ПА́СКВІЛЬ (ням. Pasquill ад італьян. pasquillo),
твор, што змяшчае адкрыта паклёпніцкія нападкі і абвінавачванні, з мэтай скампраметаваць чалавека, групу людзей, грамадскі рух, мастацкі кірунак і г.д. Стылістычна імітуе форму літ. жанру, але не з’яўляецца ім; разглядаецца як маральна-ідэалагічная катэгорыя. Часта форму П. прымае твор, які першапачаткова задумваўся як памфлет.
Назва «П.» паходзіць ад імя рым. башмачніка 15 ст. Пасквіна (Pasquino), аўтара з’едлівых і абразлівых эпіграм на высокапастаўленых асоб. У 1501 непадалёку ад яго дома была ўстаноўлена антычная скульптура, на якую вывешвалі злабадзённыя вершы, падобныя на тыя, якія пісаў Пасквіна (статуя атрымала назву pasguillo — маленькі Пасквіна). Сатыр. радкі, што вывешвалі на статую, пазней выдадзены пад назвай П. З цягам часу значэнне тэрміна «П.» трансфармавалася і набыло сучаснае адценне: злоснае і наўмыснае абвінавачванне.
У зах.-еўрап. л-ры прыкладам П. з’яўляецца кн. В.Менцэля «Нямецкая літаратура» (1827), у якой змешчаны паклёпніцкія выпады супраць Ф.Шылера, І.В.Гётэ, «амаральнай» франц. л-ры таго часу і г.д. У рус. л-ры пасквільны твор — кн. М.А.Корфа «Уступленне на прастол імператара Мікалая I» (1848), скіраваная супраць дзекабрыстаў. У залежнасці ад гіст., паліт. і ідэалаг. умоў вызначэнне П. мянялася (напр., у сав. перыяд пасквільнымі лічыліся некат. творы М.Ляскова, В.Мандэльштама, А.Салжаніцына і інш.).
У бел. л-ры пасквільнымі былі «Цені на сонцы» А.Александровіча, некат. артыкулы С.Будзінскага, М.Клімковіча, А.Кучара, выступленні Л.Бэндэ супраць Я.Купалы і Я.Коласа. У паэт. форме П. звычайна бытуюць ананімна.
А.М.Андрэеў, М.М.Барсток.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)