ПАСЛА́ННЕ,
жанр эпісталярнай літаратуры; медытацыя, напісаная ў форме звароту да пэўнай асобы ці некалькіх асоб, нярэдка маналагічная прамова-развага або адкрыты ліст да каго-небудзь. Вытокі бел. П. — у творах эпохі Адраджэння і барока: вершаваныя і празаічныя П.-прысвячэнні Міколы Гусоўскага, лісты С.Рысінскага, «Ліст да Абуховіча», некаторыя творы палемічнай літаратуры і інш. З 19 ст. стала амаль выключна здабыткам паэзіі («Да мілых мужычкоў» Я.Чачота, «Уставайма, братцы» В.Каратынскага, «Не цурайся» Ф.Багушэвіча). У пач. 20 ст. пашырылася тэматыка П. (гучалі сац. і нац.-вызв. матывы, грамадз. пафас), удасканалілася маст. форма. Да П. часта звяртаўся Я.Купала, у творчасці якога прадстаўлены ўсе яго разнавіднасці: сац.-паліт. («Апекунам»), грамадз.-патрыят. («Беларускім партызанам»), літ. («Прывет, вам...»), сатыр. («Слугам алтарным»), інтымна-лірычныя («Да дзяўчынкі»), П.-інвектывы («Гэй, капайце, далакопы») і г.д. У Вял. Айч. вайну з’явіліся экспрэсіўныя, высокапаэт. П. да воінаў-франтавікоў, бел. партызан, роднай краіны, асобных народаў, гарадоў-герояў, сваякоў і сяброў і інш. Жанр П. займае важнае месца і ў сучаснай паэзіі. Яму ўласцівы патрыят. запал, спалучэнне інтымных матываў з грамадзянскімі.
В.П.Рагойша.
т. 12, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)