Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВАРЫКО́ЗНАЕ РАСШЫРЭ́ННЕ ВЕН,

хвароба, пры якой нераўнамерна павялічваецца прасвет вен з утварэннем выпучванняў у вобласці стончанай вянознай сценкі і вузлападобнай звілістасці іх. Праяўляецца функцыян. недастатковасцю клапанаў вен і парушэннем крывацёку. Найчасцей пашкоджвае вены ног, прамой кішкі (гл. Гемарой), семявы канацік (гл. Варыкацэле), падслізісты слой стрававода. Адрозніваюць першаснае (не звязанае з захворваннямі) і другаснае (пасля трамбозу, аплазіі і дысплазіі глыбокіх вен, цяжарнасці і інш.).

Першаснае варыкознае расшырэнне вен у 50% хворых развіваецца ў асоб 20—50-гадовага ўзросту (найчасцей у жанчын) ад прыроджанай непаўнацэннасці клапанаў вен, слабасці сценак вен, пры пашкоджанні іх нерв. апарату, таксіка-інфекц. фактары і інш. Прыкметы: нязначнае расшырэнне вен на галёнцы ці сцягне, хуткая стамляльнасць, боль у нагах, пачуццё цяжару, сверб і цяпло скуры, ацёкі. Ускладненні: тромбафлебіт, трафічныя язвы. Пры невялікім варыкозным расшырэнні вен на нагах рэкамендуюцца эластычныя панчохі і бінты, лек. прэпараты і фізіятэрапія, пры значным — хірург. лячэнне.

А.У.Руцкі.

т. 4, с. 19

ВАРЫКО́НД

[англ. varicond ад vari(able) пераменны + cond(enser) кандэнсатар],

сегнетакерамічны кандэнсатар з рэзка выяўленай нелінейнай залежнасцю ёмістасці ад прыкладзенага напружання або тэмпературы (тэрмакандэнсатары). Бываюць дыскавыя, пласціністыя і плёначныя. Выкарыстоўваюцца ў параметрычных стабілізатарах току і напружання, узмацняльніках магутнасці і напружання і інш. Гл. таксама Варыкап.

т. 4, с. 19

ВАРЫ́НСКІ

(Warnski) Людвік Тадэвуш (24.9.1856, в. Мартынаўка Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 13.2.1889),

дзеяч польск. і рас. рэв. руху. За ўдзел у выступленнях студэнтаў выключаны з Пецярбургскага тэхнал. ін-та (ліст. 1875). З восені 1876 вёў рэв. прапаганду ў Варшаве. Адзін з аўтараў першага праграмнага дакумента польск. сацыяліст. руху «Брусельская праграма» (1878). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў польск. партыі «Пралетарыят» (1882). У 1883 арыштаваны, засуджаны на 16 гадоў катаргі. Памёр у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 4, с. 19

ВАРЫ́СТАР

[англ. varistor ад vari(able) пераменны + (resi)stor супраціўленне],

паўправадніковы рэзістар, супраціўленне якога залежыць ад прыкладзенага напружання. Паводле канструкцыі бывае ў выглядзе дыска, таблеткі, стрыжня, пацеркі і інш. Выкарыстоўваецца ў прыладах для стабілізацыі і рэгулявання напружання і току, эл. аховы, мадулятарах і памнажальніках частаты і інш.

т. 4, с. 20

ВАРЫЎНЯ́,

стопка, істопка, тып гасп. пабудовы на Беларусі для захоўвання агародніны, садавіны, малака, часам і гасп. прылад. Вядома з 17 ст. Звычайна зрубная прамавугольная ў плане пабудова, накрытая 2- або 4-схільным дахам з драніцы ці саломы, з вокнамі без шкла, што зачыняліся драўлянымі засаўкамі (будавалі варыўню і без вокнаў); часам мела ўнутраныя выгарадкі, засекі. Ацяплялі варыўню курной печчу або гарачым вуголлем. У 19 — пач. 20 ст. на ПдЗ Беларусі варыўню часам прыбудоўвалі да сянец. У фальварках 17 — пач. 20 ст. існавалі шматкамерныя варыўні, якія мелі сенцы, каморы і інш. памяшканні (г. Давыд-Гарадок Столінскага, вёскі Дубае Пінскага, Урэчча Любанскага р-наў і інш.).

т. 4, с. 20

ВАРЫЯ́НТ

[франц. variante ад лац. varians (variantis) які змяняецца],

1) відазмяненне, разнавіднасць; адна з магчымых камбінацый чаго-небудзь.

2) Адна з некалькіх рэдакцый якога-н. твора (літаратурнага, музычнага і да т.п.) або афіц. дакумента; відазмяненне якой-н. часткі твора (дакумента).

т. 4, с. 20

ВАРЫЯ́ТАР,

прыстасаванне для плаўнай змены вуглавых скарасцей звёнаў прывода і выканаўчага механізма. Асн. частка варыятара — бесступеньчатая перадача (адна або некалькі).

Варыятар забяспечвае аптымальную скорасць машыны або механізма пры розных умовах эксплуатацыі. Бываюць фрыкцыйныя (выкарыстоўваюць трэнне) і гідраўлічныя. Пашыраны ў машынах і механізмах хім., папяровай, тэкст. прам-сці, на транспарце (напр., на эскалатарах метрапалітэна ўзгадняюць скорасць руху поручняў і ступеняў).

т. 4, с. 20

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,

раздзел матэматыкі, які вывучае тэорыю экстрэмуму (найбольшых ці найменшых значэнняў) функцыяналаў, залежных ад адной ці некалькіх функцый, падпарадкаваных пэўным абмежаванням. Узнікла ў 18 ст. на аснове прац. Л.Эйлера і Ж.Лагранжа як развіццё метадаў рашэння экстрэмальных задач механікі і фізікі. Першымі былі задачы аб брахістахроне, паверхнях вярчэння, знаходжанні геадэзічнай лініі і ізаперыметрычная задача (напр., знаходжанне замкнёнай плоскай лініі зададзенай даўжыні, якая абмяжоўвае найб. плошчу).

Варыяцыйнае злічэнне грунтуецца на паняцці варыяцыі (абагульненне паняцця дыферэнцыяла на выпадак функцыяналаў; адсюль назва). Гал. пытанні даследаванняў класічнага варыяцыйнага злічэння — умовы існавання і метады знаходжання экстрэмальных функцый, а таксама неабходныя і дастатковыя ўмовы, якія яны павінны задавальняць. Значны ўклад у распрацоўку і развіццё варыяцыйнага злічэння зрабілі А.Лежандр, К.Веерштрас, Д.Гільберт, ням. матэматыкі К.Якобі, К.Каратэадоры і інш. Абагульненнем задач класічнага варыяцыйнага злічэння з’яўляюцца задачы аптымальнага кіравання, даследаванні якіх пачаліся ў 1950-я г. (Л.С.Пантрагін, Р.В.Гамкрэлідзе, У.Р.Балцянскі), на Беларусі вядуцца з 1960-х г. (Р.Габасаў і Ф.М.Кірылава).

Літ.:

Лаврентьев М.А., Люстерник Л.А. Курс вариационного исчисления. 2 изд. М.; Л., 1950;

Янг Л. Лекции по вариационному исчислению и теории оптимального управления: Пер. с англ. М., 1974.

В.В.Гарохавік.

т. 4, с. 20

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ СТАТЫ́СТЫКА,

раздзел матэматычнай статыстыкі, вывучае ўласцівасці сукупнасцей аб’ектаў, у якіх паказчык прыкметы, што даследуецца, мяняецца (вар’іруе) ад аб’екта да аб’екта.

т. 4, с. 20

ВАРЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФО́РМА,

варыяцыі, музычная форма, якая складаецца з тэмы (зрэдку дзвюх, трох тэм) і яе відазмененых паўтораў (варыяцый). Асн. тэма можа быць арыгінальная ці запазычаная. У варыяцыйнай форме можа быць напісаны самаст. твор, частка цыкла або раздзел буйнога муз. твора (сімфоніі, канцэрта, сюіты, санаты, квартэта), а таксама оперы, балета.

Вытокі варыяцыйнай формы ў нар. песеннай і танц. творчасці. У прафес. музыцы яна выпрацоўвалася ў розных поліфанічных жанрах (І.С.Бах, Г.Ф.Гендэль, Г.Ф.Тэлеман). У 17 ст. ў зах.-еўрап. музыцы ўзнікла варыяцыйная форма на баса астыната. У 2-й пал. 18 ст. склалася строгая (класічная) варыяцыйная форма з захаваннем у варыяцыях памераў, гармоніі, танальнасці, тэмпу, метра, тэмы (І.Гайдн, В.А.Моцарт, Л.Бетховен). У 19 ст. ў творчасці кампазітараў-рамантыкаў (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон) з’явілася свабодная варыяцыйная форма, дзе ўсе сродкі выразнасці тэмы могуць вольна вар’іравацца нават да яе жанравых змен. У рус. музыцы 19 ст. найб. пашырана варыяцыйная форма на нязменную мелодыю — сапрана астыната (т.зв. глінкаўскія варыяцыі).

У бел. музыцы ў варыяцыйнай форме напісаны самаст. творы (фп. варыяцыі Л.Абеліёвіча, Г.Вагнера, У.Алоўнікава, Р.Суруса, Э.Тырманд, М.Васючкова; аркестравыя («З беларускага эпасу» Л.Захлеўнага) і часткі цыклічных твораў (у сімфоніі «Беларусь» В.Залатарова, сімфаньеце М.Аладава, фп. трыо А.Багатырова), эпізоды з балетаў «Альпійская балада» і «Выбранніца» Я.Глебава і інш.

Літ.:

Протопопов В. Вариационные процессы в музыкальной форме. М., 1967;

Цуккерман В. Анализ музыкальных произведений. Вариационная форма. 2 изд. М., 1987.

Э.А.Алейнікава.

т. 4, с. 20