., 1975;

Лебедев АН., Шальнов А.В. Основы физики и техники ускорителей. 2 изд. М., 1991.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 12, с. 163

ПАСКАРА́ЛЬНІК З СУСТРЭ́ЧНЫМІ ПУЧКА́МІ, калайдэр,

устаноўка, у якой ажыццяўляюцца сутыкненні сустрэчных пучкоў зараджаных часціц, паскораных эл. полем да высокіх энергій; адзін з паскаральнікаў зараджаных часціц. Ужываюцца паскаральнікі з сустрэчнымі электрон-пазітроннымі, электрон-пратоннымі, пратон-пратоннымі і пратон-антыпратоннымі пучкамі.

Бываюць цыклічныя (найб. пашыраны) і лінейныя. Маюць мішэнь — пучок часціц ад другога паскаральніка ці другі пучок ад гэтага ж паскаральніка; для павелічэння шчыльнасці пучкоў часціц — спец. накапляльныя кольцы, дае назапашваюцца і адна- ці шматразова сутыкаюцца зараджаныя часціцы. Найб, эфектыўна пераўтвараюць энергію паскораных зараджаных часціц у энергію спакою новых элементарных часціц. Напр., існуе паскаральнік, дае электроны (ці пазітроны) з энергіяй 30 ГэВ сутыкаюцца з пратонамі з энергіяй 800 ГэВ, у выніку могуць атрымлівацца часціцы з масай спакою да 300 ГэВ (г Гамбург, Германія).

І.​С.​Сацункевіч.

Да арт. Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі. Схема будовы лінейнага індукцыйнага паскаральніка: 1 — асяродак індуктара; 2 — абмотка ўзбуджэння; 3 — факусавальная шпуля; 4 — напрамак інжэкцыі паскораных электронаў.
Да арт. Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі: 1 — схема электрон-пазітроннага паскаральніка (HERA — вакуумны тунэль; PETRA — інжэктар электронаў); 2 — знешні выгляд элементаў магнітнага ланцуга паскаральніка (адхіляльныя магніты — белы колер, факусавальныя — блакітны).

т. 12, с. 163

ПАСКАРЭ́ННЕ,

фізічная велічыня, якая характарызуе хуткасць змены вектара скорасці матэрыяльнага пунктаў (часціцы). Выражаецца формулай a = lim Δt 0 Δv Δt = dv dt , дзе Δv — прырашчэнне скорасці v за малы прамежак часу Δt. Паводле другога закону Ньютана (гл. Ньютана законы механікі) П. прапарцыянальнае геам. суме F усіх сіл, што дзейнічаюць на часціцу: a = F / m , дзе m — маса часціцы. Пры крывалінейным руху П. часціцы складаецца з нармальнага паскарэння an тангенцыяльнага паскарэння aτ, прычым модуль П. a = an2 + aτ2 . Адзінка П. ў СІ — метр на секунду ў квадраце.

т. 12, с. 163

ПАСКАРЭ́ННЕ СВАБО́ДНАГА ПАДЗЕ́ННЯ, паскарэнне сілы цяжару,

паскарэнне, з якім рухаўся б цэнтр цяжару кожнага цела пры падзенні яго на Зямлю з невял. вышыні ў беспаветранай прасторы. Як і сіла цяжару, П.с.п. залежыць ад геагр. шыраты месца і вышыні яго над узроўнем мора. Спосабы вымярэння П.с.п. вывучаюцца ў гравіметрыі. На шыраце Мінска П.с.п. g = 9,8135 м/с2, на шыраце С.-Пецярбурга g = 9,8193 м/с2.

т. 12, с. 164

ПА́СКВІЛЬ (ням. Pasquill ад італьян. pasquillo),

твор, што змяшчае адкрыта паклёпніцкія нападкі і абвінавачванні, з мэтай скампраметаваць чалавека, групу людзей, грамадскі рух, мастацкі кірунак і г.д. Стылістычна імітуе форму літ. жанру, але не з’яўляецца ім; разглядаецца як маральна-ідэалагічная катэгорыя. Часта форму П. прымае твор, які першапачаткова задумваўся як памфлет.

Назва «П.» паходзіць ад імя рым. башмачніка 15 ст. Пасквіна (Pasquino), аўтара з’едлівых і абразлівых эпіграм на высокапастаўленых асоб. У 1501 непадалёку ад яго дома была ўстаноўлена антычная скульптура, на якую вывешвалі злабадзённыя вершы, падобныя на тыя, якія пісаў Пасквіна (статуя атрымала назву pasguillo — маленькі Пасквіна). Сатыр. радкі, што вывешвалі на статую, пазней выдадзены пад назвай П. З цягам часу значэнне тэрміна «П.» трансфармавалася і набыло сучаснае адценне: злоснае і наўмыснае абвінавачванне.

У зах.-еўрап. л-ры прыкладам П. з’яўляецца кн. В.​Менцэля «Нямецкая літаратура» (1827), у якой змешчаны паклёпніцкія выпады супраць Ф.​Шылера, І.​В.​Гётэ, «амаральнай» франц. л-ры таго часу і г.д. У рус. л-ры пасквільны твор — кн. М.​А.​Корфа «Уступленне на прастол імператара Мікалая I» (1848), скіраваная супраць дзекабрыстаў. У залежнасці ад гіст., паліт. і ідэалаг. умоў вызначэнне П. мянялася (напр., у сав. перыяд пасквільнымі лічыліся некат. творы М.​Ляскова, В.​Мандэльштама, А.​Салжаніцына і інш.).

У бел. л-ры пасквільнымі былі «Цені на сонцы» А.​Александровіча, некат. артыкулы С.​Будзінскага, М.​Клімковіча, А.​Кучара, выступленні Л.​Бэндэ супраць Я.​Купалы і Я.​Коласа. У паэт. форме П. звычайна бытуюць ананімна.

А.​М.​Андрэеў, М.​М.​Барсток.

т. 12, с. 164

ПАСКЕ́ВІЧ (Іван Фёдаравіч) (19.5Л782, г. Палтава, Украіна — 1.2Л856),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Граф Эрыванскі (1828), святлейшы кн. Варшаўскі (1831), ген.-фельдмаршал (1829). Яго маці Г.​В.​Карабаноўская паходзіла са стараж. шляхецкага роду Магілёўшчыны. Скончыў Пажскі корпус (1800). У рас.-тур. вайну 1806—12 камандаваў у 1810—11 Віцебскім пяхотным палком. Са студз. 1812 нач. 26-й пяхотнай дывізіі. У вайну 1812 вызначыўся ў баях пад Салтанаўкай (каля Магілёва, 23 ліп.), Смаленскам (16—18 жн.), Барадзіном (7 вер.), Малаяраслаўцам (24 кастр.) і інш. Удзельнік замежных паходаў рускай арміі 1813—14. У 1821—25 нач. 1-й гвардз. дывізіі, з 1825 камандзір 1-га пяхотнага корпуса. У гэты перыяд зблізіўся з будучым імператарам Мікалаем I, які служыў пад яго камандаваннем. З 1826 камандуючы рас. войскамі ў Закаўказзі, з 1827 намеснік на Каўказе. У час. рас.-іранскай 1826—28 і рас.-тур. 1828—29 войнаў кіраваў войскамі пры ўзяцці крэпасцей Эрывань (Ерэван), Карс, Эрзурум. З чэрв. 1831 камандаваў рас. войскамі пры задушэнні паўстання 1830—31, 7.9.1831 штурмам авалодаў Варшавай. У 1832—56 намеснік цара ў Каралеўстве Польскім, дзе жорстка праводзіў вялікадзярж. палітыку. Камандаваў рас. войскамі пры задушэнні рэвалюцыі 1848—49 у Венгрыі. У Крымскую вайну 1853—56 камандаваў рас. войскамі на зах. межах і (1853—54) на Дунаі. У маі 1854 пацярпеў няўдачу каля Сілістры (Балгарыя) і выехаў у Гомель, якім валодаў з сярэдзіны 1830-х г., потым у Варшаву. Пры П. атрымаў далейшае развіццё Гомельскі палацава-паркавы ансамбль.

Літ.:

Борисенок Ю. Хозяин мятежного края: Штрихи к образу фельдмаршала Паскевича // Родина, 1994. № 12;

Памяць: Гіст. дак. хроніка Гомеля. Мн., 1998. Кн. 1. С. 152—162;

Виноградов В.Н. Венгерский поход И.​Ф.​Паскевича 1849 г.: легенда и действительность // Новая и новейшая история. 2000. № 3.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 12, с. 164

ПАСЛА́ННЕ,

жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.​Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.​Чачота, «Уставайма, братцы» В.​Каратынскага, «Не цурайся» Ф.​Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.​Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял. Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 164